Навошта нам Каардынацыйная Рада?

«І адчыніліся нябёсы, выйшаў Павал Паўлавіч Латушка, і разіў словам ворагаў сваіх, і беглі ворагі ягоныя ў збянтэжанасці». Напэўна, так будучыя летапісцы апішуць падзеі, якія мелі месца ў горадзе Варшаве ў суботу 25 лютага гэтага года, калі шчыра паважаны мною за адкрытасць і стойкасць Павел Латушка гучна выйшаў з Каардынацыйнай Рады (КР), напрыканцы моцна «прыклаўшы» групу неназваных удзельнікаў гэтага.

А што адбылося?

КР фактычна спала два гады. Вакол адбываліся палітычныя падзеі, шумелі вятры, ляскалі маланкі, а гэты орган жыў сваім жыццём, часам паўстаючы перад публікай у асобе спікера Вольгі Кавальковай, а таксама прадстаўнікоў сакратарыята.

Прадстаўнікі гэтыя мякка транслявалі думкі аб магчымасцях перамоваў з рэжымам (пры пэўных умовах), чым выклікалі лютую злосць у невялікай аўдыторыі палітычна матываванай грамадскасці. І толькі КР крочыла ўласным шляхам у невядомае.

Але прыйшоў жнівень 2022 года, і КР раптам спатрэбілася. Аказалася, што палітычнай структуры Аб’яднанага Пераходнага Кабінета (АПК), трэба абапірацца на нешта, акрамя легітымнасці Святланы Ціханоўскай. Думка справядлівая, гэтая легітымнасць, па-першае, мае тэрмін прыдатнасці, а па-другое – і так перагружаная. Хто толькі на яе не абапіраецца.

Владимир Корж, Алина Ковшик, Михаил Рубин, Виктория Федорова, Антон Родненков, Ярослав Бекиш, Елена Живоглодва
Канферэнцыя Новая Беларусь. 9 жніўня 2022 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

І тут – вырашылі сцерці пыл з КР, напоўніць яе новым зместам, стварыць протапарламенцкую структуру, выбраныя дэлегаты якой маглі б выказваць калектыўнае меркаванне і ўзаемадзейнічаць з АПК. І нават Святлана Ціханоўская, з высокай трыбуны канферэнцыі «Новая Беларусь», абвясціла аб тым, што прызначаны ёю склад АПК з’яўляецца часовым, і што, праз паўгода, новы склад КР павінен будзе пацвердзіць паўнамоцтвы АПК.

На рэформу КР сышло паўгода. Ад прамых выбараў было вырашана адмовіцца па аб’ектыўных прычынах і новы склад сёння складаецца з 25 дэлегатаў старой КРБ, 75 дэлегатаў вылучаных структурамі грамадзянскай супольнасцю і 15 самавылучэнцаў (якія прайшлі праз працэдуру галасавання).

Рэформа была адкрытай, удзельнікі стварылі ёй тую ступень публічнасці, на якую былі здольныя і ўсе, хто меў жаданне паўдзельнічаць у адраджэнні структуры з «адмоўным рэйтынгам» патрапілі ў склад новага склікання КР. Пра выпадкі нематываванай адмовы не паведамлялася.

Новы склад прыступіў да працы напрыканцы студзеня, і, як і належыць такому калектыўнаму органу пачаў з самавызначэння. Хто мы? Якія нашы мэты? Як будзе пабудаваная наша праца?

Адказы на гэтыя пытанні выкладзены ў рэгламенце новай КРБ, які павінен быць прыняты 28.02. Вельмі сімвалічна – заўтра ўжо вясна.

Інтэрв’ю
«Калі ты па-за палітыкай – ты па-за жыццём». Гутарым з лідаркай суполкі «Сумленныя людзі» Ленай Жываглод
2023.02.04 07:16

Так, а з-за чаго ўласна спрэчка? Быццам бы ідзе нейкі спакойны, практычна бюракратычны працэс? Адкуль такая бура?

Існуючыя палітычныя сілы «праспалі» рэформу КР. Былі чаканні, што «нешта там адбудзецца», але не было разумення таго, што частка беларусаў, з арганізацый недзяржаўнага сектара, дыяспар, цалкам сур’ёзна паставяцца да ідэі стварэння «калектыўнага», протапарламенцкага органа, што ў іх будзе сваё разуменне прыгожага, таго, як павінны будавацца адносіны, у першую чаргу паміж абраным прэзідэнтам, протаўрадам і «народнымі вылучэнцамі».

І сённяшняя КР прэтэндуе… не не на ўладу, навошта? Ёсць абраны прэзідэнт, ёсць АПК, навошта яшчэ адзін орган з уладнымі паўнамоцтвамі?

КР прэтэндуе на выказванне калектыўнага меркавання беларусаў. У тым ліку, і адносна стратэгіі дэмакратычных сіл, правілаў узаемадзеяння палітычных суб’ектаў, ацэнкі эфектыўнасці працы.

Ці мае КРБ на гэта права? На канферэнцыі ў жніўні 2022 года было прама заяўлена – мае. Што змянілася за паўгода?

Іншае пытанне, што «інструментаў прымусу» у КР няма ніякіх. А гэта значыць, што супрацоўніцтва з ім справа выключна добраахвотная, як і павінна быць.

Нягледзячы на немагчымасць правядзення прамых выбараў, асобных «ухілах» у сённяшняй структуры дэлегатаў КР, ніякага больш прадстаўнічага органа, здольнага адстойваць інтарэсы беларусаў, няма ні ў Беларусі, ні за яе межамі.

І гэта – вялікая адказнасць.

Я перакананы, што ў КР павінны быць прадстаўлены ўсе партыі, плыні, арганізацыі, якія адлюстроўваюць погляды сучасных беларусаў – ад анархістаў да (тут вам не спадабаецца), да прыхільнікаў савецка-імперскага шляху развіцця.

Гэта трэба для таго, каб, магчыма ўпершыню ў гісторыі, у нас з’явіўся досвед парламентарызму. Вопыт калектыўнага абмеркавання складаных праблем, выпрацоўкі агульных рашэнняў, напрамкаў дзеянняў.

Для мяне асабіста, цяперашняе скліканне КР– проба пяра.

Ці за год яна стане протапарламенцкай структурай, пакажа сваю эфектыўнасць, зменіць стаўленне да сябе, а значыць – праз год можна правесці і прамыя выбары, якія будуць лепш адлюстроўваць усю палітру поглядаў. Ці? Ці мы застанемся ў сітуацыі, калі вызначэнне «што такое добра?» для беларусаў і Беларусі будзе справай альбо цалкам аўтарытарных асоб, альбо – вузкай групы, «штаба» ці нейкай іншага закрытага ўтварэння. А значыць парламентарызму прыйдзецца вучыцца калі-небудзь, потым… Гэта не спрэчка аб стратэгіі, санкцыях, перамовах або асобах, не. Гэта спрэчка пра тое, ці маюць беларусы права голасу або зноў хтосьці вырашыць «як правільна» за іх.

Здаецца, у гэтым месцы мы ўжо былі?

P.S. Будаваць легітымныя структуры важна. Легітымнасць Святланы Ціханоўскай – не бясконцая, у яе ёсць тэрмін прыдатнасці, як бы нам ні брыдка было гэта ўсведамляць.

Аляксандр Кныровіч / Авер belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў