За 5 хвілінаў да катастрофы: 60 гадоў таму ледзь не пачалася атамная вайна паміж СССР і NATO


Бадай, ніколі з 2014 года напружанасць у Еўропе не была такою востраю. Масква, згодна з паведамленнямі аналітыкаў і медыяў, сабрала вялікую групу войскаў на межах Украіны і можа зноў атакаваць суседнюю краіну ў любы момант.

Украіна не мае саюзнікаў, гатовых ваяваць на яе баку, аднак ледзь не штодня атрымлівае пастаўкі зброі з ЗША і Вялікай Брытаніі.

Буйнамаштабная вайна можа прывесці да непрадказальных наступстваў у Еўропе і ўва ўсёй сусветнай палітыцы. Аднак такая сітуацыя мела месца – у 1962 годзе.

Сусветная барацьба

Гэта было ў час халоднай вайны – глабальнага супрацьстаяння вайскова-палітычнага блоку NATO з левымі рэжымамі на чале з Масквой, якая планавала праз прапаганду і ваенную сілу ўсталяваць камуністычную дыктатуру па ўсім свеце.

Амерыканскія танкі стаяць насупраць савецкіх у Берліне, 1961 год.
Фота: U.S. Army

У 1959 годзе ўладу на Кубе захапіла група рэвалюцыянераў на чале з Фідэлем Кастра. Той хутка стаў схіляцца да блоку з СССР і пабудаваў падобную да савецкай аднапартыйную дыктатуру з прысутнымі спецслужбамі ды пераследам любых нязгодных. Замест палітычнай свабоды кубінцы атрымалі новыя рэпрэсіі, цэнзуру і дыктатуру.

ЗША лічылі Лацінскую Амерыку найважнейшым для сябе рэгіёнам уплыву, у сувязі з чым пачалі спрабаваць скінуць рэжым Кастра. Той у адказ пачаў запрашаць на Кубу савецкія войскі.

Ракетная гонка

Савецкі Саюз у той час моцна саступаў ЗША ў колькасці міжкантынентальных балістычных ракетаў, якія маглі нанесці атамны ўдар па асноўнай тэрыторыі ЗША: у 1962 годзе іх было толькі 20, у той час як амерыканцы мелі каля 200 такіх ракетаў.

СССР, вядома, меў шмат балістычных ракетаў сярэдняй дальнасці, аднак і тыя саступалі амерыканскім у надзейнасці і здольнасці нанесці дакладны ўдар.

Сустрэча Хрушчова і Кенэдзі ў Вене ў 1961 годзе.
Фота: U. S. Department of State

Гэтак у Маскве нарадзілася ідэя размясціць свае ракеты сярэдняй дальнасці як мага бліжэй да тэрыторыі ЗША – на Кубе.

У траўні 1962 года савецкі лідар Мікіта Хрушчоў і Кастра дамовіліся сакрэтна паставіць на Кубе савецкую атамную зброю. Аперацыя атрымала назоў «Анадыр».

«Іх там няма»

Савецкія афіцэры пачалі прыбываць на Кубу ўлетку 1962 года пад выглядам адмыслоўцаў у арашэнні ці ў сельскай гаспадарцы. Усяго планавалі даставіць на выспу да 43 000 вайскоўцаў.

Аднак цалкам схаваць пастаўкі не ўдалося. Амерыканская выведка заўважыла пачатак актыўнай будоўлі вайсковых аб’ектаў. Чуткі сталі распаўсюджвацца і сярод кубінцаў. Дыпламаты і прэса пачалі задаваць пытанні.

Здымак савецкіх ракетаў на Кубе, зроблены амерыканскім выведным самалётам U-2.
Фота: CIA

Савецкі амбасадар у ЗША заявіў, што СССР пастаўляе Кубе толькі абарончую зброю. ТАСС (Тэлеграфнае агенцтва СССР) заявіла, што Масква не збіраецца ставіць атамнай зброі на Кубе. Гэта трывала ўсё лета.

Нават у кастрычніку Хрушчоў асабіста запэўніваў амерыканскага прэзідэнта Джона Кенэдзі, што «ні ў якім выпадку ракеты «зямля – зямля» не будуць накіраваныя на Кубу». Аднак першыя савецкія атамныя ракеты зʼявіліся на Кубе яшчэ ў верасні.

Пагроза як запрашэнне да дыскусіі

15 кастрычніка CIA вывучыла аэраздымкі меркаваных савецкіх абʼектаў на Кубе і вызначыла, што на выспе месцяцца менавіта балістычныя ракеты сярэдняй дальнасці. На наступны дзень гэтую інфармацыю атрымаў прэзідэнт ЗША.

Аднак ніякіх планаў на гэты выпадак не было. Разглядаліся розныя варыянты – у тым ліку беспасярэдні напад на Кубу, аднак ад радыкальных крокаў, як мінімум на першым этапе, пастанавілі адмовіцца. Меркавалі, што ЗША разам са сваймі лацінаамерыканскімі хаўруснікамі ўвядуць марскую блакаду Кубы. Гэта рашэнне падтрымалі і ўсе хаўруснікі ЗША з NATO.

Даведка
Кенэдзі падпісвае дакументы пра блакаду Кубы.
Фота: Executive Office of the President of the United States

Кенэдзі 22 кастрычніка выступіў з тэлепрамоваю: «Усе караблі любога тыпу, якія ідуць на Кубу, калі на іх знойдуць наступальную зброю, будуць вымушаныя павярнуць назад… Мы, аднак, не будзем замінаць пастаўкам неабходных для жыцця тавараў, у адрозненне ад таго, як саветы гэта рабілі падчас блакады Берліну ў 1948 годзе».

У 1948 годзе Заходні Берлін, які саветы хацелі прымусіць здацца голадам і холадам, доўгі час жыў толькі на той ежы ды тым паліве, якія прывозілі самалёты NATO.

Амерыканскія стратэгічныя сілы (авіяцыя і ракетныя часткі) павысілі стан баявой гатовасці да найвышэйшага на той час узроўню, што адразу заўважылі ў Маскве. І зрабілі слушныя высновы.

Першыя кантакты

З 26 кастрычніка адразу з некалькіх каналаў ЗША сталі атрымліваць сігналы, што СССР гатовы размаўляць. Апошнім з іх стаўся асабісты ліст Хрушчова да Кенэдзі.

Хрушчоў прапанаваў прыбраць савецкія ракеты з Кубы ў абмен на тое, што амерыканцы прыбяруць свае ракеты «PGM-19 Jupiter» з Турцыі ды Італіі. Для ЗША гэта была б абсалютна выгадная дамоўленасць: амерыканскія ракеты і так ужо састарэлі ды мусілі быць знятыя з баявога дзяжурства.

27 кастрычніка ў адным з рэстаранаў у Вашынгтоне пачаліся сустрэчы прадстаўнікоў двух бакоў пра пераадоленне крызісу.

Савецкая субмарына Б-59 і амерыканскі верталёт над ёй у раёне Кубы, кастрычнік 1962 года.
Фота: U.S. Navy

Адначасова ў паветры ды акіяне напружанасць не змяншалася і нават расла. Амерыканскія маракі абстралялі халастымі глыбіннымі бомбамі савецкую падлодку Б-59, узброеную тарпедаю з атамным зарадам. Капітан лодкі падумаў, што вайна ўжо пачалася, і хацеў запусціць тарпеду, аднак быў спынены загадам зверху.

Гэты дзень – 27 кастрычніка 1962 года – атрымаў назоў «чорная субота». Гісторыкі лічаць, што менавіта ў гэты дзень сусвет быў як ніколі блізкі да атамнай вайны.

Дамоўленасці

Масква зразумела, наколькі рызыкоўным крокам было размяшчэнне ракетаў на Кубе: сітуацыя магла выйсці з-пад кантролю самога Хрушчова, бо Фідэль Кастра хацеў таксама браць удзел у развязанні крызісу і займаў даволі агрэсіўную пазіцыю.

У выніку СССР адвёў ракеты сярэдняй дальнасці з Кубы, а ЗША прыбралі ракеты «Jupiter» з Турцыі ды Італіі. Пры гэтым першае было вынікам публічнага рашэння СССР, а другое – часткаю сакрэтнай двухбаковай дамовы.

Падпісалі дамову пра частковую забарону атамных выпрабаванняў у атмасферы.

Паміж Вашынгтонам і Масквою ўтварылася лінія наўпроставай сувязі, каб лідары маглі як мага хутчэй і без пасярэднікаў пераадольваць такія крызісы.

АБ belsat.eu

Стужка навінаў