Падчас адкрыцця бюста Аляксандру Пушкіну ў Берасці амбасадар Расеі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў паабяцаў, што пачне вывучаць беларускую мову. У прыватнасці дыпламат адзначыў, што мае намер узяць некалькі ўрокаў, піша tut.by.
«Пакуль я не пачаў вывучаць беларускую мову. Але вызначыўся з тым, што як мінімум 5-7 урокаў я абавязаны ўзяць, каб зразумець, як арганізавана, як кіруецца беларуская мова, якія спражэнні, склоны, якія ёсць адрозненні і падабенства з беларускай мовай», – растлумачыў расейскі пасол Дзмітрый Мезенцаў.
Кіраўнік дыппрадстаўніцтва таксама адзначыў, што ўжо зрабіў сабе візітоўкі на беларускай мове.
Яшчэ адзін прадстаўнік Расеі ў Беларусі праваслаўны мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, які ў снежні 2013 года быў пераведзены з расейскай Разані ў Беларусь, распавёў, што так і не пачаў вучыць беларускую мову.
Іерарх адзначыў, што не бачыць «вострай неабходнасці» вывучаць беларускую мову, бо ў Беларусі ёсць дзве дзяржаўныя мовы і ўсе «адно аднаго разумеюць».
СК belsat.eu