Блогер NEXTA адказаў Следчаму камітэту


Аўтар Тэлеграм-каналу «Nexta» Сцяпан Святлоў. Фота – Дзяніс Дзюба

Блогер Сцяпан Святлоў, які вядзе Тэлеграм-канал «Nexta», у каментары «Белсату» адказаў на заўвагу прадстаўнікоў Следчага камітэту.

«Незразумела пра якія каналы вядзецца гаворка, бо, ў нашым, напрыклад, ні разу не пісалася нічога пра «вобласць пахвіны». Нягледзячы нават на тое, што такія версіі ўзмоцнена злівалі, – заявіў блогер. – Па-другое, інфармацыя пра «Волгу», ромаў і здымак з месца трагедыі былі атрыманыя з розных, незалежных адна ад другой, крыніцаў».

«А вось на пытанне пра зашпіленыя кайданкі СК гэтак і не адказаў. Якім чынам яны былі зашпіленыя і навошта? Навошта трэба было спальваць штаны?», – пытаецца блогер у сваім канале.

Закід у бок «некаторых Telegram-каналаў» СК зрабіў 20 траўня пасля прэсавай канферэнцыі па справе загінулага інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча.

«Мужчына не меў ніякіх раненняў у вобласці пахвіны: кроў на ніжнім бялізну апынулася там з-за паставы. Адзінае зафіксаванае цялеснае пашкоджанне – агнястрэльнае раненне ў галаву. Інфармацыя, якая распаўсюджваецца на асобных Telegram-каналах, з’яўляецца недакладнай. Дрэнная якасць і ракурс фота дазваляюць раскручваць гэтую «версію», бо іх аўтары разумеюць, што здымак буйным планам не будзе апублікаваны па этычных меркаваннях», – дадаюць следчыя.

Кадр з відэпрэзентацыі СК па справе Яўгена Патаповіча на брыфінгу ў Менску 20 траўня 2019 года

Тэлеграм-канал «Nexta» быў першым, хто паведаміў пра знікненне, а пазней – смерць міліцыянта на Магілёўшчыне. На апублікаваным блогерам здымку бачна, што загінулы міліцыянт быў без штаноў, а майткі былі ў крыві.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў