Павешанне селядца, катанне яек на могілках, сапраўднае ўкрыжаванне: Вялікдзень у розных краінах


Сёлета 31 сакавіка каталікі па ўсім свеце святкуюць Вялікдзень – дзень Уваскрашэння Сына Божага Ісуса Хрыста. Самы пазнавальны сімвал гэтага свята, які прысутнічае, напэўна, ува ўсіх хрысціянскіх культурах, – яйка як знак новага жыцця. Але адначасова ў кожнай краіне ёсць свае ўнікальныя традыцыі. Пагутарылі пра святкаванне галоўнага хрысціянскага свята з беларусамі, якія цяпер жывуць у Літве, Польшчы, Грузіі, а таксама паглядзелі на самы незвычайны велікодны звычай у адной з азіяцкіх краінаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Літоўскія вернікі трымаюць ядловец падчас імшы ў Вербную нядзелю ў рымска-каталіцкім касцёле Святога Францішка Асізскага ў Вільні, Літва. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Mindaugas Kulbis / AP Photo / East News

Літва

«Віленскія пальмы – нашая супольная з Літвою спадчына»

Літва – пераважна каталіцкая краіна. Паводле перапісу 2021 года, каталікі тут складаюць 74,19 % насельніцтва. Літоўскія велікодныя традыцыі з аднаго боку моцна падобныя да таго, як святкуюць каталікі ў іншых краінах свету, а з другога – маюць у сабе шмат незвычайнага і самабытнага. Паколькі Літва прыняла хрысціянства толькі ў XIV стагоддзі, у яе традыцыях захавалася больш паганскіх матываў.

За тыдзень да Вялікадня ў Літве, як і па ўсім свеце ў Каталіцкім Касцёле, адзначаюць Вербную, ці Пальмовую нядзелю – успамін уваходу Ісуса Хрыста ў Іерусалім з пальмавымі галінкамі ў руках. У нашых шыротах пальмы няма, таму яе замяняюць дрэвам, якое распускаецца раней за іншыя – вярбою. Галінкі вярбы вернікі ўпрыгожваюць і нясуць іх асвячаць у касцёл. У Літве замест вярбы выкарыстоўваюць ядловец ці адмысловыя «пальмы» з сухацветаў, розных траваў, каласоў. Віленскія пальмы сталіся культурніцкаю з’яваю Літвы. Яны маюць у сабе глыбокі сімвалізм і адсылаюць да пальмаў у райскім садзе.

«Віленскія пальмы для мяне, хоць яны і лічацца з’яваю менавіта літоўскай культуры, – гэта напамін пра дзяцінства і Беларусь, – кажа Таццяна, гарадзенка, якая стала жыве ў Вільні ўжо два гады. – Да нас іх таксама прывозілі з Літвы, а яшчэ іх рабілі сваймі рукамі ў вёсках Гарадзенскай вобласці. Я кожны год з дзяцінства бачыла ў касцёле гэтыя пальмы – і маленькія ў вернікаў, і вялізныя, якія неслі святары. Пальмы прынята спальваць перад пачаткам Вялікага посту, аднак у мяне рука не падымалася знішчаць гэтую прыгажосць. У Беларусі ў мяне засталося некалькі вазаў, поўных віленскіх пальмаў. І тут я працягваю гэтую традыцыю – упрыгожваю імі сваю кватэру. Думаю, гэта нашая супольная з Літвою спадчына».

Інтэрв’ю
Ксёндз Зміцер Прыступа: «Каля труны Хрыста стаяла варта, але Ён уваскрос. Не губляйма надзеі»
2023.04.09 11:00

Яйкі чорнага колеру і «дзіцячы Вялікдзень»

Даследнікі лічаць, што традыцыя аздабляць вербы і гандляваць імі існавала на Віленшчыне здаўна: у пісьмовых крыніцах гэты звычай сустракаецца ў XVI стагоддзі. Найбольш раннім іконаграфічным сведчаннем існавання віленскай традыцыі ўпрыгожваць галінкі вярбы ёсць карціна Канутыя Русецкага, напісаная ў ХІХ стагоддзі. На ёй мастак стварыў вобраз беларускай дзяўчынкі ў нацыянальным строі з каляровымі пальмамі на фоне касцёлу Святога Міхала.

У Велікодную нядзелю каталікі ў Літве ідуць у касцёлы, а потым сядаюць за святочны стол, галоўны сімвал якога – велікодныя яйкі.

«У літоўскай мове яны называюцца «margutis». Іх і сёння часта аздабляюць старажытным паганскім арнаментам, які сімвалізуе энергію жыцця, урадлівасць, каханне, змену пакаленняў. Я гэта пачула на занятках літоўскай мовы, – зазначае Таццяна. – Традыцыйныя колеры літоўскіх велікодных яек, дарэчы, чорны і карычневы, сімвалізуюць зямлю».

Над велікодным сталом, паводле літоўскай традыцыі, трэба павесіць птушку, вырабленую з саломы ці іншых матэрыялаў. Гэта водгалас паганскага мінулага, калі людзі верылі, што ў птушках знаходзяць прытулак душы памерлых продкаў.

Першая нядзеля пасля Вялікадня ў Літве – «дзіцячы Вялікдзень» (Atvelykis). Гэты дзень прысвечаны дзецям: для іх ладзяцца розныя забавы. Таксама ў гэты дзень існуе традыцыя наведваць хросных бацькоў дзіцяці ці хросныя бацькі могуць наведаць дзяцей.

Польшча

«Шанаванне свята на ўзроўні дзяржавы»

У каталіцкай Польшчы вельмі багатыя велікодныя традыцыі, якія могуць адрознівацца ў залежнасці ад рэгіёну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі нясуць пальмавыя галінкі падчас працэсіі ў Вербную нядзелю ў Варшаве, Польшча. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Czarek Sokolowski / AP Photo / East News

«У Польшчы Вялікдзень – сапраўды вялікае свята. І гэта не столькі пра веру, колькі пра традыцыю, як мне здаецца. Святкуюць нават тыя, хто не верыць у Бога і ў касцёл звычайна не ходзіць, – кажа Алена, якая жыве ў Польшчы ўжо некалькі гадоў. – І хоць я бачу шмат знаёмага і агульнага з Беларуссю, аднак адрозненні таксама ёсць. І самае першае – шанаванне гэтага свята на ўзроўні дзяржавы».

Як і ў Літве, у Польшчы таксама ёсць традыцыя аздабляць галінкі вярбы, з якімі вернікі ідуць у касцёл у Пальмовую нядзелю. Ёсць рэгіёны, дзе вербы-пальмы вельмі падобныя да віленскіх. Вылучаюцца курпёўскія і гуральскія пальмы – іх робяць вялізнымі, нават некалькі метраў, кажа Алена.

Аб’ектыў
Каталікі і пратэстанты свету рыхтуюцца да Вялікадня
2024.03.28 19:54

Велікодны кошык: хто зробіць цікавей і прыгажэй

У суботу перад Вялікаднем каталікі ў Польшчы нясуць у касцёл кошыкі з ежаю, каб асвяціць яе.

«Тут ніякіх пакетаў, як гэта можна было ўбачыць у нас у Беларусі ў касцёлах. Толькі прыгожыя кошыкі. І часам такое адчуванне, што ў людзей спаборніцтва – хто зробіць цікавей і прыгажэй», – адзначае беларуска.

У велікодным кошыку мусіць быць пэўны набор прадуктаў. Найперш – булка ў форме барана, якая сімвалізуе Ісуса:

«Гэтыя бараны напярэдадні Вялікадня тут паўсюль прадаюцца, розных памераў, з рознымі складнікамі. Таксама не праблема набыць сабе адмысловую форму і спячы барана ўдома».

Акрамя барана, у велікодным кошыку маюць быць: мясныя стравы як сімвал канца пасту, фарбаваныя яйкі – сімвал новага жыцця, масла – знак дабрабыту, хрэн – сімвал горычы цярпення, соль – сімвал вытрываласці, вада – сімвал жыцця.

Павешанне селядца і палівальны панядзелак

«Адна з самых дзіўных традыцыяў, пра якія я тут пачула, – гэта павешанне селядца, – апавядае Алена. – Сутнасць у тым, што бяруць рыбу, вырабленую з дрэва ці іншых матэрыялаў, і прыбіваюць яе да дрэва ці вешаюць на ім. Гэта сімвалізуе сканчэнне Вялікага посту, што нарэшце можна есці мяса. Яшчэ ёсць такая традыцыя – умываць твар вадой, у якой гатаваліся велікодныя яйкі. Існуе павер’е, што гэта добра ўплывае на скуру».

Велікодны панядзелак у Польшчы – палівальны (Śmigus-dyngus, lany poniedziałek). Традыцыя раней была асабліва распаўсюджаная ў вёсках. У гэты дзень хлопцы аблівалі вадою дзеўчын. Лічылася, што абліванне – гэта своеасаблівае прызнанне ў пачуццях. Дзяўчына, каб пазбегчы аблівання, мусіла падарыць хлопцу фарбаванае яйка.

Велікодны панядзелак – гэта таксама выходны ў Польшчы.

«Вялікдзень у Польшчы – вельмі сямейнае свята, а акрамя таго – час, калі людзі адпачываюць. Таксама традыцыяй можна назваць, што ў гэтыя дні нічога не працуе: ні крамы, ні нейкія ўстановы», – зазначае беларуска.

Грузія

Пальмы з самшыту і карэньчыкі для фарбавання яек

Пра велікодныя традыцыі Грузіі нам апавяла карэспандэнтка «Белсату», якая жыве ў Батумі.

Вулічнае жыццё Тбілісі, уличная жизнь в Тбилиси
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стары горад увечары. Турыстычны цэнтр Тбілісі, Грузія. Красавік 2022 года.
Фота: Белсат

Грузія – пераважна праваслаўная краіна, каталікоў тут мала – каля 100 тысячаў усяго (прыкладна 2 % насельніцтва). Вялікдзень тут называецца Ахдгома.

«Першае адрозненне ад таго, як святкуюць у нас, якое кінулася ў вочы, – гэта букеты самшыту, якія тут выкарыстоўваюць замест вербаў. А сёлета дадалі яшчэ сапраўдныя лісты пальмаў, – адзначае нашая журналістка. – Яшчэ цікава, што гэтыя букеты не прадаюцца, як у нас, а бясплатна раздаюцца вернікам. Пальмовая, ці Вербная нядзеля па-грузінску – Бзоба, што літаральна азначае «дзень самшыту».

На Вялікдзень у Грузіі, як і ўва ўсім свеце, фарбуюць яйкі. Для гэтага тут традыцыйна выкарыстоўваюць карэнні марэны фарбавальнай, ці, як яе называюць грузіны, эндро. Калі згатаваць яйкі ў адвары эндро, яны атрымліваюцца ружовымі ці чырвонымі ў залежнасці ад канцэнтрацыі фарбавальніка.

«У суботу напярэдадні Вялікадня ў мясцовым касцёле праводзіцца служба. Праходзіць яна традыцыйна, як у нас, пачынаецца з запальвання вялізнай свечкі ад вогнішча каля касцёлу, – апавядае карэспандэнтка. – Летась падчас службы спяваў беларускі хор, потым чытанні ў касцёле былі на розных мовах – грузінскай, англійскай, расейскай, украінскай, беларускай».

Рэпартаж
Выпрабавана: фарбуем яйкі народнай традыцыйнай тэхнікай
2022.04.15 20:17

Застоллі на могілках

Больш урачыста ў Грузіі адзначаецца Вялікдзень паводле юліянскага календара, у праваслаўных. З пятніцы напярэдадні свята і да панядзелка ўсе ідуць на велікодныя вакацыі: не працуюць дзяржаўны ўстановы, школы. Гаспадыні пякуць адмысловую велікодную булку з мускатам, гваздзікаю, шафранам, цынамонам ды іншымі спецыямі. На святочны стол ставіцца джэджылі – гэтак прарослая трава – як сімвал новага жыцця і абнаўлення. На яе кладуць фарбаваныя яйкі. Такую кампазіцыю таксама можна ўбачыць у Велікодны тыдзень ва ўсіх крамах і ўстановах.

У цэрквах праводзяцца начныя велікодныя службы.

«Што цікава, у велікодную ноч адмыслова працуе метро ў Тбілісі, у Батумі – аўтобусы. Увесь грамадскі транспарт у гэты час бясплатны. Гэта робіцца, каб вернікі маглі дабрацца да дому пасля службы», – кажа нашая суразмоўца.

На другі дзень Вялікадня грузіны абавязкова ідуць на могілкі – наведваюць магілы сваякоў, на якіх абавязкова пакідаюць чырвонае яйка. Часта на магілах ладзяцца сапраўдныя застоллі – з булкамі і віном.

Дзень, калі піць віно – вялікі грэх

Велікодныя традыцыі Грузіі адрозніваюцца ў залежнасці ад рэгіёну. У Гурыі дасюль захоўваюць як культурную з’яву мужчынскую гульню – лело. У яе бавяцца толькі на Вялікдзень. Мяч для лело важыць 16 кілаграмаў і вырабляецца ўручную. Каманда, якая завалодала мячом, нясе яго на могілкі і там пакідае. Жанчыны не могуць гуляць у лело.

У горных раёнах праводзяцца спаборніцтвы па стральбе з луку па мішэнях, у ролі якіх выступаюць фарбаваныя яйкі. Таксама тут на магілах продкаў качаюць яйкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У Велікодную нядзелю, як і кожны год, дзве каманды супрацьстаяць адна адной у гульні лело. 16 красавіка 2023 года.
Фота: Antoine Boureau / Hans Lucas / AFP / East News

У Кахетыі, вядомай па ўсім свеце сваім віном, пятніца перад Вялікаднем, калі згадваецца мука Хрыста, – адзіны дзень на год, калі забаронена піць віно, гэта лічыцца вялікім грахом.

Самая жудасная велікодная традыцыя

Напэўна, найбольш дзіўна і відовішчна Вялікдзень святкуюць на Філіпінах – адзінай каталіцкай краіне ў Азіі. Тут вернікі надаюць вялізную ўвагу пакутам за грахі і ачышчэнню душы, і тое, як яны гэта робяць, шакуе нават Каталіцкі Касцёл, іерархі якой не раз прасілі жыхароў не праводзіць іх традыцыйных рытуалаў – крыжовы шлях з сапраўдным бічаваннем і ўкрыжаваннем.

Выглядае гэта так: частка мужчынаў, якія бяруць удзел у крыжовым шляху, б’юць сябе да крыві адмысловым бізуном, звязаным з некалькіх дзясяткаў бамбукавых палачак. Раней традыцыі былі яшчэ больш жорсткія: для самабічавання выкарыстоўвалі драўляную дубінку, у якую былі ўбітыя вострыя кавалкі шкла.

За тымі, хто бічуе сябе, ідуць мужчыны і нясуць цяжкія крыжы. За імі – удзельнікі працэсіі з вёдрамі з вадой, у якіх час ад часу спалоскваюць бізуны.

Кульмінацыя – укрыжаванне ў Вялікую пятніцу каля 15:00, часу смерці Хрыста. Некалькіх мужчынаў, якія ўвасабляюць Хрыста, насамрэч прыбіваюць да крыжа. Дзеля гэтага выкарыстоўваюць адмысловыя цвікі, сродак для дэзынфекцыі. Прыбівае адмыслова навучаны чалавек, які ведае, як забіць цвікі ў рукі і ногі так, каб не пашкодзіць костак. Крыжы з прыбітымі мужчынамі падымаюць над імправізаванаю Галгофаю. Гэтак яны стаяць некаторы час, пасля чаго ўкрыжаваных здымаюць, кладуць на насілкі, адносяць у цень, дзе імі займаюцца медыкі.

За ўсім гэтым назіраюць тысячы людзей. Каб паглядзець на ўкрыжаванне, адмыслова прыязджаюць турысты. Вакол «Галгофы» працуюць намёты з ежай і алкаголем, гучыць музыка.

Яшчэ адна ўнікальная філіпінская традыцыя падчас Вялікага тыдня напярэдадні Вялікадня – пабаса (pabasa), малітоўны спеў пра жыццё, пакуты і ўваскрашэнне Хрыста. Семʼі і супольнасці па чарзе спяваюць адмысловыя вершы, ствараючы бесперапынную мелодыю, якая можа доўжыцца гадзінамі ці нават днямі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў