Колькі каштуе палітычны зняволены?

Гучную ініцыятыву аб выкупе палітычных зняволеных я б ахарактарызаваў як «інфантыльны авантурызм». З мэтай прыцягнення ўвагі, а не дзеля дасягнення якіх-небудзь канкрэтных і рэальных задач.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ганна Канавалава (у цэнтры), маці палітзняволенай Антаніны Канавалавай, з унукамі Настай і Ванем бярэ ўдзел у нядзельнай акцыі беларусаў у Варшаве, прысвечанай дню палітвязня і гадавіне гібелі Вітольда Ашурка. Варшава, Польшча. 22 траўня 2022 года.
Фота: ВО / Белсат

Эфект ад ініцыятывы ўжо ёсць. Як і шырокая дыскусія на гэтую тэму. Аднак праз пару дзён яна знікне з навінавых стужак.

У апазіцыйнай прасторы не раз з’яўляліся выбуховыя ідэі: сабраць грошы на снайпера, або для тых, хто арыштуе Лукашэнку, на квіток яму ў космас. Разам з тым паміж гэтымі ідэямі прасочваюцца ашаламляльныя псіхалагічныя адрозненні. Калі казаць пра ганарар за арышт Лукашэнкі, у гэтым праекце відавочны перш за ўсё выклік сістэме, упэўненасць у перамозе. У пытанні выкупу выразна гучыць матыў капітуляцыі, прыгнечанасці і бяссілля. Учора «мы» былі гатовыя вязаць Лукашэнку па руках і нагах, заклікалі міжнародную супольнасць прызнаць яго рэжым тэрарыстычным, а сёння «мы» прапануем з ім гандлявацца, чакаем прапановаў з яго боку.

Але дапусцім на хвілінку, што ўлады пойдуць на такі гандаль. У колькі яны могуць ацаніць жыццё і свабоду беларускага палітычнага зняволенага?

Да прыкладу, бацькі Софʼі Сапегі вымушаныя былі заплаціць кампенсацыю (выкуп) дзяржаве памерам 146 тыс. рублёў, каля 60 тыс. еўраў. У 2021 годзе родныя затрыманых супрацоўнікаў «Прэс-клубу» пералічылі на рахунак да 110 тыс. рублёў (42,6 тыс. долараў) у якасці пагашэння нібыта нанесенай шкоды. Цяжка сказаць, ішла ў дадзеным выпадку гаворка пра 4-х затрыманых супрацоўнікаў арганізацыі або галоўным чынам пра кіраўніцу Юлію Слуцкую.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цырымонія ўручэння ўзнагарод Прэс-клубу Польшчы і Міжнароднай асацыяцыі прэс-клубаў, на якой журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова сталі ўладальніцамі спецыяльнай узнагароды Прэс-клубу Польшчы. Заснавальніца Прэс-клубу Беларусі Юлія Слуцкая ўзнагароджаная прэміяй Міжнароднай асацыяцыі прэс-клубаў за свабоду слова. Варшава, Польшча. 22 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

У перыяд з канца 2020 і на пачатку 2021 года Лукашэнка намякаў, што свабоду Эдуарда і Віктара Бабарыкаў ён ацэньвае на 8 млн долараў. У выніку пасля вынясення «прысуду» Віктару Бабарыку судовы штраф склаў 11 млн. Фактычна столькі, колькі апазіцыйныя актывісты сабраліся заплаціць за злоў Лукашэнкі.

На сённяшні дзень у Беларусі ёсць больш за тысячу чалавек, якіх лічаць палітычнымі зняволенымі. Многія з іх ужо прысуджаныя да паказальна суровых тэрмінаў зняволення, якія можна прыраўняць да пажыццёвых, а некаторых могуць прысудзіць і да пакарання смерцю. Калі дапусціць, што стаўка за зняволенага можа вагацца ў межах ад 15 да 50 тыс., то ў выніку атрымліваецца сума ад 15 да 50 млн еўраў. Безумоўна, за тых, каго прысудзілі да доўгіх турэмных тэрмінаў, могуць патрабаваць больш, як і ў дачыненні тых, каму пагражае пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне.

Але гэты шалёны гандаль магчымы толькі ў тым выпадку, калі ўлады гатовыя пайсці на гэта, што вельмі сумнеўна. Агулам, гаворачы аб такіх ініцыятывах, мы маем справу з павярхоўным разуменнем сітуацыі ў краіне.

Лукашэнку грошы не патрэбныя. Што такое 50 млн ці нават 100 млн, калі эканоміка краіны ды набліжаныя да ўлады алігархі губляюць ад санкцыяў і ізаляцыі мільярды?

Яшчэ ў 2020–2021 годзе дыктатар і ягонае асяроддзе вызначылі ўмовы «вызвалення» і паслаблення тэрору ў краіне:

1) адмена ўсіх санкцый (эканамічных і палітычных);

2) прызнанне Лукашэнкі легітымным кіраўніком краіны і спыненне замежнай падтрымкі для апазіцыі;

3) прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта з боку зняволеных (г. зн. прызнанне віны і пакаянне).

Ці ёсць гатовасць дэмакратычнай супольнасці задаволіць патрабаванні тырана пасля двухгадовага тэрору? Гэта азначала б абсалютную перамогу аўтарытарнай улады на чале з Лукашэнкам, маральную і псіхалагічную перавагу той чэрні, якая яму служыць і прыніжэнне тых, хто кінуў выклік рэжыму выклік у 2020–2022 гг. Вынік будзе відавочны. Мярзотнікі будуць радавацца, ездзіць па замежжах, высылаць туды сваіх дзяцей і кпіць з сваіх ахвяр, кажучы ўголас «Можам паўтарыць».

Белорусы провели акцию у посольства Беларуси в Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларус трымае ў руках плакат з імёнамі палітвязняў. У польскай сталіцы прайшла акцыя пратэсту каля амбасады Беларусі ў Польшчы. Варшава, Польшча. 21 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

Хачу адзначыць, што пытанне выкупу зняволеных – зваротны бок дыскусіяў аб тым, ці варта выдаваць шэнгенскія візы сямейнікам (дзецям) для вучобы і падарожжаў функцыянераў карна-фальсіфікацыйнага апарату. Бо дзеці за бацькоў не адказваюць, нават калі бацькі з усёй стараннасцю ўдзельнічаюць у знішчэнні беларускага грамадства, разбураюць жыцці іншых дзяцей. Гэтыя бацькі будуць атрымліваць ганарары з выкупаў за зняволеных і адпраўляць сваіх дзяцей у Варшаву, Берлін, Парыж. Для мяне адказ відавочны. Ніякіх выключэнняў. Падобныя дыскусіі аб выбарчых санкцыях непрымальныя да заканчэння вайны ва Украіне і падзення рэжыму Лукашэнкі.

Вернемся да выкупу. Мяркую, што сёння ніхто не гатовы пайсці на выкананне таго ўльтыматуму, які выставіў Лукашэнка. Адпаведна, аб вызваленні палітычных зняволеных гаворкі не ідзе. Занадта высокія стаўкі для Лукашэнкі. Пайсці на гандаль з Лукашэнкам, пачаць выплачваць яму даніну за ахвяры тэрору ў цяперашніх умовах азначае поўную капітуляцыю і страту ўсяго.

Больш за тое, выплата даніны, прызнанне перавагі злачынца зусім ніяк не паўплывае на палітыку ўнутранага тэрору. Зʼявяцца новыя тысячы зняволеных. Як гэта было пасля 2006 і 2010 гадоў. Лукашэнку патрэбная абсалютная, выразная перамога і прызнанне, і прапанова гандлю з ім дае яму гэтую перамогу.

Павел Усаў /ММ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў