Беларускі варыянт для Венесуэлы? РФ прапаноўвае пасярэдніцтва паміж Мадура і Гуаідо


Расея можа выступіць пасярэдніцаю ў наладжванні стасункаў паміж «уладамі і апазіцыяй Венесуэлы». У гэты момант сотні тысяч венесуэльцаў заклікаюць адысці ад улады Нікаляса Мадура, якога парламент краіны на чале з Хуанам Гуаідо не лічыць законным прэзідэнтам.

Беларусы памятаюць, як восенню 1996 года Расея прыняла ўдзел у перамовах паміж прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і апазіцыйным Вярхоўным Саветам. У выніку адбыўся поўны захоп улады сучасным лідарам Беларусі. Вельмі падобнае адбываецца цяпер і ў Венесуэле.

«Міністр замежных спраў Расейскай Федэрацыі сказаў, што мы гатовыя да супрацоўніцтва з усімі палітычнымі сіламі, якія праяўляюць адказны падыход», – сказаў дырэктар Лацінаамерыканскага дэпартаменту МЗС РФ Аляксандр Шчацінін, перадае РІА «НАВІНЫ».

Трэці дзень змагання

Рэзка абвастрылася сітуацыя на гэтым тыдні ў Венесуэле ў панядзелак, калі група вайскоўцаў паспрабавала ўзняць паўстанне супраць Нікаляса Мадура. Мадура правёў сваю прэзідэнцкую інаўгурацыю 10 студзеня, не гледзячы на тое, што легітымны парламент краіны не прызнаў яго сапраўдным пераможцам прэзідэнцкіх выбараў.

Аднак радыкальна новы паварот адбыўся ў сераду, калі старшыня парламента Хуан Гуаідо адпаведна з канстытуцыяй прыняў на сябе часовыя прэзідэнцкія паўнамоцтвы (маўляў, няма легітымна абранага прэзідэнта) і заклікаў органы ўлады і армію не выконваць загады Мадура. Гуаідо падтрымалі сотні тысяч венесуэльцаў, якія былі раззлаваныя гадамі эканамічнага заняпаду, голадам, злачыннасцю і карупцыяй, што расквітнелі пад кіраўніцтвам рэжыму Уга Чавэса і ягонага пераемніка Мадура.

Гуаідо падтрымалі ЗША, Бразілія і большасць іншых краін Лацінскай Амерыкі, якія занепакоеныя мільёнамі мігранта з Венесуэлы. У пятніцу Нямеччына і Гішпанія заявілі, што ў Венесуэле трэба правесці сумленныя выбары, а Гуаідо павінен стаць часовым лідарам краіны да іх правядзення. У Каракасе працягваюцца сутыкненні паліцыі з праціўнікамі Мадура. Апазіцыя прапанавала прадставіць Мадура вольны калідор для таго, каб пакінуць краіну.

Расея – на баку Мадура

Масква не першы год супрацоўнічае з венесуэльскім сацыялістычным рэжымам. Перш за ўсё гэта датычыцца паставак зброі, а таксама сумеснай распрацоўкі нафтавых радовішчаў. Нельга выключаць і нефармальных карупцыйных кантактаў, у тым ліку ў сферы гандлю наркотыкамі.

Як толькі на гэтым тыдні пад Мадура захісталася ўлада, Масква назвала палітычнае супрацьстаянне спробай дзяржаўнага перавароту, а прэзідэнт РФ Уладзімер Пуцін патэлефанаваў Мадура і «выказаў падтрымку законным уладам краіны ва ўмовах справакаванага звонку абвастрэння ўнутрыпалітычнага крызісу».

Зараз аб’ём расейскіх інвестыцый у Венесуэлу ацэньваецца ў 4,1 мільярда долараў, з якіх 3,5 мільярда прыходзіцца на інвестыцыі дзяржаўнага нафтавага гіганту «Роснефть». Таксама Расея дала ў доўг венесуэльскім сацыялістам прыкладна 17 мільярдаў долараў.

Варыянт-96? Наўрад ці

У лістападзе 1996 года пры пасярэдніцтве вышэйшых расейскіх урадоўцаў (прэмʼер-міністр РФ Віктар Чарнамырдзін і кіраўнікі двух палатаў Дзяржаўнай Думы) у Смаленску было падпісанае «Пагадненне прэзідэнта і Вярхоўнага Савету аб грамадска-палітычнай сітуацыі і канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь». У гэты час у Вярхоўным Савеце ўжо пачаўся працэс імпічменту прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, а на плошчах тысячы людзей былі гатовыя адстойваць дэмакратыю.

Згодна з пагадненнем, Аляксандр Лукашэнка адмяняў свае ўказы, якія ВС РБ лічыў неканстытуцыйнымі, а ў адказ адклікаў імпічмент. Аднак, скарыстаўшыся часовай дэмабілізацыяй апанентаў пасля навіны пра пагадненне і націснуўшы на частку дэпутатаў і суддзяў, Лукашэнка адмовіўся ад выканання дамовы, а пасля захапіў поўную ўладу ў дзяржаве.

Аднак тое, што магло спрацаваць у 1996 годзе ў Беларусі, практычна не мае шанцаў у Венесуэле. Масква, як бы яна не была зацікаўленая ў захаванні свайго ўплыву ў Венесуэле, наўрад ці зможа дапамагчы Мадура, калі толькі не адправіць туды самалётамі групы якіх-небудзь наймітаў. Але палітычнага ўплыву на сітуацыю ў далёкай краіне яна не зможа аказаць.

Аляксандр Гелагаеў/Belsat.eu

Hавiны
Беларуска ў Каракасе: «Людзі вельмі стаміліся і нічога не баяцца»
2019.01.24 15:51
Стужка навінаў