Беларусы не зрабілі выбару паміж ЕЗ і РФ? Гэта хлусня

У 2020 годзе, у час максімальнай палітычнай актыўнасці беларусаў за апошнія 20 гадоў, сотні тысяч нашых суграмадзянаў выходзілі з бел-чырвона-белым сцягам і Пагоняй. Гэтыя сцяг і герб – сімвалы барацьбы за незалежнасць Беларусі. Незалежнасць не ад Літвы ці Нямеччыны, а менавіта ад Расеі. І менавіта так гэты сцяг успрымаецца Лукашэнкам і Пуціным.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АК / Белсат

Сотні тысяч людзей выходзілі з нацыянальным сцягам, нягледзячы на тое, што за выхад з ім забівалі, катавалі і саджалі ў турму (і робяць так да гэтага часу). Колькі беларусаў выйшлі з трыкалорам у абарону Саюзнай дзяржавы? Хоць ім за гэта не пагражала ніякага гвалту, а толькі пахвала і прэмія?

Выбар, які зрабіла большасць беларусаў, ясны як дзень. Проста заўважаць яго не хацелі ні ў ЕЗ, ні ва Украіне. Заўважаць такое было нязручна і нявыгадна – гэта ж трэба не словамі абысціся, а рэальнымі дзеяннямі ўпісвацца. У Расеі ж наадварот: заўважылі, зразумелі і прынялі меры. А ў адкрыты канфлікт з расейскай арміяй упісвацца страшна нават арміі NATO. Затое беларусы без зброі голымі рукамі павінны былі перамагчы расейскую армію, з якой NATO баіцца ўступаць у адкрыты канфлікт і з якой вядзе найцяжэйшыя баі войска Украіны. 10 мільёнаў бяззбройных беларусаў не могуць быць мацнейшыя ад арміяў Украіны і NATO.

Не здымаючы адказнасці за тое, што адбываецца ў краіне, з нас саміх, вы сур’ёзна верыце, што мы былі здольныя перамагчы расейскую армію голымі рукамі? Ці вам так проста зручна думаць, каб дапамагаць толькі так, каб «не раззлаваць Пуціна»?

І да чаго гэта прывяло? Да таго, што войска Пуціна захапіла Беларусь і выкарыстоўвае як плацдарм для нападу на Украіну пры супраціве беларусаў (тысячы сядзяць у турмах) і пры бяздзейнасці ЕЗ. Дапамога была, але, як бачым, яе было не дастаткова.

Аналітыка
Новы віток эскалацыі. Што трэба ведаць пра пагрозу ўцягвання Беларусі ў вайну супраць Украіны
2022.06.27 20:03

Найкарацейшая дарога на Кіеў ляжыць праз Беларусь. Атакавалі Кіеў толькі з боку Беларусі. Пуцін падтрымаў Лукашэнку толькі дзеля таго, каб у яго быў плацдарм для нападу на Кіеў. Без падтрымкі Пуціна Лукашэнка не выстаяў бы ў 2020 годзе. Падтрымка Пуціна – дыпламатычная, фінансавая, вайсковая – гэта неабходная і дастатковая ўмова захавання ўлады Лукашэнкі.

Уявім сабе, што ў 2020 годзе Пуцін падтрымаў каго заўгодна, акрамя Лукашэнкі. Ці проста сказаў бы: «Лукашэнка, беларусы зрабілі свой выбар, калі ты не зразумеў, войскі АДКБ дапамогуць». Што было б? Сумневаў няма – Лукашэнка ні дня не быў бы ва ўладзе. Гэтая фантазія патрэбная для таго, каб прадэманстраваць, хто – ключавая ўмова захавання ўлады Лукашэнкі і хто – рэальная ўлада ў Беларусі.

Не існуе ніякай «незалежнай Беларусі пры Лукашэнку», калі крамы беларускіх кніг знішчаюцца, школы беларускія зачыняюцца, ні адзін рэальна папулярны беларускі паэт, пісьменнік, філосаф, журналіст ці спявак не можа выступіць у Беларусі адкрыта. Усе яны жывуць і працуюць у выгнанні, дзесяцігоддзямі, а цяпер яшчэ і сядзяць у турмах.

Якія дзеянні ў вонкавай палітыцы Беларусь можа зрабіць супраць волі Расеі? Нуль. У культуры? Нуль. Ва ўнутранай палітыцы? Нуль.

Нам, беларусам, балюча і непрыемна гэта прызнаваць, але мы, на жаль, на сёння не незалежная дзяржава, а гібрыдная расейская калонія, якую імперыя не хоча адпускаць.

Гісторыі
«Тут 9 гадоў майго жыцця». Беларуска, якая даследуе расейскія злачынствы, вымушаная з’ехаць з Украіны
2022.06.27 18:49

Парадокс, але тое ж самае няёмка прызнаваць і ЕЗ, і Украіне. Давядзецца з гэтым нешта зрабіць, калі ў цэнтры Еўропы – гібрыдная калонія. Зусім іншая справа, калі сказаць, што гэта проста беларусы такія нязграбныя, не змаглі голымі рукамі Пуціна перамагчы, якога ўвесь свет прывык дзесяцігоддзямі бокам абыходзіць, вочы заплюшчваць і нафту купляць. Але заяц, хоць ты яго тысячу разоў качкай назаві, не паляціць. Таму мы і лічым, што на нашых суседзях – ЕЗ, Украіне – у нейкай ступені нават больш адказнасці за сённяшнюю вайну, чым на беларусах. Паколькі яны валодаюць несувымерна большым рэсурсам – і грашовым, і вайсковым, – чым беларусы.

«Каму больш дадзена, з таго больш і спытаецца». Лука, 12:48.

Таму мы другі год і звяртаемся да свету з просьбай аб дапамозе.

/ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў