Канал міграцыі актывізаваўся: тры дні запар з Беларусі ў Літву спрабуюць прарвацца больш за 120 чалавек


Гэта яшчэ не рэкорд за ўвесь час, але тэндэнцыя насцярожвае: з Беларусі ў Літву ўсё больш масава ідуць грамадзяне трэціх краінаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Літоўскі памежнік каля літоўска-беларускай мяжы. Літва. 20 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

За суботу 27 жніўня літоўскія памежнікі спынілі 125 чалавек, якія спрабавалі перайсці беларуска-літоўскую мяжу нелегальна, піша 15min.lt са спасылкаю на прэс-службу памежнікаў. 26 жніўня спынілі 122 чалавек, 25-га – 124. Пры тым у суседняй Латвіі за мінулы дзень не заўважылі ніводнай спробы нелегальна перайсці мяжу.

Такая колькасць спробаў нелегальнага пераходу далёка не рэкордная: 9 лістапада мінулага года спынілі аж 281 чалавека. Але для гэтага года гэта рэкорд. А рост колькасці спробаў нелегальнага пераходу фіксуюць з канца ліпеня.

Меркаванні
Хто такія бежанцы і мігранты, і ці былі яны ашуканыя?
2021.12.17 18:16

Мігранты спрабуюць прайсці як там, дзе няма загародаў і сістэмаў абароны мяжы, так і там, дзе бар’ер ёсць. Паводле літоўскіх памежнікаў, беларускія службоўцы вучаць мігрантаў, як пераадолець бар’еры і якія месцы выбраць, а часам і самі рэжуць дрот, каб мігранты маглі прайсці.

Летась у Літву з Беларусі нелегальна трапілі каля 4,2 тысячы чалавек – збольшага грамадзяне краінаў Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Са жніўня мінулага года літоўскім памежнікам дазволілі выправаджваць назад у Беларусь мігрантаў, якіх злавілі на нелегальным пераходзе. З таго часу мігрантаў «развярнулі» больш за 13 тысячаў разоў.

Польскія памежнікі расказваюць тое самае: беларускія памежнікі пілуюць балгаркамі дзіры ў плоце і прапускаюць мігрантаў. З пачатку года польскія памежнікі зарэгістравалі больш за 7 тысяч спробаў парушыць мяжу з боку Беларусі.

Аналітыка
Тлумачым, чаму мігранты ідуць праз Беларусь на Нямеччыну і што кажуць улады
2021.11.10 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў