Еўразвяз на год працягнуў санкцыі супраць Лукашэнкі


Рада ЕЗ прыняла пастанову прадоўжыць да 28 лютага 2025 года абмежавальныя меры, звязаныя з рэпрэсіямі ў Беларусі і падтрыманнем рэжымам Лукашэнкі вайны Расеі супраць Украіны. Адпаведны прэс-рэліз быў апублікаваны 26 лютага. 

Сцяг Еўразвязу і іншых краінаў. 
Фота: ec.europa.eu

«Пастанова была прынятая на аснове штогадовага перагляду абмежавальных мераў з улікам рэпрэсіяў, якія працягваюцца, і рэзкага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама ўдзелу краіны ў незаконнай ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны», – гаворыцца ў прэс-рэлізе Рады ЕЗ.

Са жніўня 2020 года ЕЗ увёў некалькі паслядоўных хваляў індывідуальных і сектаральных санкцыяў у дачыненні асобаў, адказных за рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама ў кантэксце ўдзелу краіны ў вайне Расеі супраць Украіны. Асобныя абмежавальныя меры ЕЗ уключаюць замарожванне актываў і забарону на прадастаўленне сродкаў. На фізічных асобаў дадаткова распаўсюджваецца забарона на выезд. На гэты момант у спісе налічваецца 233 фізічныя асобы, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, і 37 юрыдычных асобаў.

Гэтымі мерамі ЕЗ сігналізуе адказным палітычным і эканамічным гульцам, што «іхныя дзеянні і падтрыманне рэжыму і Расеі абыходзяцца дорага», – адзначаецца ў прэс-рэлізе.

Рада ЕЗ зноў заявіла аб сваёй «непахіснай падтрымцы імкнення беларускага народу да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай і квітнеючай Еўропы». Рада таксама выказала глыбокую занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў краіне і рашуча асудзіла працяг пераследу беларускага грамадства, нязменнае падтрымаенне беларускім рэжымам агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны, заклікаўшы Беларусь устрымацца ад такіх дзеянняў і выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы.

Рада зноў пацвердзіла сваё абавязальніцтва прыцягнуць да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека. ЕЗ гатовы прымаць далейшыя абмежавальныя і мэтанакіраваныя меры, пакуль беларускія ўлады будуць працягваць гэтыя дзеянні.

Нагадаем, Беларусь, апроч гэтага, застаецца аб’ектам шырокіх мэтавых эканамічных санкцыяў.

Каментар
Рада Еўразвязу зрабіла высновы пра Беларусь. Чаму гэта важна, хоць у іх шмат ужо знаёмых словаў?
2024.02.21 16:40

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў