Першыя назіранні за перапісам насельніцтва: дзе «перапісваемся», і якая мова родная?


Больш за 1,5 млн грамадзянаў Беларусі адказалі на пытанні перапісу насельніцтва. З іх больш за траціну – праз інтэрнэт-старонку. Пасланнікі Нацыянальнага статыстычнага камітэту таксама ходзяць па заводах і ўстановах ды апытваюць ахвотных. Мы зазірнулі на стацыянарныя пункты Белстату.

На сталічных участках перапісу насельніцтва сёння ў працоўны час было нешматлюдна. Выканаць свой грамадзянскі абавязак прыходзяць перадусім тыя, хто не хоча перапісацца праз інтэрнэт.

«У асноўным людзі пажылога ўзросту, асабліва адзінокія. Яны баяцца, каб да іх не прыходзілі ў госці», – тлумачыць загадчыца Менскага перапіснога ўчастку Вольга Шарышэўская, настаўніца Менскай гімназіі № 6.

Падобная карціна і ў Магілёве: натоўпаў няма, але хто прыйшоў, разумее важнасць працэсу. Вось што кажуць наведніцы перапіснога ўчастку ў Магілёве:

«Гэта трэба, каб ведаць, колькі чалавек жыве ў Беларусі».

«Я ж грамадзянка гэтай дзяржавы. І мне цікава».

Дзякуючы планшэтам хуткасць працы перапісчыкаў павялічылася разы ў тры. У сярэднім сыходзіць па 5 хвілін на рэспандэнта. Перапісчыкі – пераважна студэнты або працаўнікі дзяржаўных установаў – прайшлі адмысловае навучанне.

«Працуюць мабільныя групы, працуюць стацыянарныя ўчасткі, куды насельніцтва можа прыйсці ў любы зручны час і перапісацца, калі яны не хочуць, каб да іх з 21 кастрычніка перапісчыкі прыйшлі на дом», – распавяла Алена Красоўская, намесніца кіраўніка галоўнага статыстычнага ўпраўлення па Магілёўскай вобласці.

Але – увага – нават калі вы прайшлі перапіс, прадстаўнікі Нацыянальнага статыстычнага камітэту яшчэ могуць зазірнуць да вас у госці, калі ваш адрас трапіў у кантрольны спіс.

«З 31 кастрычніка па 4 лістапада будзе праходзіць кантрольны абыход паводле скарочанага перапіснога ліста, каля 15 пытанняў, каб праверыць поўнасць і правільнасць правядзення перапісу», – тлумачыць Алена Красоўская.

Інфармацыю збіраюць прыватна, але Белстат атрымае агульныя звесткі, якія паўплываюць і на сацыяльныя праграмы, і на разбудову гарадоў і вёсак, на ўсё грамадства. Перапісчыкі могуць запісваць толькі тое, што сказаў апытаны, ні больш, і не менш. Інфармацыю зашыфруюць, адправяць у базу толькі са згоды рэспандэнта.

«Часцей за ўсё паказваем, каб спраўдзіў прозвішча на правільнасць напісання. Але, калі скажа праверыць, што напісалі, то спакойна можна зрабіць, нічога такога тут няма», – распавядае магілёўскі перапісчык Алег Марчанка.

Але на практыцы не абышлося без інцыдэнтаў: напярэдадні жыхар Светлагорску распавёў журналістам, што студэнт-перапісчык увогуле не задаваў яму пытання «на якой мове размаўляеце ўдома», самастойна пазначыў расейскую, не хацеў выпраўляць сваё парушэнне ды яшчэ і заявіў, што расейскую мову яны ставяць усім па змаўчанні. У Светлагорскім райвыканкаме журналістам адказалі, што такога быць не мусіць у прынцыпе.

А якую мову беларусы пазначаюць у анкеце перапісу роднай? Вось што нам адказалі жыхары і госці Берасця:

«Родная мова беларуская».

«Беларускую. Бо яна мая родная мова».

«Хіба расейскую мову. Бо я ў Беларусь апошнім часам не веру».

«Родную мову – беларускую. Бо жывем у Беларусі».

«У мяне расейская. Я з СССР».

Заўважна, што ў апытанай намі моладзі больш папулярная менавіта беларуская. А вось што кажуць жыхары і госці Менску:

«Буду пазначаць беларускую мову, хоць і размаўляю па-руску, проста таму, што люблю сваю краіну і сваю мову».

«Я пазначу расейскую мову, бо на ёй размаўляю, і ўсе дысцыпліны маю па-расейску, апроч белмовы».

«Я пазначу беларускую мову сваёй роднай».

«Усе продкі размаўляюць па-беларуску, і я таксама».

«Гэта мая родная мова і мова маёй краны».

Калі перапісчык парушыў правілы анкетавання ды сказіў вашыя адказы або даслаў інфармацыю без вашай згоды, можна скарыстацца гарачай лініяй Статыстычнага камітэту або тэлефонам адмыслоўцаў, пазначаным на старонцы Белстату.

Яраслаў Сцешык belsat.eu