Рада Еўразвязу зрабіла высновы пра Беларусь. Чаму гэта важна, хоць у іх шмат ужо знаёмых словаў?


Прадстаўнікі дзяржаваў Еўразвязу ўжо не раз казалі аб падтрымцы незалежнасці Беларусі, аб занепакоенасці парушэннямі правоў чалавека, аб асуджэнні падтрымкі расейскага нападу на Украіну… Але аб нядаўніх заключэннях Рады Еўразвязу, якія ўтрымліваюць даўно знаёмыя фразы, кажуць як аб вельмі важным дакуменце. Чаму так, «Белсату» растлумачыў Уладзімір Астапенка.

Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Сцісла. Дзяржавы Еўразвязу адзінагалосна прынялі пазіцыю наконт Беларусі ўпершыню з 2020 года. Гэта не дэкларацыя ад парламенцкіх структураў, а канцэнтраваная ацэнка сітуацыі ад выканаўчых уладаў 27 дзяржаваў, са спасылкай на якую дэмакратычныя сілы Беларусі змогуць дамагчыся большага ў практычных пытаннях.

Што за дакумент

Рада Еўрапейскага Звязу 19 лютага прынялі дакумент, у якім былі зацверджаныя высновы, што пацвярджаюць непахісную падтрымку Еўразвязам імкнення беларускага народу да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай і квітнеючай Еўропы. Поўны тэкст заключэнняў даступны на ангельскай мове (PDF), карацейшы прэс-рэліз ёсць і па-беларуску (PDF).

Заключэнні пацвярджаюць «непахісную падтрымку імкнення беларускага народу да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі, якая з’яўляецца часткай мірнай і квітнеючай Еўропы». Рада Еўразвязу «выражае сваю ранейшую і глыбокую заклапочанасць адносна пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі», а таксама выказвае «глыбокую занепакоенасць дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі, якія закранаюць нацыянальную ідэнтычнасць Беларусі, і пацвярджае сваю прыхільнасць падтрымцы і прасоўванню беларускай мовы і культуры». Рада Еўразвязу «рашуча асуджае падтрымку, якую працягвае аказваць беларускі рэжым агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны» і заяўляе, што Еўразвяз «гатовы прыняць далейшыя абмежавальныя і мэтавыя меры, пакуль беларускія ўлады працягваюць свае дзеянні». І гэтак далей.

Падобныя заявы гучалі і раней, а ў 17 пунктах на трох старонках заключэнняў Рады Еўразвязу няма нейкіх новых радыкальных заяваў ці нечаканых анонсаў. Але беларускія дэмакратычныя сілы асабліва вітаюць гэты дакумент. Напрыклад, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка кажа, што гэты дакумент «фактычна вызначае стратэгію Еўразвязу адносна нашай краіны».

Чаму менавіта гэты дакумент важны

Кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі Уладзімір Астапенка расказаў«Белсату»: пастанова, прынятая на ўзроўні міністраў замежных справаў дзяржаваў Еўразвязу, – сапраўды важны дакумент, у якім вельмі дакладнай і выразнай дыпламатычнай мовай выкладзенае стаўленне да ўсяго таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Гэты дакумент будзе служыць падставай для ўсіх далейшых дзеянняў і з боку Еўразвязу, і з боку дэмакратычных сілаў Беларусі.

Уладзімір Астапенка на варшаўскай сесіі Менскага форуму. 23 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Астапенка перш за ўсё адзначае, што Еўразвяз мае супольную замежную палітыку, яна вызначаецца асобнай працэдурай, у якой такія пастановы прымаюцца, як правіла, аднагалосна. А значыць, той дакумент ухвалілі ўсе 27 краінаў Еўразвязу. Суразмоўца пералічвае: і Вугоршчына, і Славаччына, і Люксембург, і Мальта…

Па-другое, першыя такія высновы па Беларусі Еўразвяз прымаў яшчэ 12 кастрычніка 2020 года, больш за тры гады таму.

«Мы памятаем, што тады адбывалася ў Беларусі: масавыя пратэсты, чаканні, спадзяванні на тое, што мы зможам знайсці выйсце з сітуацыі, – згадвае Астапенка. – І той дакумент істотна адрозніваецца ад таго, што мы маем зараз».

Па-трэцяе, дакумент пачынаецца з фразы, якую Астапенка лічыць вельмі важнай: Еўразвяз выступае ў падтрымку менавіта народу Беларусі, які павінен мець менавіта незалежную і суверэнную краіну, якая павінна быць менавіта часткай Еўропы, мірнай і квітнеючай.

«Гэта тое, што еўрапейскія палітыкі сёння кажуць беларусам: мы хочам бачыць вас у Еўропе, мы хочам, каб вы былі ў еўрапейскай сям’і, мы хочам, каб вы жылі ў дэмакратычнай краіне», – пераказвае Астапенка. І нагадвае: так кажуць усе 27 дзяржаваў Еўразвязу, бо дакумент прыняты адзінагалосна.

На такім узроўні гэта заявілі ўпершыню. Важна не блытаць Раду Еўразвязу з іншымі інстытуцыямі з падобнымі назвамі. Гэта Рада міністраў 27 краінаў (у розных канфігурацыях, але заўсёды – адзін міністр ад дзяржавы) – міжурадавы орган Еўразвязу, які прадстаўляе пазіцыю выканаўчай улады. Ёсць таксама Еўрапейская рада – гэта рада кіраўнікоў дзяржаваў Еўразвязу (прэзідэнтаў, прэм’ер-міністраў). І ёсць Рада Еўропы – міжурадавая арганізацыя, куды ўваходзяць 46 дзяржаваў Еўропы, але куды Беларусь ніколі не ўваходзіла, а Расея была адтуль выключаная ў 2022 годзе.

Ранейшыя рэзалюцыі і дэкларацыі з падобнымі фразамі аб правах чалавека ці вайне ва Украіне актыўна прымаліся заканадаўчымі структурамі, нацыянальнымі парламентамі, Еўрапейскім парламентам, Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы, пералічвае Астапенка. Цяперашнія высновы, кажа ён, гэта «больш сур’ёзныя абавязальніцтвы, за якімі стаіць выканаўчая ўлада і гатоўнасць рэальна забяспечыць выкананне таго, аб чым гаворыцца».

«Парламенцкія структуры больш вольна выкарыстоўваюць заклікі, гатовыя дзейнічаць больш гнутка, – адзначае суразмоўца. – Радзе Еўразвязу спатрэбілася трохгадовая паўза, каб распрацаваць новы праграмны падыход ужо не парламенцкіх, а выканаўчых структураў».

У час працы над дакументам, адзначае Астапенка, беларускія дэмакратычныя сілы актыўна кансультаваліся з нацыянальнымі ўрадамі і структурамі Еўразвязу. У выніковым тэксце мо і не пабачылі ўсіх словаў, якія хацелі б беларусы, але гэта ўнутраны дакумент дзяржаваў Еўразвязу, які яны самі прымалі і аднагалосна ўхвалілі.

На думку Астапенкі, такі палітычны мэсэдж з боку ўрадаў дзяржаваў Еўрапейскага Звязу адкрывае новыя палітычныя перспектывы.

Hавiны
Рада ЕЗ у замежных справах абмяркуе ўзмацненне рэпрэсіяў у Беларусі
2024.02.19 09:08

Чаго чакаць зараз

Астапенка адказвае, што прасцей сказаць, чаго зараз дакладна не варта чакаць:

«Можна не чакаць, што старонка будзе перагорнутая. Наадварот, адкрываюцца новыя старонкі ў нашай практычнай працы».

З аднаго боку, працягвае Астапенка, Еўразвяз пацвярджае сваю прынцыповую пазіцыю аб тым, што ні аб якім дыялогу з рэжымам Лукашэнкі ў цяперашніх умовах гаворкі быць не можа. А ў высновах 2020 года яшчэ былі чаканні: будзем рабіць тое і тое, калі спыніце рэпрэсіі. Цяпер жа ідзе жорсткая ацэнка таго, што адбываецца ў Беларусі, і канстатацыя парушэнняў рэжымам Лукашэнкі міжнародных абавязальніцтваў – невыканання таго, што павінен выконваць.

З другога боку, Еўразвяз выказвае гатоўнасць больш шчыльна і эфектыўна працаваць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. У высновах згадваецца сярод іншага створаная мінулым летам кансультатыўная група Еўразвязу з удзелам беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці. Таксама ў пазітыўным кантэксце згадваецца кантактная група Рады Еўропы, выказваецца гатоўнасць яе падтрымліваць.

Дакумент закранае шматлікія напрамкі: правы чалавека, вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў, прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці… Астапенка прыводзіць прыклад: там згадваецца і «антыконсульскі ўказ» Лукашэнкі, які пазбавіў беларусаў за мяжой шэрагу правоў, у тым ліку права абмяняць пашпарт.  Побач з гэтым сцвярджаецца, што дзяржавы Еўразвязу будуць падтрымліваць беларусаў у пытаннях легалізацыі і дакументацыі.

Астапенка рэзюмуе:

«Гэта канцэнтраваная і аб’ектыўная ацэнка еўрапейскіх цывілізаваных краінаў таго, дзе сёння знаходзіцца рэжым Лукашэнкі і як дапамагчы беларускаму народу пабудаваць новую будучыню ў адзінай еўрапейскай сям’і».

Са спасылкай на такі дакумент, упэўнены Астапенка, дэмакратычныя сілы будуць больш эфектыўна працаваць на нацыянальных узроўнях і больш эфектыўна вырашаць практычныя пытанні беларусаў.

Hавiны
«Рэжым будзе прыцягнуты да адказнасці». Рэакцыя Еўракамісіі на смерць Ігара Ледніка
2024.02.21 11:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў