Гумовы Менск. Ушчыльненыя Дразды

Навіна прайшла амаль незаўважна і рэакцыя на яе была – проста смайлік «какашка» пад паведамленнямі ў тэлеграм-чатах.  Аднак навіна, апублікаваная ў дзяржаўным выданні «На стройках Минска», насамрэч магутная.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У самым найбліжэйшай будучыні «Менскбуд» збіраецца высекчы лес у межах вуліц Падлесная — Парніковая — Дачны праезд, што ў Сцяпянцы-2. На месцы лесу з’явіцца элітны жылы комплекс.

У газеце яго называюць «індывідуальны камерцыйны праект жылой забудовы «Утульны».  Забудова будзе складацца з шматпавярховак, таунхаусаў і дамоў сядзібнага тыпу. «Праект рэалізуецца ў рамках Указу Прэзідэнта», – удакладняе выданне. Пакуль дэталяў няма, акрамя таго, што на пляцоўку «Менскбуд» плануе выйсці ўжо ў снежні – з будаўніцтвам інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Але відаць, што «квадрат» высечкі – як палова тэрыторыі «Менск-Свету».

Наогул пачытаць газету варта. Адкуль яшчэ можна было б даведацца, што ўшчыльняць Дразды? А там напісана, што на вуліцы Ціхай плануецца ўзвесці «жылы квартал, які не мае паводле архітэктуры аналагаў у горадзе». Адкрываем карту. Глядзім на Ціхую. І гадаем, а дзе? Там жа не забудаваныя літаральна пару лапікаў, і ўсе ўшчыльную да Драздоў.

Ушчыльняць і Філімонава. Як распавядае «Менскбуд», знясуць малапавярхоўкі, каб тут будавалася панэль Завода эфектыўных прамысловых канструкцый (ЗЭПК) – у рамках даручэння Лукашчанкі загрузіць завод працай. А загрузіць паспрабуюць шчыльна. Яшчэ адзін вялікі раён забудовы – на Выгоцкага. У палях з’явіцца 10 гмахаў у панэлях ЗЭПК, амаль на 2000 кватэр.

Праект хочуць інтэграваць у пакуль не існуючы «Паўночны Бераг» – яшчэ адзін раён, забудова якога абвяргае ўстаноўку «Менск не гумовы». Пра яго пісалі шмат-аналаг «Менск-Свету», 1000 га зямлі, прадастаўленай без аўкцыёну забудоўшчыку. Emaar Properties (у асобе «Рывэрсайд Дэвелапмент Холдзінгз Лімітэд») ужо другі год абяцае сотні жылых дамоў на бязмежных палях ля Цнянскага вадасховішча. На пляцоўку забудоўшчык так і не выйшаў. Некалькі дзялянак абгарадзілі і трохі раскапалі, на гэтым пакуль усё, ні адна шматпавярхоўка або бізнес-цэнтр не пачалі будавацца.

Меркаванні
Падрыхтаваліся, патаннее. Чакаем акцыі на новабудоўлі да Новага года
2022.11.24 12:15

Нядаўна, праўда, прыгразіў ў чарговы раз. Што пачне. Па вясне. З берага Цнянскага вадасховішча. «Тут з’явіцца новы парк, які спалучае ў сабе натуральную прыгажосць прыроды і развітую інфраструктуру для вольнага часу з сучаснымі пляцоўкамі для спорту і адпачынку, бегавымі і веладарожкамі, пляцоўкамі для воркаўта, сталамі для настольнага тэнісу, дзіцячымі гульнявымі зонамі. Для аматараў актыўнага адпачынку зробяць пляцоўкі для гульні ў баскетбол, валейбол», — абяцае інвестар.

Але і гэта, натуральна, не ўсе планы па забудове сталіцы Беларусі.

У апошні год дзяржарганізацыі паказалі, што плануюць забудаваць былыя ваенныя гарадкі ў Масюкоўшчыне. Тут ужо пра будоўлі распавядалі «Минскому Курьеру».

У Масюкоўшчыне-4, у межах вуліц М. Лынькова — П. Глебкі — праезду Масюкоўшчына вырастуць два жылыя мікрараёны — 3-ты і 4-ці. У Масюкоўшчыне-4 будзе чатыры жылыя дамы, два з якіх чатырохсекцыйныя вуглавыя рознавышынныя ад 5 да 10 паверхаў. Яшчэ два дамы – трохсекцыйныя вышынёй ад 5 да 9 паверхаў. Будынкі ўзвядуць у канструкцыях «МАПІД». Агульная плошча мікрараёну – 45 тысяч кв. м, гэта прыкладна 416 кватэр.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У Масюкоўшчыне-3 будзе ажно 18 дамоў, у асноўным шматсекцыйных рознай вышыннасці (7-16 паверхаў), таксама ўзвядуць пяць 19-павярховых слупкоў. Будынкі запланаваныя ў розных канструкцыях: ад «МАПІД» і Менскага домабудаўнічага камбінату. Агульная плошча жылля – 218 тысяч кв.м або 3100 кватэр.

Паводле ўказу Лукашэнкі (і таксама на сельгаспалетках у Сухараве) ужо будуе гіганцкі 22-павярховы жылы комплекс Стромінвест. Плюс у Сухараве ёсць рэзервовая прастора на Шаранговіча – Панамарэнкі – Гарэцкага, тут лёгка змясціць тры дзесяткі шматпавярховак на 4,5 тысячы жыхароў.

І не трэба думаць, што гэтым будоўлі абмяжуюцца. Калі падняць папярэднія планы: некалькі тысяч кватэр з’явяцца на месцы прыватнага сектару ў межах пр. Жукава – пр. Дзяржынскага – Акрэсціна. Будаўніцтва жылля мае пачацца ў раёне Севастопальскага парку. Пад ўшчыльненне трапляе Сельгаспасёлак. У Заводскім раёне «выгрызаюць» кавалкі прыватнага сектару, каб замяніць іх панэлькамі. Ну і Лошыцу працягваюць забудоўваць, не забываем.

А яшчэ колькі планаў не агучаныя. На прыкладзе будучага квартала «Утульны» можна зрабіць выснову, што лес не ў прыярытэце. Так што глядзім на мапу: у раёне Кіжэватава шмат дзіўных зялёных зонаў і прыватнага сектару. Напэўна захочуць зрэзаць лесапарк Мядзвежына. Лес на Незалежнасці ў раёне «Магніт Менску», праз праспект ад Усходніх могілак – чым не месца для Ўтульнага кварталу-2? Ды і з іншага боку ад «Утульнага», за Паркавай – навошта нам лес?

Калі ахвяраваць зялёнымі зонамі і ўшчыльняць, у Менску можна пабудаваць жыллё яшчэ для паўмільёну грамадзянаў. Праўда, да старту «Утульнага» мы былі не ў курсе, што можна так ставіцца да Менску…

Дзяніс Бетонны / АА, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў