Што будзе з вонкавымі крэдытамі, курсамі і агулам беларускай эканомікай?
Абмежаванняў на закуп замежнай валюты ў Беларусі няма. Гэтак на сітуацыю з недахопам у аддзяленнях банкаў долараў і еўра, якую назіралі беларусы цягам дня, адказаў Нацыянальны банк Беларусі. Між тым, каб атрымаць суму ад трох тысяч долараў, некаторыя банкі патрабавалі папярэднюю замову.
Але нястача замежнай валюты ў абменніках можна назірацца надалей. Галоўны банк краіны спасылаецца на праблемы, звязаныя з эпідэміяй каронавірусу ў свеце.
«У сувязі з гэтым [распаўсюд эпідэміі каронавірусу. – Belsat.eu] у дадзены момант еўрапейскія банкі і фінансавыя арганізацыі, якія прадстаўляюць паслугі па продажы наяўных долараў ЗША на еўрапейскім рынку, маюць цяжкасці з дастаўкай валюты са Злучаных Штатаў Амерыкі, – паведамляе Нацбанк Беларусі. – Гэта прывяло да дэфіцыту наяўных долараў ЗША ў краінах рэгіёну на фоне павелічэння попыту на іх… ».
Ажыятаж на замежную валюту ў Беларусі выклікала яе падаражэнне на фоне падзення сусветных цэнаў на нафту і кошту расейскага рубля, што пацягнуў за сабой беларускі рубель, адзначае эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч. Цяпер беларускаму рублю дазваляюць «плаваць», што дае магчымасць захаваць Нацыянальнаму банку ашчаджэнні. У той жа час моцнага абясцэньвання нацыянальнай валюты, на думку эксперта, улады не дапусцяць: гэта пацягне за сабой павелічэнне выплатаў па замежных крэдытах.
Сёлета Беларусь мусіць заплаціць па вонкавых пазыках каля $ 6,6 мільярдаў. Гэта крэдыты Расеі, Кітаю, Сусветнага банку і Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця.
«Пытанне дэфолту можа паўстаць, калі сітуацыя зацягнецца, аднак прынамсі сёлета Беларусі гэта не пагражае. Улічваючы існы стан золатавалютных рэзерваў, улады, імаверна, здолеюць справіцца з замежнымі пазыкамі, увёўшы захады бюджэтнай эканоміі», – кажа Станіслаў Івашкевіч.
Цягам году беларусы, аднак, будуць назіраць крызісныя праявы. На думку Станіслава Івашкевіча, праз праблемы на расейскім рынку Беларусь, імаверна, згубіць на экспарце, а ўласную эканоміку чакае рэцэсія.
Юлія Лабанава Belsat.eu