Менчука будуць паўторна судзіць за «данаты». Палітвязню пагражае да 15 гадоў


Палітвязня Аляксандра Зіязэтдзінава, якога раней ужо пакаралі трыма гадамі калоніі за перавод крыптавалюты ў «BYPOL», будуць судзіць за ахвяраванні другі раз. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Аляксандр Зіязэтдзінаў.
Фота: spring96.org

29 лютага Аляксандра Зіязэтдзінава зноўку будуць судзіць у Менскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-2 («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») і ч. 2 арт. 290-1 («Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці»). Цяпер мужчыну пагражае да 15 гадоў калоніі. Справу будзе разглядаць суддзя Алена Шылько.

Восенню 2022 года за перавод крыптавалюты ў «BYPOL» 35-гадовага менчука прысудзілі да трох гадоў калоніі. Зіязэтдзінава абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-2 КК («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання») за пералічэнне ў траўні 2021 года 0,2 эфіру (каля 800 долараў) на крыптагаманец «BYPOL». Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомыя.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў