У беларускім МЗС заявілі, што «ўкраінскія сябры абралі не той шлях»


Намеснік міністра замежных справаў Беларусі Ігар Назарук распавёў, што беларуска-украінскія стасункі дэградавалі. Дыпламат нагадаў, што Украіна выйшла з шэрагу пагадненняў з Беларуссю, піша sb.by.

Намеснік міністра замежных справаў Беларусі Ігар Назарук.
Фота: SB.BY

Украіна выйшла з шэрагу пагадненняў з Беларуссю, сярод якіх пагадненні аб паветраных зносінах, аб узаемных пастаўках узбраення, аб дадатковых захадах даверу і бяспекі, а таксама аб супрацы ў навукова-даследчай дзейнасці і ахове інтэлектуальнай уласнасці. Усё гэта з’яўляецца дэградацыяй двухбаковых стасункаў, лічаць у беларускім МЗС.

«Разрыў украінскім бокам пагадненняў не зʼяўляецца ініцыятывай Беларусі. З той пазіцыі, з якой Украіна зараз вяшчае ў свет… Скажам так: па іх логіцы гэта вытлумачальна. Мы ж гаворым, што Беларусь заўсёды зʼяўлялася ключавым элементам на еўрапейскай карце бяспекі: Менск неаднаразова выконваў высакародную місію быць месцам для перамоваў, для вырашэння вельмі сурʼёзных канфліктных сітуацый. Мы і зараз прапануем сябе ў такой якасці, гэта нядаўна пацвердзілі прадстаўнікі Ватыкана. Лёгка абарваць сувязі, вельмі складана іх потым наладжваць.

Час пакажа. Беларускі бок, народ Беларусі, урад, прэзідэнт заўсёды паказвалі мудрасць, спакой і вытрымку ў самых крытычных і складаных сітуацыях. І гэтая сітуацыя стане яшчэ адным пацвярджэннем, той лакмусавай паперкай, якая будзе сведчыць аб нашай слушнасці», – завіў намеснік міністра замежных справаў Беларусі Ігар Назарук.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў