Беларуска, якая перажыла двайную эміграцыю, шые мяккія супрацьтанкавыя рагачы ў Варшаве


Беларуская мастачка Таша Кацуба паказала свае «209 дзён шэрага» – выставу пра эміграцыю і вайну, але не толькі… Яшчэ пра каханне і вольнасць.

Выстава «209 дзён шэрага». Варшава, Польшча. Студзень 2023 года.
Фота: Ганна Вашчанка / Белсат

Эміграцыя і каханне сярод вайны

Быць мастаком у Беларусі – гэта значыць адчуваць, што рана ці позна твая праца можа камусьці не спадабацца і па цябе прыйдуць. Але ці можа стрываць такое стаўленне вольная душа творцы? Ташы Кацубе перажыць гэта было надзвычай складана, а яшчэ і сябры папрасілі дапамагчы з адным творчым праектам, таму яна пастанавіла з’ехаць ва Украіну:

«Я не магу сказаць, што калі з’язджала з Беларусі, быў нейкі момант небяспекі. Мяне ніхто не пераследаваў. Я не адчувала пагрозы для свайго жыцця – але я разумела, што мне некамфортна там быць. І я падумала, што хачу жыць у краіне, дзе можна вольна гаварыць, жыць і самавыяўляцца. І, напэўна, гэта адна з прычынаў пераезду.

Акрамя таго, мяне даўно туды запрашалі сябры. Першыя два месяцы я працавала ў бары «Карма» – размалёўвала памяшканне бару».

Выстава «209 дзён шэрага». Варшава, Польшча. Студзень 2023 года.
Фота: Ганна Вашчанка / Белсат

У жыцці так заўсёды: калі ў чымсьці ёсць плюсы – то заўжды знойдуцца і мінусы. Праз пэўны час пасля пераезду дзяўчына пачала пачувацца «не ў сваёй талерцы» – адчула боль страты роднага дому і сяброў ды засумавала:

«З увагі на тое, што гэта мой першы пераезд у іншую краіну, было папросту цяжка змірыцца і прыняць, што дадому мне больш нельга. Яшчэ трэба было прыняць, што больш няма гэтай «падушкі бяспекі» ў выглядзе «вярнуцца дадому ў вёску». Я доўга спрабавала адчуць сябе ва Украіне так, як пачувалася ўдома, але ў мяне не атрымалася. І не думаю што калі-небудзь атрымаецца».

У гэты час промнем святла для Ташы стаў хлопец Дзмітрый, якога яна пакахала і які стаўся для мастачкі сапраўдным натхненнем. Адная з працаў на выставе прысвечаная менавіта яму, а некаторыя з іншых выкананыя на дзіўных матэрыялах: на дошцы ад ложка або на кавалках фанеры. Мастачцы вельмі хацелася тварыць, але грошы на якасныя матэрыялы не заўжды былі, таму некаторыя рэчы, на якіх можна маляваць, Таша знаходзіла проста на сметніку. А потым пачалася вайна.  Таша кажа, што не адчувала страху смерці, бо побач з ёй быў каханы.

Выстава «209 дзён шэрага». Варшава, Польшча. Студзень 2023 года.
Фота: Ганна Вашчанка / Белсат

«Было страшна прачнуцца ад выбухаў, было страшна ўсё. Бо ўсё ўпершыню, гэта штосьці такое велізарнае, што абрынулася, і ты ніяк на гэта не можаш паўплываць, толькі хавацца. Але потым штодня ўсё рабілася часткай рэальнасці: сірэны, самалёты, нават выбухі ўжо не так пужалі. Мне пашанцавала, што я ўвесь час, пакуль была ва Украіне, была не сама і ў адносна малым і спакойным горадзе. У першы ж дзень я з’ехала з Кіева, таму сапраўдных жахаў на свае вочы не бачыла», – распавядае пра свае пачуцці Таша Кацуба.

Ваяр кахання

Праз пэўны час жыцця сярод вайны дзяўчына ўсё ж пастанавіла выехаць у Польшчу – туды перабралася частка ейных сяброў, дый хацелася папросту адпачыць ад неспакойных будняў. Цяпер дзяўчына жыве ў Гданьску, а нядаўна мела рэзідэнцыю «Перспектыва» ў варшаўскай Прамацыйнай галерэі. Тут адкрылася ейная выстава «209 дзён шэрага» і адбыўся перформанс, падчас якога кожны з наведнікаў мог на пэўны час адчуць сябе «ў скуры» мастачкі.

Выстава «209 дзён шэрага». Варшава, Польшча. Студзень 2023 года.
Фота: Ганна Вашчанка / Белсат

Уявіце сабе: вакол вас усё залітае чырванню, гучаць сірэны паветранай трывогі, недзе блізка выбухаюць снарады, а вы седзіце ў фатэлі, што застанецца вашаю невялічкай зонаю камфорту. Вакол вас людзі: адны прыходзяць, другія адыходзяць, а вы так і седзіце ў фатэлі, ці то не ў змозе паварушыцца, ці то ў страху, ці то, наадварот, у млоснай расслабленасці, адчуваеце сваю сілу над усім, што адбываецца. Бо вы – ваяр кахання, і вашая сіла ў каханні. Так Таша правяла цэлую гадзіну. А можа, увесь свой час у эміграцыі?

«Я цяпер (пасля пераезду ў Польшчу – заўв. рэд.) адчуваю колер у жыцці. Праўда, ён чырвоны: мусіць, адзіны колер, які пра боль – але адначасова і пра каханне. Цяпер мая рэальнасць як крайнія пункты – у мяне часта перапады настрою і я пакуль не магу выраўнаваць свой эмацыйны стан.

Я падумала, што мне будзе лягчэй прыняць усю гэтую рэчаіснасць і нават не думаць, як жа можа быць потым добра. Мне здаецца, добра не будзе, добра – было. І добра там, дзе мы былі. І гэтае добра таксама, магчыма, адбываецца цяпер. Мусіць, гэтае ўсведамленне пазней прыйдзе, я стараюся знаходзіць плюсы, хаця гэта і вельмі складана», – так Таша Кацуба апісвае свой цяперашні стан.

Таша робіць адзенне і шые рэчы, якія незвычайна бачыць у такім выглядзе. Напрыклад, яна шыла зброю.  Цяпер Таша знаходзіць супакой у тым, што ўсцяж сваёй выставы шые на ёй мяккія супрацьтанкавыя рагачы. Пабачыць іх можна на закрыцці выставы 28 студзеня ў Прамацыйнай галерэі ў Варшаве з 16:00 да 18:00. Там жа можна будзе паразмаўляць з Ташай Кацубай і задаць ёй свае пытанні.

Напаследак мы спыталі, куды мастачцы хацелася б вярнуцца пасля вайны і дыктатуры, але дзяўчына адказала, што важнае іншае:

«Дом, без якога я сумую, гэта ўсяго толькі асабістае самаадчуванне. Як толькі скончыцца вайна, я нашмат лепш пачну пачувацца».

Ганна Вашчанка  belsat.eu

Стужка навінаў