Ці ўсе беларусы атрымаюць візы ў Польшчы?

Калектыўная адказнасць – вельмі бязлітасная і балючая зʼява. Пра яе гавораць юрысты і праваабаронцы, але ад гэтага нікому не робіцца лягчэй. Яшчэ ўчора Польшча мяняла заканадаўства, каб спрасціць для беларусаў пераход мяжы і далейшы побыт у сваёй краіне, а сёння ім тут адмаўляюць у атрыманні візы. 

Нічога, у прынцыпе, новага. Беларусы вінаватыя ў тым, што ў іхнай краіне таталітарызм ужо 26 гадоў і з яе тэрыторыі ляцяць ракеты. Здавалася б, ужо ўсё ўсім патлумачылі, але сітуацыя не мяняецца. Мы ўсё роўна паўтараем, як мантру: не трэба звяртаць увагі, трэба ўсімі сіламі набліжаць перамогу. Бо толькі гэтая перамога дасць нам магчымасць вярнуцца і стварыць краіну для годнага жыцця. Менавіта таму гэтая перамога цяпер ёсць галоўнай і адзінай мэтаю.

Калі на папрокі яшчэ можна неяк паспрабаваць не рэагаваць, дык на сітуацыю з выдачай візаў на тэрыторыі Польшчы беларусам паўплываць самім дакладна не атрымаецца.

Тройчы Цэнтр беларускай салідарнасці ў Польшчы абвяшчаў, што польскае Міністэрства замежных справаў пастанавіла выдаваць візы, нават называліся тэрміны – але з польскага боку нічога не адбывалася. Чаму? На гэтае пытанне пакуль што няма адказу.

Будынак у Варшаве, дзе месціцца візавы цэнтр «VFS Global».
Фота: Белсат

У прынцыпе, ён не мае асаблівага значэння. Урэшце, прычынай могуць быць чыста тэхнічныя фармальнасці. Але, калі нарэшце адкрыліся тры візавыя цэнтры – у Варшаве, Любліне і Познані – беларусаў чакала новае выпрабаванне: атрымаць запаветную гуманітарную візу стала не так проста. Многія сутыкнуліся з тым, што працаўнікі візавых цэнтраў адмаўляліся прымаць у іх дакументы. Пытанне перастала быць фармальнасцю.

Што такое візавы цэнтр? Фактычна ён усяго толькі курʼер паміж грамадзянінам і амбасадай. У гэтым выпадку – Міністэрствам замежных справаў Польшчы. Працаўнікі візавага цэнтру нанятыя дзеля збору і правярання дакументаў у чалавека, які звяртаецца ў МЗС па атрыманне візы. Пасля правярання яны мусяць перадаць заяву з дакументамі на разгляд у МЗС. За гэта яны атрымліваюць заробак, а грамадзяне, якія звяртаюцца ў візавы цэнтр, аплачваюць візавы збор. На практыцы ж некаторыя з гэтых найманых МЗС працаўнікоў пачалі адмаўляцца прымаць дакументы на візу ў беларусаў.

Што можа зрабіць грамадзянін Беларусі ў такой сітуацыі? Падаць скаргу? Але для гэтага трэба было б мець на руках адмову ў пісьмовым выглядзе.  Праблема ў тым, што на паперы адмову пісаць ніхто і не збіраецца. У такой сітуацыі нашыя грамадзяне ідуць у арганізацыю, што, паводле статуту, мусіць абараняць іхныя правы. У дадзеным выпадку гэта Цэнтр беларускай салідарнасці (ЦБС).

7 кастрычніка члены ЦБС у літаральным сэнсе «прарваліся» ў візавы цэнтр у Варшаве, каб дапамагчы свайму суайчынніку, а менавіта – паспрабаваць паўторна падаць заяву аб атрыманні візы.

Вольга Дабравольская, якая ўзначальвае Дэпартамент прававой салідарнасці ў ЦБС, – дыпламаваная юрыстка з практыкай. Яна сказала, што не чакала ад працаўнікоў візавага цэнтру адмовы ў сувязі з нейкай інструкцыяй на сайце. Бо ніякая інструкцыя не можа быць вышэйшай за закон. Урэшце, мы ж не ў Беларусі. Але яшчэ больш яе непрыемна ўразіла тое, што нанятыя МЗС Польшчы працаўнікі візавага цэнтру не валодаюць польскай мовай. Як у такім выпадку можна прасіць іх прачытаць законы, каб выконваць? У такой сітуацыі давялося папрасіць выдаць хаця б пісьмовую адмову аб прыёме заявы.

Што адказалі на гэта працаўнікі візавага цэнтру? Пісаць нічога не сталі. Замест гэтага яны выклікалі паліцыю на сябраў ЦБС, каб паліцыянты выставілі «няпрошаных госцяў». Праўда, прыбылыя паліцыянты не пабачылі ніякіх парушэнняў з боку ЦБС і пайшлі прэч. Беларускія юрысты засталіся ў візавым цэнтры да закрыцця, але хутка ўладкаваць праблему суайчынніка праз МЗС у іх не атрымалася.

Вольга Дабравольская сказала, што працаўнікі візавага цэнтру шматкроць рэкамендавалі беларусам замест візы падавацца на атрыманне віду на жыхарства або на так званую дадатковую абарону. Але ці можна лічыць рэкамендацыі працаўнікоў візавага цэнтру законнымі? Бо яны ж нанятыя толькі для таго, каб праверыць наяўнасць і спраўнасць дакументаў, што далучаюцца да заявы, і перадаць іх далей.

Візавы цэнтр «VFS Global» у Варшаве, што прымае дакументы на польскія нацыянальныя візы.
Фота: Белсат

Ніякіх паўнамоцтваў наконт вызначэння статусу таго ці іншага грамадзяніна ў іх няма і быць не можа. Хіба ж можна ўсурʼёз успрымаць папрокі накшталт: «А ў вас Лукашэнка кіруе ўжо 26 гадоў»? Як на гэта мусіць рэагаваць чалавек, якому ўдалося вырвацца з таго пекла, што называюць таталітарызмам, і за якое чамусьці менавіта ён і менавіта ў гэтую хвіліну мусіць адказваць? Гэта адбываецца, нягледзячы на ​​тое, што беларусы па-ранейшаму збіраюць дапамогу ўкраінцам. Па-ранейшаму гінуць на фронце. Па-ранейшаму лічаць, што трэба сціснуць зубы і працаваць на перамогу.

Нікога не хвалюе, як выжываюць гэтыя людзі. Ніхто не думае, у якіх умовах яны жывуць і наколькі лёгка ім знайсці хоць якую-небудзь працу. Ніхто не піша пра тое, што ўкраінскі прадпрымальнік, які павесіў абʼяву аб найманні на працу, адмовіць беларусу. Прычым, калі раней так і пісалі: «Грамадзянаў РБ і РФ не прымаем», дык цяпер дыпламатычнейшай мовай напішуць, што вакансіі больш няма.

Чаму мы апынуліся ў такой сітуацыі? Нам тлумачаць: «бо змянілася палітычная сітуацыя». А яна змянілася? Ну так, можна сказаць, што для вельмі многіх беларусаў, якія застаюцца ў краіне, і вельмі многіх, якія цяпер па-за яе межамі, яна горшае і горшае. Чаму нехта вызначае, што гэтага недастаткова, і дадае новыя праблемы?

Зразумела, нельга адмаўляць, што ёсць людзі, якія скарысталі сітуацыю і атрымалі гуманітарныя візы выключна для паездак за мяжу. Вядома, ёсць такія, якія зʼехалі выключна з эканамічных меркаванняў, бо Беларусь стала краінай беднай і там праблемы з годнай працай, а магчымасці займацца прыстойным бізнесам таксама няма, калі ты не ў кагорце тых, каму гэта дазволена.

Шэнгенская віза. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Sputnik Беларусь

Але ж сярод беларусаў, якія цяпер звяртаюцца ў візавыя цэнтры, вельмі шмат менавіта тых, хто быў збіты падчас затрымання і пасля. Тых, супраць якіх незаконна распачалі крымінальныя справы, тых, хто мусіў бегчы з краіны партызанскімі сцежкамі. Вядома, не выключана, што тут могуць быць і супрацоўнікі спецслужбаў пад выглядам уцекачоў, але ж не працаўнікі візавых цэнтраў маюць разбірацца з гэтым.

Тым часам Рада міністраў Польшчы апублікавала законапраект, паводле якога будзе скасаванае падаўжэнне візаў і так званых картак побыту ды часовых пасведчанняў асобы замежніка ў сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй і прафілактыкай COVID-19. Пасля яго публікацыі падоўжаныя дакументы будуць правадзейныя 30 дзён. Пасля гэтага грамадзянін Беларусі будзе ўжо лічыцца парушальнікам закону, якога называюць нелегалам. За гэта прадугледжаны штраф і нават дэпартацыя.

Пакуль жа юрысты Цэнтру беларускай салідарнасці накіравалі ў візавыя цэнтры лісты з пералікам парушэнняў, дапушчаных працаўнікамі візавых цэнтраў, і просьбай прытрымлівацца заканадаўчых нормаў. Два візавыя цэнтры з трох – у Варшаве і Познані – адмовіліся іх нават прыняць. І ўсё ж юрысты ЦБС нагадваюць: для ўсіх грамадзянаў Беларусі, якія адпавядаюць патрабаванням закону, мусіць быць магчымасць атрымаць візу. Усе спадзяюцца, што МЗС Польшчы адрэагуе належным чынам і сітуацыя ўладкуецца. Ну не можа быць такога, каб не ўладкавалася. Мусіць быць нейкае выйсце.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў