Беларускае МЗС пагражае новымі крыміналкамі за ўведзеныя санкцыі


28 лютага беларускае Міністэрства замежных справаў выступіла з заявай, у якой фактычна пагражае, што ў краіне могуць быць распачатыя новыя крымінальныя справы ў дачыненні асобаў, якія «ініцыявалі» гэтыя абмежавальныя меры.

Міністэрства замежных справаў Беларусі.
Фота: ua.news

Прадстаўнікі МЗС заявілі, што вывучылі заявы Еўразвязу і асобных краінаў-чальцоў у сувязі з выбарамі, якія адбыліся ў Беларусі.

Гэтыя заявы былі названыя «аднатыпнымі», а рыторыка заяваў, з пункту гледжання беларускага МЗС, насычаная «адкрытымі фальсіфікацыямі, мноствам адарваных ад рэальнасці пасажаў і лозунгаў».

У той жа час у ведамстве адзначылі, што «новыя незаконныя абмежавальныя меры, якія ўводзяцца супраць Беларусі, з’яўляюцца прадметам вывучэння праваахоўных органаў і могуць стаць легітымнай падставай для новых крымінальных справаў у дачыненні асобаў, якія іх ініцыявалі, у тым ліку асуджаных за падобныя злачынствы, аднак якія ўсё яшчэ ўхіляюцца за мяжой ад адбыцця пакарання».

У заяве МЗС гаворыцца, што забароны, уведзеныя заходнімі краінамі «ў гандлі, спыненне авія- і пасажырскіх чыгуначных зносінаў, закрыццё пунктаў пропуску, увядзенне дэ-факта забароны на пастаўкі ў Беларусь жыццёва важных лекаў, прымусовая забарона на функцыянаванне санаторыяў для дзяцей і іншыя абмежавальныя меры ЕЗ на ўзаемадзеянне з Беларуссю носяць агульны калектыўны характар і накіраваныя на пераважную большасць звычайных беларусаў».

У заяве звяртаецца ўвага на тое, што Беларусь ініцыятыўна не зрабіла аніводнага кроку, накіраванага супраць ЕЗ, бізнесу ці ягоных грамадзянаў. У той жа час «дэклараванне ЕЗ яго заклапочанасцяў пытаннямі ўнутранай палітыкі краіны выглядае бессэнсоўным пры адначасовай адмове еўрабюракратыі і большасці чальцоў ЕЗ ад прамога міждзяржаўнага ўзаемадзеяння з уладамі незалежнай і суверэннай Беларусі».

Пры гэтым беларускае МЗС не ўдакладняе ў сваім каментары, за што менавіта былі ўведзеныя пералічаныя абмежаванні: у ім адсутнічае згадка пра фальсіфікацыю выбараў 2020 года і жорсткае задушэнне пратэстаў, пра пасадку самалёта «Rayanair» у 2021 годзе, а таксама пра падтрыманне, якое надае беларускі рэжым Аляксандра Лукашэнкі Расейскай Федэрацыі ў ваеннай агрэсіі супраць суседняй Украіны.

Нагадаем, 26 лютага Рада ЕЗ прыняла пастанову прадоўжыць да 28 лютага 2025 года абмежавальныя меры, звязаныя з рэпрэсіямі ў Беларусі і падтрыманнем рэжымам Лукашэнкі вайны Расеі супраць Украіны.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў