Аблава на адвакатаў і паўторны суд за данаты. Рэпрэсіі за 29 лютага


«Белсат» працягвае адсочваць рэпрэсіі ў дачыненні беларусаў, якія выступаюць супраць гвалту, фальсіфікацыяў і вайны.

Гадавіна Слуцкага збройнага чыну
Удзельнікі марша на Дзень беларускіх герояў ідуць са сцягамі і банэрамі ў падтрымку палітвязняў. Варшава, Польшча. 26 лістапада 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат.

Паводле звестак праваабаронцаў, падчас рэйду КДБ напрыканцы студзеня за атрыманне прадуктовай дапамогі ад «INeedHelpBY» пад пераслед трапілі не менш як 287 асобаў. У адміністратыўных справах асудзілі прынамсі 127 асобаў, 100 з якіх – паводле арт. 24.15 КаАП («Выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі»). Суды ў гэтых справах прызначаюць вялікія штрафы з кампенсацыяй сумы аплаты ў «Е-дастаўцы».

У пастановах, якія бачылі праваабаронцы, сустракаецца адна і тая ж фармулёўка, на падставе якой і выносіцца пакаранне. У прыватнасці, «атрыманне і выкарыстанне» прадуктовай дапамогі суддзі расцэньваюць як «пагрозу нанясення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам». Гэта выяўляецца ў «публічнай заведама неправамернай легітымізацыі дзеянняў асоб, якія здзейснілі правапарушэнні і злачынствы, у тым ліку шляхам надання ім псеўдастатусу «палітвязняў», незаконным нівеляванні наступстваў прыцягнення да адказнасці».

У Менску адбылася аблава на адвакатаў. Прыходзілі прыблізна да дзесяці асобаў. Паводле звестак выдання, рэйд зладзіў КДБ. Большасць адвакатаў пасля аблавы адпусцілі. Што стала прычынай, пакуль не вядома. Сярод версіяў – пераслед за данаты.

Гомельскі абласны суд вынес прысуд былому працаўніку жлобінскага БМЗ Дзмітрыю Шчарбіну, абвінаваціўшы яго ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы паводле ч. 1 арт. 130 КК. Суддзя Вадзім Бабыроў прысудзіў яму год калоніі. 29-гадовага Шчарбіну жорстка затрымалі амапаўцы ў кастрычніку 2023 года. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе. Пры гэтым паведамлялася, што яго не будуць далей пераследаваць, бо «палку ніхто не перагінае».

Менгарсуд вынес прысуд 50-гадоваму дальнабойніку Андрэю Бураку. Паводле следства, увечары 11 траўня 2023 года «кіроўца аўтамабіля DAF, які праязджаў міма спыненай ваеннай транспартнай калоны, зрабіў падрыў неўстаноўленай прылады, самастойна вырабленай з піратэхнічных вырабаў, кінуўшы яго ў бок вайскоўцаў і ваеннай тэхнікі». Папярэдне мужчыну вінавацілі ў хуліганстве, падчас следства з’явіўся артыкул аб удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні, а на судзе засталося толькі «экстрэмісцкае фармаванне». Суддзя Яўген Хаткевіч прызначыў Бураку 5 гадоў пазбаўлення волі.

Жыхарку Менску, супрацоўніцу адной з устаноў адукацыі, затрымалі ў яе кватэры і абвінавацілі ў вывешванні бел-чырвона-белага сцяга на акне. Суд адправіў яе на 14 содняў адміністрацыйнага арышту.

У Горадні асудзілі мужчыну за кветкі і партрэт Аляксея Навальнага, пакладзеныя ім каля генеральнага консульства РФ. Ягоныя дзеянні палічылі пікетам. Мужчыну асудзілі на 10 содняў.

Палітзняволенага айцішніка Аляксандра Зіязэтдзінава другі раз судзяць за данаты. Яго восенню 2022 года ўжо асудзілі на тры гады калоніі паводле ч. 1 арт. 361-2 («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») за перавод крыптавалюты ў BYPOL. Але 29 лютага ў Менскім гарадскім судзе яго зноўку пачалі судзіць. Зіязэтдзінава абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-2 і ч. 2 арт. 290-1 («Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці»). Яму пагражае да 15 гадоў калоніі.

Сілавікі затрымалі двух жыхароў Горадні. Сцвярджаецца, што яны нібыта ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, пакідалі абразлівыя каментары і распаўсюджвалі «экстрэмісцкія матэрыялы».

У Смаргоні затрыманы мужчына, які 27 лютага сарваў чырвона-зялёны сцяг з крамы. У дачыненні 35-гадовага мясцовага жыхара заведзеная крымінальная справа.

Сілавікі затрымалі мужа і жонку з Фаніпалю. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах. Таксама праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі кадры таго, як сужэнцаў заводзяць у камеры.

Затрыманая супрацоўніца адной з медустановаў Менску. Жанчыну прымусілі на камеру сказаць, што яна ўдзельнічала ў пратэстах 2020 году. Прапагандысты ўдакладнілі, што ў дачыненні да яе распачалі крымінальную справу.

Сілавікі затрымалі менеджара продажу. Сцвярджаецца, што ён нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».

Інтэрпол заблакаваў даныя беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта – яго арыштавалі ў Сербіі на запыт беларускіх уладаў. Арганізацыя праверыць, ці сапраўды падставы, на якіх МУС Беларусі абвясціў Гнёта ў вышук праз Інтэрпол, эканамічныя. Цяпер суд у Бялградзе вырашае, ці трэба экстрадаваць Гнёта ў Беларусь. У 2020-м рэжысёр спрычыніўся да заснавання Вольнага абʼяднання спартоўцаў SOS BY.

У Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў з’явіліся сацсеткі гумарыстычнага праекту «Белсату» «Хай Так TV». Пры гэтым тэлеграм і інстаграм выдання былі прызнаныя экстрэмісцкімі ўжо ў другі раз.

Таксама экстрэмісцкімі прызнаныя песня «10 миллионов рабов» гурта «Дай Дарогу», кнігі «Тень Победы» Віктара Суворава, «Год 1942 – «учебный» Уладзіміра Бешанава і «ВЕЛЕС – БОГ РУССОВ. Неизвестная история русского народа» Аляксандра Бялова, telegram-каналы і чаты «Беларусы и Ко в Эстонии 97», «Твари Добруша», «‡ BASED.ВY ‡», «Княства базаванае», Instagram старонка «libertas_belarus» з лагатыпам, YouTube-каналы «ЖестЬ Доброй Воли», «Саша, что ты несешь?!»? відэаролік «Навошта Лукашэнку выбары і што рабіць апазыцыі», сайт і сацсеткі ініцыятывы «Association of Belarusians in America», сайт і сацсеткі праекту «Правовая инициатива», мабільная аплікацыя «Радыё Свабода», чат-бот «BELPOL», старонка ў «Аднакласніках» «Вольная Беларусь», tikTok-старонкі «ЖестЬ Доброй Воли», «witzmag», «Виктория Райская», «Małaja», «Artem», «madeinminsk», «Типичный Борисов Беларусь», «ОБЫЧНОЕ УТРО», «damkretor».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў