«З’ехаць, каб не трапіць пад дывановую зачыстку сваіх жа». Як жыве Белгародская вобласць?


З сярэдзіны сакавіка ў Белгарадзе і ваколіцах амаль штодня гучыць сігнал паветранай трывогі – рэгіён зазнае ракетныя абстрэлы ды атакі беспілотнікаў. За апошнія два тыдні загінулі як мінімум 24 асобы. Як выглядае цяпер жыццё на Белгародчыне і якія настроі ў людзей? «Белсат» пагутарыў з мясцовымі жыхарамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Добраахвотнікі атраду самаабароны ля пашкоджанага абстрэлам аўтамабіля ў жылым раёне Белгараду, Расея. 22 сакавіка 2024 года.
Фота: Stringer / AFP / East News

Белгарад: вуліцы апусцелі

20-гадовая Алена жыве ў Белгарадзе, працуе SMM-спецыялісткаю. Кажа, што рэгулярныя абстрэлы апошняга часу моцна адбіліся на жыцці гораду. Закрываюцца розныя арганізацыі, цалкам перасталі працаваць некаторыя крамы. Асабліва адчувальна гэта было пасля моцнага абстрэлу 30 снежня 2023 года.

«Зачыняліся забаўляльныя ўстановы, кавярні, рэстараны, некаторыя крамы, напрыклад, сэканд-хэнды, пераносіліся канцэрты, – апавядае дзяўчына. – У горадзе стала заўважна менш людзей, многія кампаніі перайшлі працаваць дыстанцыйна, дзеці не хадзілі ў школы. Людзі з’язджаюць з гораду ў вёску ці ў іншыя гарады. Вуліцы заўважна апусцелі. Цяпер з Белгараду цяжка з’ехаць у Маскву ці Піцер – квіткоў можна не быць ужо за 5 дзён да паездкі».

Людзі вучацца жыць з амаль штодзённай ракетнай небяспекай. У Telegram з’явіўся канал, створаны нібыта вайскоўцамі паветранай абароны, дзе за хвіліну – дзве да афіцыйнага паведамлення з’яўляецца папярэджанне пра небяспеку абстрэлаў, кажа Алена:

«Чалавек прызвычайваецца нават да абстрэлаў. У шмат каго з маіх знаёмых ёсць трывожная валізка з дакументамі і аптэчкаю. Мы з маім маладым чалавекам ідзём у калідор, дзе няма вокнаў, калі гучыць сірэна. Яшчэ летась я прайшла курсы тактычнай медыцыны».

Людзі задаюць пытанні

Гэта псіхалагічна цяжка – жыць у такой атмасферы, адзначае суразмоўца:

«У шмат каго з маіх калегаў, сяброў, знаёмых ёсць прыкметы ПТСР. Я бачу на вуліцы людзей, якіх торгае пры гучных гуках ад нейкіх побытавых рэчаў: закрыцця дзвярэй, вывазу смецця і гэтак далей. Мне падаецца, гэта вельмі адаб’ецца на кожным белгарадцы. Вельмі цяжка цяпер жыхарам гораду».

А яшчэ цяжэй стала пасля тэракту ў падмаскоўным «Крокусе», зазначае Алена. Белгарадцы раз’юшаныя тым, што на смерць людзей у Маскве адрэагавалі ўсе: сэрвісы таксі, банкі, улады, медыясфера, а на штодзённыя ахвяры ў Белгародскай вобласці ніхто не звяртае ўвагі:

«Нават праўладныя гараджане пачалі задаваць уладам пытанні. Але рэзка іхныя погляды, вядома, не зменяцца».

Аналітыка
Вайна на тэрыторыі Расеі: як далёка Украіна можа дацягнуцца і на што гэта ўплывае?
2024.03.20 07:00

Алена была гатовая да абстрэлаў – з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ведала, што «раней ці пазней ракеты паляцець у Белгародскую вобласць, а не толькі з яе».

«Але гэта, безумоўна, вельмі цяжка перажываць, бо, у адрозненне ад ДНР, ЛНР, Херсонскай і Запарожскай вобласцяў, Белгарад – гэта Расея і заўсёды ёю быў», – кажа суразмоўца.

Курск: спакайней, чымся ў Белгарадзе

Нарадзінка Курску Юлія на працягу ўжо некалькіх гадоў вучыцца ў Белгародскім інстытуце мастацтваў і культуры, аднак апошнія два тыдні застаецца ў родным горадзе ў бацькоў – з’ехала якраз ад абстрэлаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына дастае аскепкі шкла з гаўбца ў пашкоджаным жылым доме ў Белгарадзе, Расея. 22 сакавіка 2024 года.
Фота: Stringer / AFP / East News

«Я з’язджала ў Курск і калі былі папярэднія моцныя абстрэлы, у канцы снежня, пасля Новага года, каб перачакаць, – апавядае Юлія. – У нас навучанне перавялі на дыстанцыйны рэжым. У канцы лютага на некаторы час ізноў вярнулі дзённае, да сярэдзіны сакавіка было больш-менш спакойна, але пасля 11 сакавіка зноў стала горш».

У Белгарадзе на ўскрайку гораду жыве бабуля Юліі. Падчас аднаго з абстрэлаў аскепак разбіў ёй вакно ў кватэры, аднак сама жанчына не пацярпела.

У Курску спакайней, кажа Юлія. Працягваюць працаваць розныя ўстановы ў горадзе, школы. Малодшая сястра нашай суразмоўцы ходзіць у школу, заняткі ў якой спынялі толькі на пару дзён падчас інтэнсіўных абстрэлаў.

«Часам гучыць сірэна, але такіх абстрэлаў, як у Белгарадзе, я пакуль тут не бачыла. У Курску адназначна спакайней, – кажа дзяўчына. – У Белгарадзе падчас абстрэлаў я заўсёды была ўдома, на шчасце, мой дом ні разу не пацярпеў, нават калі снарад прыляцеў у гарадскую адміністрацыю ў цэнтры, побач з якой я жыву».

Hавiны
Белгарад зноў трапіў пад абстрэл: чацвёра пацярпелі
2024.03.24 21:03

На дамах малююць указальнікі на сховішчы і пішуць, дзе ўзяць ключы

Яшчэ летась у Белгарадзе на дзвярах скляпенняў дамоў нанеслі надпісы «сховішча», кантакты, дзе шукаць ключы. Юлія жыве на першым паверсе, побач з скляпеннем – бегчы недалёка. У яе свой асобны ключ.

«У інстытуце нам праводзілі навучальную эвакуацыю, паказвалі, дзе сховішча. На дамах цяпер ёсць указальнікі са стрэлкамі на ўкрыцці, на прыпынках – адмысловыя канструкцыі з бетонных плітаў, на іх напісана «сховішча». Ёсць указальнікі, дзе аптэчка. Я нядаўна праходзіла побач з такім, але самой аптэчкі там, куды ўказвала стрэлка, не ўбачыла», – апавядае студэнтка.

Юлія не ведае, калі вернецца ў Белгарад. Вучоба пакуль ізноў дыстанцыйная, імаверна, да канца навучальнага года такой і застанецца. На наступны год студэнтка сур’ёзна думае пра ад’езд далей ад Белгараду, каб спакойна давучыцца.

Настроі і думкі ў жыхароў розныя, кажа дзяўчына. Шмат трывогі і страху выказваць свае погляды.

«Нашыя выкладчыкі транслююць тое, што кажуць у тэлевізары, тое самае нам пераказваюць. У студэнтаў розныя настроі, але не вельмі часта гэта абмяркоўваецца, як я бачу, людзі стараюцца сфакусавацца на сваіх справах і менш звяртаць увагі на тое, што навокал адбываецца. Магчыма, баяцца, – разважае Юлія. – Каму ўдаецца, з’язджаюць. Шмат тых, з кім я летась вучылася, з’ехалі. Пасля новага года адчувальна менш людзей у горадзе стала».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рабочы здымае пашкоджаныя шкляныя панэлі на «Белгарад-Арэне» пасля авіяўдараў у Белгарадзе, Расея. 21 сакавіка 2024 года.
Фота: Stringer / AFP / East News

«Пачаліся выбухі, такія гучныя, што аж зямля трэслася»

Мы пагутарылі з яшчэ адною студэнткаю Белгародскага інстытуту мастацтваў і культуры – Святланай, якая таксама цяпер у Курску. У Белгарадзе дзяўчына жыла ў інтэрнаце: падчас абстрэлаў адміністрацыя заўсёды збірала студэнтаў і спускала ў скляпенне, тое ж рабілі ў інстытуце.

У Курску таксама здараюцца абстрэлы, апавядае суразмоўца:

«Надоечы я ішла дамоў, пачалася сірэна, потым выбухі ці, як у нас кажуць, «хлопки», такія гучныя, што аж зямля трэслася, было вельмі некамфортна. Я прыціснулася да найбліжэйшага бетоннага плоту, каб на галаву вельмі шмат не пасыпалася, потым паспрабавала ўстаць, пачула, што там нешта сыплецца, пачала тэлефанаваць брату. Потым уначы мне было вельмі блага, на фоне стрэсу паднялася тэмпература».

Нягледзячы на ўсё гэта, што ў цэнтры Белгараду, што Курску мясцовыя ўлады ўсімі сіламі імкнуцца падтрымаць жыццё. Аднак у той жа час у ваколіцах буйных гарадоў закрываюцца дзіцячыя садкі, школы. Дзяцей вывозяць у іншыя рэгіёны Расеі, па санаторыях рассяляюць, каб давучыць.

«Але гэта ўсё часовыя захады: не ведаю, што яны будуць рабіць далей», – адзначае Святлана.

Меркаванні
Не атрымліваецца ў расейцаў абараняць сваю зямлю
2024.03.12 20:49

«Вельмі раніць абыякавасць»

Святлане цяжка вучыцца дыстанцыйна: ейная музычная спецыяльнасць патрабуе вочнай працы з выкладчыкамі.

«Дыстанцыйны рэжым навучання вельмі моцна адбіваецца на якасці адукацыі, – кажа студэнтка. – Некаторыя навучэнцы ў нас па сваёй ініцыятыве прыязджаюць на заняткі, хоць рэктарат не настойвае, тое ж я бачу сярод студэнтаў-медыкаў – яны пішуць заявы і выходзяць з дыстанцыйнага рэжыму, каб нагнаць праграму. Я думаю, каб некуды перавесціся, каб спакойна скончыць навучанне. Хутчэй за ўсё, паеду некуды ў Расеі, далей ад мяжы, бо наўрад ці змагу знайсці за мяжою штосьці цяпер».

Жыхары Белгараду і вобласці апошнім часам пакрыўджаныя стаўленнем да іх з боку суайчыннікаў, кажа Святлана:

«Крыўдна, што наш рэгіён быццам нябачны, нас не заўважаюць. Пакуль недзе святкуюць Масленіцу з чырвонай ікрой, у нас ракеты лятаюць замест салютаў, але гэтага нібы не бачаць. Сюжэты пра Белгарад на тэлебачанні літаральна па 30 секундаў. Крыўда спачатку была на ўлады, але цяпер я бачу, што і людзям у іншых рэгіёнах абыякава, што ў нас адбывацца. Я камунікую са студэнтамі Свабоднага ўніверсітэту. Надумала падзяліцца пачуццямі з імі, але водгуку не атрымала. Я плакала праз гэта. Вельмі раніць абыякавасць».

Хто вінаваты?

Святлана не лічыць сябе дастаткова кампетэнтнаю, каб «на некага вешаць віну» за тое, што адбываецца, што дзеля гэтага «не ведае сітуацыю дасканала».

«У мяне ёсць сябры, якія хочуць, каб вайна хутчэй скончылася, але перакананыя, што ў спрэчцы не можа быць толькі аднаго вінаватага боку. Мае сваякі думаюць, што вінаватая Украіна, што калі мы не пераможам, не даб’ём, як яны кажуць, але я не разумею, як такое можна казаць пра людзей», – кажа дзяўчына.

У атачэнні Святланы ёсць і тыя, хто вінаваціць ува ўсім расейскі ўрад. Сама дзяўчына апошнім часам не можа прыняць ніводнага з бакоў:

«На самым пачатку канфлікту я падтрымлівала Украіну, у мяне былі знаёмыя адтуль, я старалася трымаць з імі кантакт, але калі такое адбываецца ў цябе пад носам, уключаецца інстынкт самазахавання і жывёльныя рэфлексы, калі ты ўжо не можаш моцна спачуваць іншаму, ты ўжо спрабуеш сам сябе ўратаваць».

Бранская вобласць: улады адцягваюць увагу «недарэчнымі канцэртамі»

Карэспандэнт «Белсату» пагутарыў таксама з жыхарамі Бранскай вобласці. Настроі там розныя. Жыхарка рэгіёну Вікторыя апавяла, што не хвалюецца («узровень прыкладна 5 % са 100 %») – у адрозненне ад амаль усіх сваіх знаёмых. Яна адзначыла, што ў выніку абстрэлаў і рэйдаў ЗСУ шмат хто з ейных знаёмых пачаў падтрымліваць вайну, хаця да гэтага прытрымліваліся іншай пазіцыі. У выніку жанчына страціла амаль палову кола стасункаў, бо ейныя антываенныя погляды не змяніліся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына праходзіць міма аўтобуснага прыпынку ў Бранску, Расея. 3 сакавіка 2023 года.
Фота: Kirill Kudryavtsev / AFP / East News

Вікторыя прадумвае, як ратавацца ад вайны, «калі вобласць накрые», але не стала заглыбляцца. Яна ведае «ў абласным цэнтры [Бранску] адрасы бамбасховішчаў, абсталяваных мінімальна і не факт, што адкрытых», а ў ейным горадзе інфармацыі пра ўкрыцці няма. Замест гэтага ўлады «стала імкнуцца адцягнуць увагу гараджанаў недарэчнымі канцэртамі і разыгранкамі», а народ паступова з’язджае ці ў іншыя рэгіёны, ці шукае прытулку ў іншых краінах – Еўразвязе, ЗША, Індыі, Тайландзе. Цэны на нерухомасць пры гэтым «скачуць, але ў цэлым, хутчэй выраслі».

Варонежская вобласць: паведамленні пра атакі прыходзяць са спазненнем

У Варонежскай вобласці жыццё адначасова і змянілася, і не, апавядае жыхар рэгіёну Васіль:

«Не змянілася ў плане таго, што нешта адкрываецца, ладзяцца нейкія імпрэзы, жытло не таннее. Калі кошт і мяняецца, то хутчэй з эканамічных прычынаў. Змяняецца ў плане таго, што да дронаў ужо прызвычаіліся. І гэта ненармальна! Але Варонежская вобласць – не Белгародская, тут няма такога ***.

Варонежац Аляксей, які нядаўна вярнуўся ў Расею з-за мяжы, дзе жыў яшчэ да ковіду, таксама адзначае, што людзі жывуць у супярэчлівым стане:

«Павялічваецца трывожнасць, увесь час прыходзяць, праўда, са спазненнем, SMS ад МНС з папярэджаннем пра напад БПЛА, але людзі адаптуюцца, падладжваюцца пад сітуацыю зразумелымі ім спосабамі, каб проста хоць неяк жыць… Гарадское жыццё ў звычайным рытме, плануюцца фестывалі, праходзяць канцэрты, і ніхто не думае, што рабіць, калі вайна прыйдзе да нас».

У адрозненне ад Аляксея, Вольга хутчэй за Z – ейная сямʼя падтрымлівае вайну, а яна ставіцца да таго, што адбываецца, са скепсісам. Крыху неахвотна адказваючы на пытанні «Белсату», жанчына імкнецца акуратна фармуляваць адказы, «каб чаго не выйшла». Паводле яе, у асяроддзі стаўленне да «СВА» не змянілася, толькі сталі часцей казаць пра гэта – праз прылёты. Жанчына сцвярджае, што паводзіны людзей таксама засталіся ранейшыя, а на апавяшчэнні пра атакі перасталі рэагаваць:

«Прыходзяць з вялікім спазненнем. І, у асноўным, ці ў пачатку, ці ў самым канцы».

Гісторыі
Не хочуць гаварыць пра вайну і шмат п’юць. Як жывуць людзі ў прыфрантавых гарадах Расеі
2023.09.10 16:01

Чаканні канца вайны і другога прышэсця Ісуса Хрыста

Вользін знаёмы Мікалай адзначае, што людзі сталі больш асцярожныя, «што характарызуе абстаноўку ў грамадстве – як бы не сказаць лішняга і не адправіцца на Калыму».

«Людзі наагул сталі больш рэзкія, больш нервовыя, але словы выбіраюць. І погляды мала змяніліся. Хутчэй, людзі абапал нябачных барыкадаў умацаваліся ў сваіх меркаваннях. Да прылётаў дронаў усе прызвычайваюцца, хоць спачатку на кожны бабах пачынаўся спалох – усе адно аднаму пісалі і тэлефанавалі, раённыя чаты кіпелі. Цяпер амаль не рэагуюць. Асцерагаемся хутчэй не дронаў, а барацьбы з імі – аскепкі могуць прывесці да бяды, калі сабʼюць побач», – апавёў Мікалай.

Паводле мужчыны, паведамленні з абвесткаю пра абстрэл прыходзяць са спазненнем, а дадатак МНС у гэтым плане больш аператыўны. Як і Вікторыя з Бранскай вобласці, Мікалай скараціў кола стасункаў (ён супраць вайны) і мае план на выпадак прыходу вайны:

«Проста зʼехаць. Эвакуявацца. Не хачу трапіць пад дывановую зачыстку сваіх жа».

Знаёмыя Мікалая амаль не зʼязджаюць з рэгіёну, затое ў Варонеж сталі пераязджаць жыхары Белгараду:

«Шмат было прыезджых з Луганску і Данецку, а цяпер і з Белгараду. Кошты, адпаведна, растуць. Між тым назіраю рост колькасці абʼяваў аб продажы нерухомасці ў раёне вайсковага аэрадрому».

Усе апытаныя намі расейцы па-рознаму адказвалі на пытанне пра чаканні. Нехта казаў, што нічога добрага не чакае, нехта казаў пра заканчэнне вайны, а нехта – пра другое прышэсце Ісуса Хрыста.

Дарэчы, у Белгарадзе ўжо больш за год фактычна закрыты каталіцкі прыход: яго пробашча ксяндза Марэка Бакежынскага затрымалі на вячэрнім шпацыры, адправілі пад арышт, а затым ФСБ забараніў яму ўезд у Расею на 50 гадоў. Сілавікі распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што святар нібыта лаяўся матам на вуліцы і збіраўся шпіёніць. У выніку белгародскіх вернікаў перыядычна наведваюць каталіцкія святары з суседніх рэгіёнаў.

Ганна Ганчар / Іван Аляксееў belsat.eu

Стужка навінаў