«Бегчы ў абменнікі няма з чым». Чаму беларусы не стаяць у чэргах па валюту?


Ці знікае з абменнікаў валюта? Якія курсы? Ці рэальна зняць уклады, зробленыя ў еўрах або доларах? Журналісты Belsat.eu прайшліся па абменніках у Горадні ды паразмаўлялі з экспертам.

Нафта таннее, межы закрываюцца, доллар і еўра ў Беларусі даражэе. А ўчора, 19 сакавіка, некалькі банкаў аб’явілі пра абмежаванні аб продажы валюты і сняцця яе ў банкаматах. Што праўда, Нацбанк гэта зняпраўдзіў, але абмежаванні ўсе ж такі ёсць, на вялікі сумы (у залежнасці ад банку) просяць замаўляць валюту загадзя.

Hавiны
«Замаўляйце на 25 сакавіка». Банкі абмежавалі продаж валюты
2020.03.19 09:11

Удзень 20 сакавіка наяўнасць валюты ў абменніках Горадні размеркавалася прыкладна 50 на 50. Набыць долары і еўра можна ў кожным другім абменніке. Курсы ўражваюць: доллар прадаюць насельніцтву па 2,66-2,75 руб., а прымаюць па 2,5-2,6 руб.

У якасці эксперыменту мы набылі 20 долараў у аддзяленні «Ideabank» ды знялі 20 еўра з валютнай карткі ў тым жа аддзяленні. Усё атрымалася без аніякіх праблемаў і чэргаў. А вось у аддзяленнях «Белінвестбанку» ды банку «Решение» долараў не аказалася.

«У нас можна, але наадварот: мы ў вас можам купіць долары», – упэўнена адказала касірка «Белінвестбанку» на пытанне, ці можна набыць долары.

Каля некалькіх аддзяленняў удалося заўважыць, як людзі мяняюць долары міжсобку, відаць, па нейкім дамоўленым курсе (адразу нагадаем, што гэта незаконна!). Разам з тым, ажыятажу пакуль не назіраецца.

Курсы на 20.03.2020 у гарадзенскіх абменніках.
Фота: Belsat.eu

«Зняць грошы з доўгатэрміновых рублёвых дэпазітаў не так проста»

Што будзе з курсамі і валютай мы распыталі старэйшага аналітыка «Alpari» Вадзіма Іосуба. Паводле эканаміста, у насельніцтва наўпрост няма крытычнай колькасці беларускіх грошаў на руках, каб бегчы ў абменнікі ды скупаць валюту там, дзе яна ёсць.

«Глядзіце, шмат у каго ёсць наяўныя беларускія грошы, але гэта – рэшткі ад папярэдняга заробку, – тлумачыць спадар Іосуб. – Няма сэнсу бегчы ў абменнік, бо ўсё гэта «з’есць» камуналка або бягучыя патрэбы на тую ж ежу. З цяжкасцю ўяўляю сабе людзей з вялікай колькасцю беларускіх грошаў на руках або на картцы. Больш значныя сумы ў рублях трымаюць на дэпазітах, але большасць з іх доўгатэрміновыя ды без магчымасці адклікання».

Курсы на 20.03.2020 у гарадзенскіх абменніках.
Фота: Belsat.eu

Паводле эканаміста, сітуацыя кардынальна змянілася ў параўнанні з 2011-м ці 2014-м годам, бо ўвосень 2016-га былі прынятыя змены датычна здымання грошаў з дэпазітаў.

«Раней рублёвыя дэпазіты прадугледжвалі магчымасць зняць грошы датэрмінова, зараз – не. Таму, як толькі пачыналася паніка, людзі тэрмінова здымалі рублі ды мянялі на замежную валюту. Зараз такой магчымасці наўпрост няма, таму і бегчы ў абменнікі няма з чым», – кажа эксперт.

Hавiны
Эксперт: У гэтым годзе дэфолту не будзе
2020.03.20 14:15

«Праз каранцін і вірус ламаецца лагістыка»

Але ці магчымыя чэргі па валюту і яе дэфіцыт у бліжэйшай будучыні? Паводле Іосуба, сёлета склалася прынцыпова іншая сітуацыя, якую нельга параўноўваць з 2011-м годам. Тады, маўляў, валюты не было ані ў дзяржавы, ані ў банкаў. Зараз жа праблемы з ліквіднасцю валюты няма, а ёсць часткова – з банкнотамі.

«Безнаяўныя долары ёсць, праблема склалася адно з лагістыкай, то бок са спосабамі дастаўкі, – працягвае аналітык. – Ёсць жа цэлыя кампаніі, якія займаюцца дастаўкай банкнотаў, калі кліент хоча мець наяўныя. Зараз жа праз каранцін і вірус ламаецца лагістыка. Мяркую, што гэта часовыя цяжкасці. Трэба, каб наладзілася лагістыка ды транспартыроўка долараў».

Вадзім Іосуб таксама ўзгадвае прыклад Украіны, дзе праблемы з наяўнымі доларамі з’явіліся нават раней, на пачатку тыдня. І звязана гэта не з эканамічнымі праблемамі дзяржавы, не з тым, што эканоміка там рухнула, а з тымі ж лагістычнымі момантамі ды нязручнасцямі дастаўкі банкнотаў.

АК фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў