Запазычанасць беларусаў за крэдыты пабіла рэкорд. Вось чым гэта небяспечна


У жніўні 2023 года беларусы назапасілі рэкордныя аб’ёмы крэдытнай запазычанасці перад банкамі. Агульны абʼём выдадзеных фізічным асобам крэдытаў склаў 19 млрд рублёў. Гэта на 16 % больш за запазычанасць на 1 верасня 2022 года, пішуць «Нашы грошы».

Беларускія рублі.
Фота: Белсат

«Зараз у сярэднім на кожнага жыхара краіны прыпадае больш як 2,1 тысячы рублёў крэдытнай запазычанасці, і гэта нават лічачы дзяцей», – адзначаюць эксперты.

Спажывецкае крэдытаванне складае зараз 33% ад узятых беларусамі крэдытаў, і 67% прыпадае на крэдытаванне будаўніцтва і пакупкі жылля.

«Нашы грошы» нагадваюць, што рост крэдытавання адбываецца на тле росту заробкаў, нізкіх тэмпаў інфляцыі і адносна даступных працэнтных ставак за крэдыты. Аднак хоць беларусы адчуваюць сябе больш упэўненымі ў фінансавай будучыні, інфляцыйныя чаканні захоўваюцца на павышаным узроўні.

Каментар
У Беларусі курс долара другі дзень запар абнаўляе максімум
2023.10.04 16:22

«Такім чынам, крэдытную актыўнасць можна звязаць галоўным чынам з захаваннем даступнасці крэдыту і няўпэўненасцю ў сярэднетэрміновых даляглядах. Насельніцтва, ацэньваючы бягучую сітуацыю, верагодна, лічыць за лепшае ўзяць крэдыт зараз, пакуль заробкі адносна высокія, а крэдыты дасяжныя», – мяркуюць эксперты.

Пры гэтым, паводле іх, такі рост крэдытавання насельніцтва нясе рызыкі паскарэння інфляцыі.

Тым не менш, беларусы застаюцца вельмі адказнымі пазычальнікамі, і абʼём дрэнных даўгоў насельніцтва вельмі нізкі.

Каментар
Эксперты кажуць, што эканоміка Беларусі пераграваецца. Што гэта значыць і да чаго рыхтавацца
2023.06.26 13:48

Раней эканамістка Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» адзначала, што «калі тэндэнцыі, што пачаліся ў першай палове 2023 года, працягнуцца і будуць узмацняцца далей, то разагрэў унутранага попыту, выяўлены ў павелічэнні даходаў насельніцтва, актыўнай інвестыцыйнай палітыцы прадпрыемстваў, можа справакаваць рэалізацыю інфляцыйных і дэвальвацыйных рызык».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў