У праўладных тэлеграм-каналах 30 верасня з’явілася інфармацыя, што на чацвярых працаўнікоў фірмы «Белагра», куды надоечы прыходзілі сілавікі з ператрусам, завялі крымінальныя справы паводле некалькіх артыкулаў, у тым ліку за ўдзел у пратэстах 2020 года. Праваабарончы цэнтр «Вясна» распавёў, каго менавіта будуць судзіць.
Паводле беларускіх праваабаронцаў, у крымінальных справах праходзяць наступныя працаўнікі фірмы «Белагра»: Кірыл Малянтовіч, Дзмітрый Левянкоў, Людміла Гецман і Арцём Зубракоў.
Ім закідаюць злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, распальваннем нянавісці і варожасці, удзелам у масавых беспарадках 2020 года, спрыяннем дзейнасці экстрэмісцкіх фармаванняў. Іншых працаўнікоў абвінавацілі паводле адміністратыўных артыкулаў за падпіску і рэпосты з рэсурсаў, прызнаных уладамі Беларусі экстрэмісцкімі. Суды над імі пройдуць 30 верасня.
Таксама з’явіліся «пакаянныя» відэа з супрацоўнікамі «Белагра», на якіх яны кажуць, што падтрымлівалі пратэсты і былі падпісаныя на экстрэмісцкія каналы.
Сілавікі – ГУБАЗіК, СОБР і АМАП прыйшлі ў офіс кампаніі «Белагра» раніцай 29 верасня. Спачатку прычынай ператрусу называлі нявыплату падаткаў.
Адзін з супрацоўнікаў «Белагра» – былы вядоўца АНТ і таксама былы кіраўнік пулу журналістаў Лукашэнкі Дзмітрый Семчанка. Яго разам з жонкай Юліяй затрымалі 15 верасня ў адміністратыўнай справе. Юлію аштрафавалі і адпусцілі, а Дзмітрыя арыштавалі на 15 содняў.
Група кампаніяў «Белагра» – найбуйнейшы пастаўнік сельскагаспадарчай тэхнікі і дэталяў у СНД. Кампанія мае 47 філіялаў з гандлёвымі пунктамі ў Беларусі, РФ, Казахстане і Украіне.
Марыя Міхалевіч belsat.eu