«Замаўляйце на 25 сакавіка». Банкі абмежавалі продаж валюты


Адразу ў некалькіх банках крыніцы Belsat.eu пацвердзілі, што ад 19 сакавіка ўводзяцца абмежаванні на продаж валюты.

Пра абмежаванні продажу валюты насельніцтву ад 19 сакавіка belsat.eu паведамілі крыніцы з банкаўскай сферы. Як распавяла напярэдадні нашаму карэспандэнту працаўніца аднаго з беларускіх банкаў, пачынаючы з чацвярга продаж валюты будзе ажыццяўляцца толькі з абароту: то бок, купіць можна будзе толькі тую валюту, якую ад 19 сакавіка ў здадуць самі грамадзяне.

Паводле яе, касірам аддзяленняў дадзены загад адмаўляць кліентам у продажы долараў, калі паступлення валюты ад грамадзянаў не будзе. Пры гэтым абмежаванні на продаж валюты тычацца аддзяленняў па ўсёй краіне.

Яшчэ адна крыніца, звязаная з працай банкаў, пацвердзіла belsat.eu гэтыя звесткі.

«Ад 19 сакавіка ўводзіцца забарона на продаж валюты банкамі і зняцце яе з карткі. То бок, калі ў вас ёсць валютная картка, то вы зможаце ёю плаціць, зможаце зняць з яе грошы за мяжой, але будзе камісія. У Беларусі вы валюту не здыміце», – сказала крыніца. На падставе якіх дакументаў уводзяцца такія абмежаванні, ніхто не ведае.

У Twitter «Альфа-банк» на пытанне аднаго з карыстальнікаў, чаму немагчыма набыць долары, адказаў, што долары ёсць, але іх трэба замаўляць папярэдне:

«Бліжэйшая дата замовы цяпер – 25 сакавіка». Аформіць такую заяўку можна, звязаўшыся з банкам праз сацсеткі або электронную пошту.

Скрыншот Twitter

У той жа час у «Альфа-банку» карэспандэнту belsat.eu сказалі, што патрабаванні замаўляць валюту загадзя датычаць толькі сумаў звыш 3 тысяч еўраў, а, напрыклад, 600 можна набыць нібыта без праблем.

Сітуацыя з валютай, хутчэй за ўсё, звязаная з рэзкім падзеннем коштаў на нафту: за некалькі апошніх дзень нафта маркі Brent упала да 26-27$ за барэль, што прывяло да абвалу расейскага рубля і, як вынік, моцна адбілася на беларускім.

Фота Ірына Арахоўская/Белсат

Наш карэспандэнт паведамляе, што ў аддзяленні «Белінвестбанку» у менскім універмагу «Беларусь» з валюты прадаецца толькі расейскі рубель.

У «Прыёрбанку» на партызанскім праспекце атрымалася набыць усяго 70 еўраў.

Фота Ірына Арахоўская/Белсат
Фота Ірына Арахоўская/Белсат

У «Статусбанку» адзін з наведнікаў пры нашым карэспандэнце змог набыць 70 долараў. Еўраў засталося яшчэ 2700, кажуць працаўнікі.

Фота Ірына Арахоўская/Белсат

У аддзяленні банку «МТБ» у пераходзе метро «Партызанская» валюта ёсць, кажуць наведнікі і працаўнікі.

Фота Ірына Арахоўская/Белсат
Фота Ірына Арахоўская/Белсат

У аддзяленні «Беларусбанку» на вуліцы Кірава ні долары, ні еўра ўжо ў абед набыць было немагчыма.

***

Афіцыйнай інфармацыі ад Нацбанку на дадзены момант няма. Belsat.eu патэлефанаваў у кантакт-цэнтры чатырох банкаў, якія маюць аддзяленні ў краіне, аднак там ніхто не адказвае праз загружанасць аператараў.

«ВТБ-банк» на афіцыйным сайце паведаміў, што ад 19 сакавіка ўводзяцца ліміты на валютна-абменныя аперацыі з выкарыстаннем картак. Ліміт за содні складае 100 еўра і распаўсюджваецца: а) на расходныя аперацыі ў замежнай валюце па картках, эмітаваных у беларускіх рублях; б) на прыхадныя аперацыі ў беларускіх рублях па картках, эмітаваных у замежнай валюце. Але праз нейкі час банк адмяніў ліміты і даслаў у рэдакцыю ліст, што ніякія ліміты банк не ўводзіў. На сайце навіна выдалена. Дадзеныя захаваліся ў «кэш».

Скрыншот са старонкі «ВТБ-банк» у «кэш»

Эксперт: Долары не змаглі даставіць самалётам з ЗША праз каранцін

Старэйшы аналітык групы кампаніяў «Альпары» Вадзім Іосуб у каментары belsat.eu адзначыў, што ў пэўных банках насамрэч можа ўзнікнуць дэфіцыт ліквіднасці валюты.

«Па-першае, у пэўных банках можа ўзнікнуць дэфіцыт ліквіднасці ў замежнай валюце, у прыватнасці ў доларах. Цяпер дэфіцыт безнаяўных долараў назіраецца абсалютна ва ўсім свеце праз рост долару ў дачыненні да ўсіх сусветных валютаў. У ЗША з гэтым змагаюцца, прадстаўляючы долары цэнтрабанкам іншых краін.

У Беларусі дэфіцыту долараў як такіх няма, бо золатавалютныя рэзервы складаюць 8, 5 млрд долараў і гэтая сума пакрывае любыя патрэбы.

Што датычыць, напрыклад, «ВТБ» – то гэта дачка расейскага банку, а значыць, што прадставіць доларавую ліквіднасць для яе можа або беларускі Нацбанк або расейская мацярынская структура. Верагодна, апошняя не можа гэтага зрабіць, бо праз рэзкае падзенне коштаў на нафту ва ўсіх расейскіх банках узніклі праблемы.

Наконт наяўнай валюты – гэта асобная гісторыя. Дэфіцыт наяўных у нас ужо быў падчас крызісу 2011 году, калі дзяржава растраціла амаль усю валюту. А сёння валюта ў краіне ёсць і больш выглядае на тое, што буйныя банкі проста мяняюць безнаяўную валюту на наяўную. Звычайна беларускія банкі замаўляюць валюту ў ЗША, адкуль яе дастаўляюць самалётам. Паколькі сёння паўсюдна каранцін і абмяжоўваецца транспартнае злучэнне, у асобных банках могуць паўстаць тэхнічныя праблемы з дастаўкай.

Сітуацыя ўнікальная, раней такога ў нас не было. А вось ва Украіне ў апошнія дні назіраецца нешта падобнае: наяўныя ўсе раскупілі, а замовіць чарговы самалёт пакуль не атрымліваецца», – мяркуе Іосуб.

КА belsat.eu

Стужка навінаў