25 студзеня стала вядома, што Нікаляса Мадуру ахоўваюць расейскія наёмнікі з гэтак званых прыватных ваенных кампаніяў. Пра гэта агенцтву «Reuters» распавяла крыніца, блізкая да расейскіх кантрактнікаў.
Паводле агенцтва, найміты звязаныя з гэтак званай прыватнай ваеннай кампаніяй «Вагнер», удзельнікі якой ваююць у Сірыі і ва Украіне.
Кіраўнік камітэта Агульнарасейскага афіцэрскага сходу, атаман хутарскога казацкага таварыства «Ховрино» Яўген Шабаеў, які займаецца абаронай інтарэсаў супрацоўнікаў прыватных ваенных кампаніяў, патлумачыў Lenta.ru, што наймітаў перакінулі ў Венесуэлу, каб замяніць асабістую ахову Мадуры лаяльнымі людзьмі.
«Увечары 21 студзеня хлопцам паступіла ўказанне хутка набраць групу. Яны выконвалі загады ад прыватных ваенных кампаніяў», – распавёў Шабаеў.
Паводле Шабаева, яны не маюць дачынення да ПВК «Вагнер».
Міністэрства абароны Расеі не каментуе гэтую інфармацыю.
«У нас няма такой інфармацыі», – заявіў журналістам прэсавы сакратар Дзмітрый Пяскоў.
23 студзеня падчас маштабных пратэстаў у Каракасе лідар апазіцыі Хуан Гуаідо абвесціў сябе выконваючым абавязкі прэзідэнта. Яго падтрымалі ЗША і многія краіны Паўднёвай Амерыкі. Расея, якая цягам апошніх гадоў фінансава падтрымлівае Мадуру, устала на ягоны бок.
У Венесуэле ўжо некалькі гадоў працягваецца гаспадарчы і палітычны крызіс.
ДД