«Беларусбанк» будзе выдаваць крэдыты пад 4% гадавых. На што іх можна будзе ўзяць?


На тэрмін да трох гадоў, усяго пад 4% – такія крэдыты рэкамендуецца выдаваць на пакупку тавараў беларускай вытворчасці ў новай пастанове Савету Міністраў №992 «Аб спажывецкім крэдытаванні», якая з’явілася на Нацыянальным інтэрнэт-партале 30 снежня 2023 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Крэдытамі на прыцягальных умовах Савет Міністраў прапаноўвае забяспечыць грамадзянаў нашай краіны з мэтай развіцця рознічнага гандлю. Атрымаць грошы можна будзе на тэрмін да трох гадоў, са стаўкай 4% гадавых, на суму да 300 базавых велічыняў (да 12 тысяч рублёў).

Набыць на такі крэдыт можна будзе толькі тавары вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў:

  • ровары, мапеды і мотаровары, матацыклы, мотаролеры вытворчасці ТАА «МВЗ»;
  • тэлевізары («Віцязь», «Гарызонт»);
  • мотаблокі, міні-трактары (ААТ «МТЗ»);
  • мэблю («Маладзечнамэбля», «Пінскдрэў», «Барысаўкі ДАК», «Барысаўдрэў», «Віцебскдрэў», «Гомельдрэў», «Гомельская мэблевая фабрыка «Прагрэс», «Івацэвічдрэў», «Лідабудматэрыялы», «Лідская мэблевая фабрыка», «Менскпраектмэбля», «Магілёўдрэў», «Мазырскі ДАК», «Мастоўдрэў», «Новасвержанскі лесазавод», «Рэчыцадрэў», «Слоніммэбля», «Буддэталі», «ФанДАК», «Домабудаўніцтва», РУП «Завод газетнай паперы», «ЗОВ-ЛенЕўрамэбля», «Ружанская мэблевая фабрыка»);
  • лядоўні і маразільнікі, пральныя машыны («Атлант»);
  • кухонныя машыны («Амкадор-Белвар»);
  • мікрахвалевыя печы («Гарызонт»);
  • газавыя ці электрычныя пліты, пасудамыечныя машыны («Берасцегазаапарат»);
  • керамічныя пліты («Бярозабудматэрыялы», «Керамін»);
  • санітарна-тэхнічнае абсталяванне («Керамін», «Белюкс ЛТД»).
Hавiны
Запазычанасць беларусаў за крэдыты пабіла рэкорд. Вось чым гэта небяспечна
2023.10.05 08:46

На выдачу гэтых крэдытаў будзе накіраваная частка прыбытку «Беларусбанку» за 2023 год – за гэта будуць выступаць прадстаўнікі дзяржавы ў органах кіравання банку.

Пастанова ўступае ў сілу з дня афіцыйнага апублікавання.

Нацыянальны банк Беларусі з 1 студзеня павысіў значэнні разліковых велічыняў стандартнай рызыкі (РВСР). Гэта працэнтная столь па банкаўскіх крэдытах, у першую чаргу – на нерухомасць, што значыць, некаторыя пазыкі з новага года павінны падаражэць.

РВСР для новых крэдытаў, прадстаўленых юрыдычным асобам (за выключэннем ільготных) у студзені складзе 11,26 % гадавых. Гэты паказчык вырас да снежня на 0,27 % (было 10,99 %).

А вось для фізічных асоб значэнне РВСР павялічылася больш істотна – на 1,19 % (з 15,25 да 16,44 %), што азначае магчыма больш значнае падаражэнне спажывецкіх і іншых крэдытаў для грамадзян.

Пасля папярэдняга падвышэння РВСР 1 снежня, некаторыя банкі паднялі стаўкі па крэдытах.

«Белаграпрамбанк» пазыку на будаўніцтва і куплю нерухомасці цяпер выдае пад 10,9 % гадавых у першыя 180 дзён, а са 181-га – пад 14,6% (было 9,9 % і 14,1 % адпаведна). «Белгазпрамбанк» па крэдыце «Хутка наваселле» ўзняў са 181 дня працэнтную стаўку з 14,2 % да 14,5 %.

«Банк БелЗЭБ» з 1 снежня падняў стаўкі па крэдыце «На куплю першаснага і другаснага жылля» да 15,25 % гадавых. Раней яна складала 14,61 % гадавых.

Аб’ектыў
У Беларусі адбываецца крэдытны бум
2023.08.01 22:06

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў