Кіраўніку Беларускай федэрацыі футболу Уладзіміру Базанаву – 65. З якімі дасягненнямі ён сустракае юбілей?


Сёння, 29 лістапада, старшыня Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Уладзімір Базанаў адзначае сваё 65-годдзе. На наступны дзень пасля таго, як у чарговы раз, прэсна пералічыўшы па паперцы ўсе вынікі 2022 году, з пачуццём выкананага доўгу спакойна апусціўся ў сваё крэсла. Каб потым зноў выходзіць, уручаць, усміхацца і ўскладаць надзею. Дзвюхгадзінная цырымонія афіцыйнага заканчэння юбілейнага, 30-га футбольнага сезону ў Беларусі, гэтым разам адбылася ў сталічным рэстаранным комплексе «Аstoria Riverside».

Уладзімір Базанаў.
Фота: Виктор Толочко / Sputnik

А ці штосьці якасна змянілася ў беларускім футболе за апошнія гады? Прынамсі, пры нарадзінцы Валагодскай вобласці Расеі, палкоўніку-артылерысце Базанаве, можна смела сказаць, – анічога! Возьмем на дапамогу цытаты з недалёкай гісторыі.

2016 год

Па выніках сезону карэспандэнт «Беларусь 5» Яўген Табула (ён, дарэчы, сёлета прызнаны найлепшым спартовым каментатарам) у сваім рэпартажы з афіцыйнай цырымоніі казаў: «Сезон для беларускага футболу атрымаўся дрэнным: не было Еўракубкаў, не было вынікаў зборнай, не было нават намёку на залатую інтрыгу ў чэмпіянаце».

А ў сваім інтэрвю падчас цырымоніі ў той час старшыня Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футболу» Сяргей Румас не хаваў таго, што, уласна, было на паверхні: «Скандал з дамоўленымі матчамі, памылкі судзейства, крымінальныя справы (у чэрвені быў затрыманы дырэктар Дэпартаменту судзейства і інспектавання федэрацыі Андрэй Жукаў за хабар у выглядзе 650 долараў ЗША і бутэлькі каньяку) не ўпрыгожваюць беларускі футбол. Але мы проста ўпэўненыя, што гэтыя цяжкасці нас загартуюць, мы зробім правільныя высновы і будзем рухацца далей».

Фота: Газета «СБ-Беларусь сегодня»

2017 год

Аптымізм Румаса не знайшоў пацверджання ўжо налета. З’явіліся факты подкупу футбалістаў наваполацкага «Нафтана» з мэтаю забяспечыць патрэбны вынік у гульні з «Дынама» (Берасце). Цырымонію закрыцця сезону – 2017 увогуле перанеслі на другую палову студзеня 2018-га з-за гэтак званай «справы Сяргея Верамко», неправамерна ўнесенага ў заяўку сваёй каманды брамніка БАТЭ.

2018 год

Чатыры гады таму Румас павіншаваў усіх з заканчэннем таго футбольнага сезону, адзначыўшы, што чэмпіён краіны – БАТЭ – выступае ў групавым турніры Лігі Еўропы і мае добрыя шанцы забяспечыць Беларусі футбольную еўравясну (БАТЭ сапраўды тады заняў другое месца ў групе і ў 1/16-й Лігі Еўропы выйшаў на двубоі з лонданскім «Арсеналам», якога здолеў нават перамагчы на «Барысаў-Арэне» 1:0, але на выездзе саступіў 0:3).

«Хачу таксама павіншаваць нацыянальную каманду (галоўны трэнер Ігар Крывушэнка), – працягваў Сяргей Румас, – з паспяховым выступам у турніры Лігі Нацыяў УЕФА. Прыемна, што нашая зборная стала адзінаю з футбольных камандаў Еўропы, якая не прапусціла ніводнага мяча ў сваю браму».

2019 год

Праз 12 месяцаў падсумоўваць штосьці са знакам «+» было ўжо значна больш складана. З прыходам да кіраўніцтва федэрацыяй Уладзіміра Базанава поспехі клубаў на еўракубкавай арэне і нацыянальнай зборнай у кваліфікацыйных матчах. На той цырымоніі Базанаў адзначаў:

«2019-ы год стаў годам пераменаў у беларускім футболе. Пасля доўгай гегемоніі барысаўскага БАТЭ, упершыню ў гісторыі залатыя медалі выгуляла берасцейскае «Дынама».

Тады ж, у 2019-м, кіраўнік федэрацыі ўвёў практыку ўручэння «Удзячнасцяў АБФФ» спонсарам і іншым датычным да правядзення нацыянальных турніраў партнёрам.

Крыніца: football24.ua

2020 год

У снежні, паводле вынікаў сезону, Беларуская федэрацыя футбола занесла сабе ў актыў тое, што, калі з-за пандэміі ковіду нацыянальныя чэмпіянаты амаль усіх краінаў планеты былі прыпыненыя, «мы пайшлі іншым шляхам». У сваёй прамове Уладзімір Базанаў падкрэсліў:

«Уведзены комплекс прафілактычных мерапрыемстваў дазволіў футболу ў Беларусі працягвацца. Сёння мы можам з упэўненасцю сказаць, што гэты шлях быў правільным. Пазней па нашым шляху пайшлі іншыя еўрапейскія чэмпіянаты. Яны пыталіся ў нас рады, яны вучыліся ў нас. І калі большасць чэмпіянатаў былі прыпыненыя, пра беларускі футбол даведаўся ўвесь свет».

Далей было так: «На жаль, галоўная каманда краіны не здолела прабіцца ў фінальную частку чэмпіянату Еўропы, саступіўшы ў паўфінале зборнай Грузіі. Але пры гэтым варта адзначыць і такі момант. Падначаленыя Міхаіла Міхайлавіча Мархеля замацаваліся ў Лізе «С», заняўшы выніковае другое месца, а ў зборнай з’явілася плеяда новых маладых таленавітых гульцоў».

Паводле Базанава, Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола» зрабіла шмат для развіцця нацыянальнага турніру таксама на арганізацыйным узроўні.

«У 2020-м годзе быў рэпрэзентаваны новы трафей і афіцыйны гімн «Беларусбанк – Навышэйшай лігі», а па хадзе чэмпіянату перад кожным двубоем праводзіліся абноўленыя цырымоніі выхаду камандаў з выкарыстаннем новых візуальных і гукавых элементаў».

Уладзімір Базанаў.
Фота: Брестская газета

2021 год

Пачатак прамовы Базанава быў ужо больш сціслым. «Закончыўся футбольны сезон 2021 года, які быў адзначаны 110-годдзем беларускага футболу. Галоўная футбольная каманда краіны, на жаль, скончыла выступ у кваліфікацыі да чэмпіянату свету на апошнім месцы і не здолела дамагчыся вялікіх поспехаў. Па незалежных ад нас прычынах нацыянальная зборная не магла гуляць хатнія матчы на тэрыторыі Беларусі. Клубы, удзельнікі Еўракубкаў, таксама вымушаныя былі праводзіць двубоі не на сваіх стадыёнах. Але мы сумеснымі намаганнямі здолелі пераадолець усе складанасці і стаць яшчэ мацнейшымі і больш згуртаванымі. Спадзяемся, што ў маючым адбыцца турніры Лігі Нацыяў мы здолеем дасягнуць поспехаў»

2022 год

У гэтым сезоне поспехаў, зразумела, таксама дасягнуць не ўдалося. Добра яшчэ, што атрымалася нейкім дзіўным чынам праз непаследвальную пазіцыю УЕФА пазбегнуць, у адрозненне ад Расеі, увогуле адхілення ад міжнародных стартаў. Але, напэўнае, ненадоўга. У рэстаранным комплексе «Аstoria Riverside» вечарына распачалася з буйнога светлавога шоў. Уладзімір Базанаў зноў, прыліпнуўшы да паперак распачаў з далёкай мінуўшчыны:

«2022 год уганараваны некалькімі юбілейнымі датамі. 40 год таму, у 1982-м, каманда менскага «Дынама» заваявала залатыя медалі чэмпіянату Савецкага Саюзу». А 30 гадоў таму, у 1992-м, у незалежнай Рэспубліцы Беларусь стартаваў першы чэмпіянат па футболе. Сёлета мы ў чарговы раз сутыкнуліся з непрадказальнымі падзеямі, якія паўплывалі на развіццё футболу. Мы змагаліся за захаванне права ўдзелу нашых камандаў у міжнародных спаборніцтвах і паўнацэннай магчымасці застацца чальцамі міжнародных футбольных арганізацыяў. А галоўнае за тое, каб захаваць фінансаванне беларускага футболу. І тут мы з вамі перамаглі».

Каментар
Ва Украіне стварылі працоўную групу ў справе спартовых санкцыяў. Пагутарылі пра яе з Аляксандрам Апейкіным
2022.11.24 21:19

Але не ўсё было, як хацелася б.

«На жаль, нашыя хлопцы з нацыянальнай зборнай занялі ў сваім квартэце Лігі Нацыяў апошняе месца і ўвесну 2024 года будуць гуляць з камандаю Літвы за права застацца ў Лізе «С». Нацыянальная жаночая зборная ў кваліфікацыйным турніры чэмпіянату свету заняла перадапошняе – чацвёртае месца. Моладзевая зборная ў адборачным цыкле да чэмпіянату Еўропы палепшыла свой папярэдні вынік, заняла чацвёртую пазіцыю ў групе з шасці камандаў».

Асноўная прычына: «усе нашыя каманды вымушаныя былі праводзіць хатнія гульні па-за межамі краіны на стадыёнах без допуску гледачоў, што несумненна адбівалася на псіхалагічным настроі гульцоў, а адпаведна, і на выніках».

Сёлета, дарэчы, ніводная з беларускіх мужчынскіх, альбо жаночых клубных камандаў не здолела мінуць стартавыя раўнды еўрапейскіх кубкавых турніраў.

Затое «інтэнсіўнымі тэмпамі працягваецца развіццё футбольнай інфраструктуры і да сённяшняга дня не засталося ніводнага раёну Беларусі, у якім не было б сучаснай пляцоўкі для заняткаў футболам. А сёлета яшчэ і выкананая праграма па даручэнні кіраўніка дзяржавы аб будаўніцтве дзевяці поўнаразмерных футбольных палёў у Менску».

Вось, бадай і ўсё, з чым Уладзімір Базанаў прыйшоў да свайго юбілею як кіраўнік Беларускай федэрацыі футболу. Пра санкцыі казаць ужо будзе залішне.

Інтэрв’ю
Гімнастка Наталля Лешчык: Я за спорт без гвалту
2022.06.25 21:36

Пасля цырымоніі афіцыйнага закрыцця сезону паразмаўляў з калегам, які жыве ў Беларусі і які бліжэй можа адчуваць унутраны стан айчыннага футболу.

Суразмоўца: «Адзіная светлая рэч пасля неспадзяванкі «Крумкачоў» за апошнія гады ў нашым унутраным чэмпіянаце, а значыць, і адзін-адзіны пазітыўны крок наперад – гэта «Энергетык-БДУ». Толькі каманда гэтая з’явілася хутчэй не дзякуючы, а напоперак кіраўніцтву АБФФ. Усё астатняе пераканальна коціцца ўніз. Трымаецца за кошт грошаў «Беларуськалія» толькі салігорскі «Шахцёр». І тое: абсалютна без перспектываў у еўракубках. У абсалютнай большасці астатніх – суцэльнае збядненне. Няма грошай для годнага бюджэту нават у прадстаўнікоў абласных гарадоў – Берасця, Магілёва, Віцебску. І іх, гэтых прыкладаў, становіцца ўсё больш».

А вядомы футбольны агент з Віцебску Валерый Ісаеў, які вывеў у свет Іллю Шкурына, у сваім тэлеграм-канале «Зграя Ісая» напісаў: «Абмяркоўваць развіццё футбола ў краіне зараз няма аніякага сэнсу».

На выніковым паседжанні выканкаму АБФФ Георгій Кандрацьеў быў і на найдалей зацверджаны галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай. Хіба што зноў вярнуліся да тэмы скарачэння колькасці камандаў. Як бы ні ганарыўся Ўладзімір Базанаў, што пры ім пачала пашырацца другая ліга, ні інфраструктура, ні матэрыяльны стан пры цяперашнім становішчы справаў у Беларусі за гэтым працэсам аніяк не паспеюць. Штучна падмацоўваць беларускі футбол становіцца ўсё больш складана.

Інтэрв’ю
Чэмпіёнка Беларусі вершніца Вольга Сафронава: Рыхтуюся да першых спаборніцтваў пасля пераезду
2022.06.04 17:59

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў