Адна забітая асоба і дзясяткі скалечаных лёсаў. Два гады таму ў страляніне з КДБ загінуў Андрэй Зельцар


28 верасня 2021 года ў Менску падчас штурму кватэры загінуў работнік «EPAM Systems» Андрэй Зельцар. Ён смяротна параніў аператыўніка КДБ і быў забіты агнём у адказ. Паводле падлікаў праваабаронцаў, за каментары ў сацыяльных сетках з нагоды здарэння былі засуджаныя больш за 100 асобаў, а ўдаву спадара Андрэя скіравалі на прымусовае лекаванне.

Два гады таму ў страляніне з КДБ загінуў Андрэй Зельцар.
Фота: Белсат

«Андрэй Зельцар – герой, Лукашэнка – тэрарыст». З такімі плакатамі беларусы Польшчы зладзілі пікет каля амбасады Беларусі ў Варшаве ў дзень забойства работніка «EPAM Systems».

28 верасня 2021 года супрацоўнікі КДБ уварваліся ў кватэру Зельцара на вуліцы Якубоўскага ў Менску. Яго планавалі затрымаць паводле абвінавачання ў датычнасці да тэрарыстычнай дзейнасці. Аднак Зельцар даў адпор. У выніку страляніны загінуў ён і працаўнік КДБ Дзмітрый Федасюк.

Здарэнне без перабольшвання скаланула грамадства. З аднаго боку – абвінавачанні на адрас «тэрарыста» Зельцара, з другога – абурэнне гвалтам, учыненым сілавікамі, што прыводзіць да ахвяраў.

Hавiны
Ад «хатняй хіміі» да прымусовага лекавання і «тэрарыстычнага спісу» КДБ: лёсы затрыманых па «справе Зельцара»
2022.09.28 12:47

Першаю затрыманаю сталася ўдава забітага Марыя Успенская, якая на свае вочы бачыла ўсё, што адбылося. Яе абвінавацілі ў суўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ. У леташнім чэрвені суддзя Менскага гарадскога суда Валянціна Зянькевіч спагнала з жанчыны 100 тысячаў рублёў «кампенсацыі маральнай шкоды» і скіравала жанчыну на прымусовае лекаванне ў цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках. Дакладны тэрмін у такіх выпадках не вызначаецца: да выздараўлення.

Успенская дасюль у зняволенні.

Былая палітзняволеная, якая сядзела з удавой Зельцара ў адной камеры на Акрэсціна, апавядала, што жанчына пасля допыту ў КДБ была «ў нулявым стане»:

«Яна не разумела, што адбываецца. Для яе гэта быў фільм жахаў, які некалі скончыцца. Я ніколі не забуду, як яе запіхнулі ў камеру: яна ў чорнай куртцы мужа, чорным швэдры, чорных нагавіцах і басанож».

Інтэрв’ю
«Андрэй не мог не даць адпор». Размова з сябрам забітага сілавікамі менчука
2021.09.29 15:26

Сёлета ў лютым праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што за каментары з нагоды забойства Зельцара і рэпосты былі затрыманыя не менш за 124 асобы. Амаль усім прызначаюць тэрміны ў калоніі паводле абвінавачванняў у знявазе прадстаўніка ўлады і распальванні сацыяльнай варожасці.

За невялікую публікацыю з каментаром аднакласніцы Зельцара засудзілі журналіста «Комсомольской правды» Генадзя Мажэйку. Суддзя Менскага гарадскога суда Таццяна Фалькоўская прызначыла яму 3 гады калоніі нібыта за распальванне варожасці.

Аналітыка
У Нірваны не было шанцаў, а Зельцар мог выжыць? Расследаванне падвойнага забойства ў Менску
2022.05.13 14:34

Сёння ў Варшаве каля амбасады Беларусі а 18:00 пачнецца акцыя памяці Андрэя Зельцара.

«У Беларусі – незаконныя і нелегітымныя ўлады, якія чыняць палітыку тэрору і рэпрэсіяў супраць беларусаў. І гэтыя ўлады – гэбэшныя, баяцца супраціву, таму вельмі шмат беларусаў былі зняволеныя і катаваныя за словы падтрымання гераічнага чыну Андрэя Зельцара», – гаворыцца ў паведамленні лідара руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка.

Мітынг на гадавіну гібелі менчука сёння ўвечары адбудзецца і ў Вільні, таксама каля амбасады Беларусі. Пачатак – а 19:00.

Сёлета ў сакавіку Рада БНР пасмяротна ўзнагародзіла Андрэя Зельцара медалём Ордэну Пагоні.

Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за часы лукашызму
2023.07.13 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў