Улады Беларусі звярнуліся да ўраду Расеі з просьбаю вылучыць $ 600 млн на рэфінансаванне доўгу.
Пра гэта заявіў міністр фінансаў Максім Ермаловіч.
«Гаворка ў нашых дамоўленасцях ішла пра рэфінансаванне ўсёй сумы плацяжоў па крэдытах ураду РФ у 2019 годзе. Аб’ём гэтых плацяжоў складае $ 600 млн», – сказаў Максім Ермаловіч.
Ермаловіч дадаў, што праект узгаднення падрыхтавалі, аднак канчатковая пастанова на ўзроўні ўраду Расейскай Федэрацыі не прынятая.
Эканаміст Дзмітрый Крук у каментары belsat.eu адзначае: дзіўна, што Беларусь просіць грошы менавіта ў Расеі.
«Тое, што просяць у Расеі, досыць нечакана. На пачатку года ішла гаворка, што, хутчэй за ўсё, гэтае рэфінансаванне будзе з боку Кітаю.
Наколькі я разумею, прыпынілася праца над размяшчэннем бондаў у Кітаі. А тое, што яны звяртаюцца па крэдыт, было запланаванае і анансаванае, што рэфінансаваць будуць прыблізна 60-70 % ад таго, што мы вінныя. Таму галоўнае тут – пытанне крыніцы».
Паводле расейскага ўраду, абʼём крэдытавання Беларусі складае каля $ 6,5 млрд без уліку крэдытаў на будаўніцтва Астравецкай АЭС.
У канцы 2018 года ў размове з Belsat.eu былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч казаў пра тое, што з дапамогаю рэфінансавання даўгоў Беларусь зможа захаваць стабільнасць на валютавым рынку.
«Калі крэдыты нам дадуць, тая ж Расея, і мы новымі крэдытамі пагасім старыя, дык курс у нас можа быць стабільны. А калі цяжкасці ўзнікнуць у сувязі з тымі праблемамі, якія ў нас наспяваюць з Расеяй, і Расея нас не прафінансуе, не дасць новых крэдытаў для пагашэння мінулых, то тады магчымае значнае абясцэньванне нацыянальнай валюты», – заявіў ён.
Агульная сума плацяжоў дзяржаўнага доўгу Беларусі сёлета складае больш за 8,5 мільярдаў рублёў, траціна з іх – унутраны доўг, яшчэ траціна – крэдыты Расеі. Амаль 1,5 мільярда рублёў Беларусь мае сёлета вярнуць Кітаю, яшчэ мільярд – Еўразійскаму банку стабілізацыі і развіцця, падкантрольнаму Расеі. Рэшта – крэдыты вонкавых фінансавых рынкаў, сусветнага банку ды іншыя.