Беларуская цывілізацыя, якой не хапае ў Беларусі. Адбылася прэзентацыя кнігі Змітра Саўкі


У Менску 14 траўня адбылася прэзентацыя кнігі «Беларуская цывілізацыя ў Амерыцы» і вечарына памяці яе аўтара, легендарнага мовазнаўцы Змітра Саўкі. Кніга прысвечаная адной з найбуйнейшых эмігранцкіх арганізацыяў беларусаў – Беларуска-амерыканскаму задзіночанню (БАЗА).

Зміцер Саўка пайшоў з жыцця 9 красавіка 2016 года. Кніга была выдадзеная пасмяротна сёлета ў красавіку ў «Бібліятэцы Бацькаўшчыны».

Падчас імпрэзы, што адбылася 14 траўня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, сябры і знаёмыя Змітра Саўкі дзяліліся ўспамінамі пра яго.

Мастак Артур Клінаў, які быў адным з самых блізкіх сябраў Саўкі , прыгадвае, што будучы легендарны мовазнаўца вучыўся ў школе добра, але з пункту гледжання ідэалогіі не быў узорным савецкім школьнікам – размаўляў па-беларуску і меў выразныя антыкамуністычныя погляды. Удзельнічаў у моладзевым грамадскім аб’яднанні «Беларуская майстроўня».

Артур Клінаў. Фота – Арцём Лява, belsat.eu

«У нас былі розныя «рэвалюцыйныя» справы: мы і лістоўкі антысавецкія друкавалі, і перапісвалі розныя небяспечныя кніжкі. Калі ў Польшчы абвесцілі ваеннае становішча ў 1981 годзе, то мы прыйшлі ў школу ў чорных павязках – такім чынам мы хацелі падкрэсліць, што гэта дзень жалобы», – распавёў Клінаў.

Зміцер Саўка скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, выкладаў у Менскім дзяржаўным інстытуце замежных моваў. У 1998 годзе на запрашэнне вядомага лінгвіста Лявона Юрэвіча Саўка паехаў у Нью-Ёрк, дзе актыўна прымаў удзел у беларускім культурным жыцці. У выніку атрымаў прапанову ад БАЗА напісаць кнігу да юбілею арганізацыі. Саўка працаваў з архівамі, ездзіў па беларускіх асяродках, запісваў успаміны. З гэтага і паўстала кніга «Беларуская цывілізацыя ў Амерыцы». Праца складаецца з дзвюх частак: першая – гэта ўласна гісторыі БАЗА, другая – успаміны беларускіх эмігрантаў.

Фота – Арцём Лява, belsat.eu

Беларуска-амерыканскае задзіночанне, якому прысвечаная кніга, было заснаванае ў 1949 годзе ў Нью-Ёрку прадстаўнікамі паваеннай эміграцыі.

«У часы, калі існавала «жалезная заслона», беларусы ў эміграцыі з надзеямі глядзелі на Беларусь – верылі, што яна стане дэмакратычнай і незалежнай. Але разам з тым яны вельмі актыўна працавалі дзеля гэтага. Яны захоўвалі нашу культуру і мову, шмат чым узбагацілі яе. БАЗА працягвае дзейнасць і цяпер, да яе далучаецца моладзь, новыя эмігранты. Таму спадзяюся, што знойдуцца людзі, якія працягнуць гэты летапіс», – адзначыла кіраўніца Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская.

Алена Макоўская. Фота – Арцём Лява, belsat.eu
На прэзентацыі. Фота – Арцём Лява, belsat.eu

Дарэчы, паездка ў ЗША стала фармальнай падставаю для звальнення Саўкі з інстытуту: яго абвінавацілі з прагулах, хаця ніводнага занятку ён насамрэч не прапусціў. Пасля вяртання ў Беларусь мовазнаўца ўжо больш не хацеў працаваць у дзяржаўных установах. Спачатку быў стыльрэдактарам на радыё «Рацыя», а потым стаў стваральнікам і кіраўніком моўнай службы «Белсату».

Намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі ўспамінае, што Саўка адразу пагадзіўся далучыцца да нашага тэлеканалу і ўкладаў у гэтую працу ўсе сілы.

«На працу Змітра нельга было глядзець без захаплення», – кажа ён.

Аляксей Дзікавіцкі. Фота – Арцём Лява, belsat.eu

Дзікавіцкі адзначыў, што цяпер, акрамя моўных стандартаў наркамаўкі і тарашкевіцы, у беларусаў есць яшчэ і саўкаўка – менавіта ягонай моўнай спадчынай цяпер карыстаецца «Белсат».

«Кожны дзень гэтую мову слухаюць каля мільёна чалавек. Мне падаецца, што такая спадчына – гэта вельмі важная справа. Гэта спадчына, якой кожны мог бы пазайздросціць», – канстатуе Дзікавіцкі.

Сябры Саўкі кажуць, што ён быў сапраўдным «моўным фанатам», вельмі зацятым у адстойванні сваёй рацыі. Моўніца «Белсату» Настасся Вікулава – вучаніца і паслядоўніца Саўкі – распавяла, што ў сваёй працы ён быў перфекцыяністам.

«Калі ад журналістаў прыходзілі тэксты з беларускім прозвішчам, якое невядома як прачытаць, то Зміцер проста адкрываў тэлефонны даведнік, знаходзіў чалавека з аналагічным прозвішчам, званіў і пытаў, як правільна пісаць прозвішча, куды ставіць націск. А аднойчы, калі ён быў у гатэлі ў Вільні і патрэбна было высветліць, як пісаць літоўскае прозвішча, то хадзіў пытаць дзеўчыну на рэцэпцыю», – распавядае яна.

Фота – Арцём Лява, belsat.eu

Вікулава лічыць, што кніга «Беларуская цывілізацыя ў Амерыцы» – асаблівая. З аднаго боку, тут ёсць усе, што мусіць быць у сур’ёзным дакументальным даследаванні. Але з іншага боку, кніга прасякнутая эмоцыямі. Вікулава кажа, што гэта ў пэўным сэнсе «паэма».

Моўніца адзначае, што гэта кніга пра моцных і мэтанакіраваных асобаў, якія шмат рабілі для беларушчыны. Калі чытаеш, напрыклад, пра буйныя беларускія фестывалі, што ладзіліся ў Амерыцы, то разумееш, наколькі энергіі гэтых людзей не хапае ў Беларусі.

«Я думаю, тое, што гэтыя людзі там зрабілі, гэта сапраўды беларуская цывілізацыя, і вельмі б хацелася сюды гэтую цывілізацыю перанесці, бо яе ў Беларусі не хапае», – разважае Вікулава.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў