На прадпрыемствах няма каму працаваць? Што адбываецца на рынку працы ў Беларусі


«Белсат» працягвае вывучаць дынаміку на рынку працы Беларусі. Сярод лідараў самых запатрабаваных прафесіяў – кіроўцы транспартных сродкаў, дактары, электраманцёры, медсёстры, трактарысты, кухары. Гэтая пяцёрка лідараў захоўвалася практычна цягам усяго года, мянялася толькі ступень запатрабаванасці кожнай прафесіі. Што адметна: на беларускіх прадпрыемствах мы знайшлі прапановы нават на тысячы вакансіяў. Дзелімся падрабязнасцямі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: minprom.gov.by

Пра дэфіцыт кадраў на рынку працы Беларусі ўжо больш як паўгода кажуць незалежныя аналітыкі і эканамісты. Звязваюць яны гэта з палітычным крызісам у Беларусі і саўдзелам рэжыму ў расейскай вайне ва Украіне, што выклікала масавую эміграцыю спецыялістаў. Пры гэтым у Беларусі таксама вялікая доля тых, хто быў звольнены з працы з палітычных прычынаў і каму цяпер забароненае працаўладкаванне.

Якіх спецыялістаў не хапае на рынку Беларусі?

Праблемы на рынку працы пацвярджаюць і на дзяржаўным узроўні: Міністэрства працы адзначае дэфіцыт кадраў у Беларусі, аднак звязвае гэта з ростам эканомікі і стварэннем новых працоўных месцаў, а зусім не з масавым ад’ездам з краіны кваліфікаваных спецыялістаў. У сувязі з гэтым робяць захады, каб прыцягнуць у Беларусь працаўнікоў з-за мяжы. Так, цяпер стала значна прасцей уладкавацца на працу замежным дактарам, медсёстрам, слесарам, кіроўцам, швачкам. То бок, бачым прафесіі з той самай пяцёркі лідараў, згаданай вышэй.

На дадзены момант у Рэспубліканскім банку вакансіяў адкрытыя пазіцыі для 137 488 працаўнікоў (на канец лютага 2023 года гэтая лічба складала 99 953). Рэзюмэ – агулам 11 805. Гэтая лічба вельмі павольна расце з 2022 года, калі мы зафіксавалі 10 698 вакансіяў.

Традыцыйна ў колькасці вольных вакансіяў лідаруюць Менск і Менская вобласць. Найменш прапановаў працы – на Магілёўшчыне.

Колькасць вакансіяў у Беларусі ў вобласцях

Дзясятка самых дэфіцытных прафесіяў:

1. Кіроўца транспартных сродкаў

На снежань 2023 года знаходзім 8435 прапановаў працы для кіроўцаў. Патрабуюцца, напрыклад, кіроўцы аўтамабіляў у паліклінікі (у гарадскую паліклініку № 3 Горадні на заробак 700–900 рублёў), два кіроўцы грузавых аўтамабіляў у Клецкі райаграсэрвіс. Вельмі запатрабаваныя і дальнабойнікі, шмат трэба ў Расейскую Федэрацыю на заробак 4200–4500 рублёў.

Цікава, што значны рост вакансіяў у гэтай сферы пачаўся ўлетку (у траўні патрабаваліся 4027 кіроўцы, то бок удвая менш, чым цяпер).

2. Дактары

У Беларусі шукаюць 6656 дактароў-спецыялістаў. Год таму, у снежні 2022 года, шукалі 6286 адмыслоўцаў. Лік нязначна вагаецца цягам усяго 2023 года. І хоць не асабліва расце, але і праблема з дэфіцытам не вырашаецца.

І шукаюць дактароў высокай кваліфікацыі. Напрыклад, у «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медычнай радыялогіі імя М. Аляксандрава» патрэбныя 6 адмыслоўцаў на заробак 3100–4000 рублёў (два анколагі, анестэзіёлаг-рэаніматолаг і іншыя). Наогул у гэтай установе вакантныя ажно 317 пазіцыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Таксама ў шпіталі і паліклінікі патрэбныя намеснікі загадчыкаў аддзяленняў, рэнтгенолагі, рэаніматолагі, анестэзіёлагі, хірургі, якім прапаноўваюць даволі высокія для Беларусі заробкі. Аднак працаваць няма каму.

3. Электраманцёры

У краіне патрабуецца 4181 адмысловец. У снежні 2022 года гэтая лічба была ў некалькі разоў меншая – 1474.

Асаблівую запатрабаванасць у электраманцёрах ды іншых спецыялістах тэхнічнага профілю мы заўважылі на беларускіх прадпрыемствах. Так, напрыклад, на Менскі маторны завод патрэбныя 20 электраманцёраў на заробак 2200 рублёў. Агулам завод выставіў ажно 231 вакансію. Усе – у адзін дзень, 5 снежня. Спіс вялікі: запрашаюць і эканамістаў, і інжынераў, і слесараў.

Зірнулі на іншыя прадпрыемствы. Лічбы ўражваюць.

Так, на МТЗ вольныя ажно 2587 вакансіяў. Сярод іх майстры рамонту абсталявання, інжынеры-тэхнолагі, майстры ўчасткаў, начальнікі цэхаў, слесары, электразваршчыкі, электраманцёры, мантажнікі, шліфавальнікі і іншыя.

На МАЗе патрабуецца 1311 адмыслоўцаў: машыністы, электразваршчыкі, бухгалтары, токары, слесары, газарэзчыкі, інжынеры, дактары, дыспетчары і многія іншыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: BelarusTractors_official / Telegram

Менскі падшыпнікавы завод выставіў 751 вакансію з вельмі падобным пералікам прафесіяў. БелАЗ выставіў 352 вакансіі, сярод іх – прыбіральнікі тэрыторыі, слесары, токары, фрэзероўшчыкі, акумулятарнікі, аператары станкоў, цесляры, машыністы бульдозера, паяльшчыкі.

Чаму гэтым прадпрыемствам у адзін і той жа час спатрэбілася такая колькасць адмыслоўцаў? Магчыма, у іх цяпер стала больш працы, напрыклад, замовы для ваеннай прамысловасці. Гэтая версія выглядае цалкам праўдападобнай на фоне навінаў, што нафтаперапрацоўчы завод «Mozyr» набывае тэхналогію вытворчасці паліва, якую можна выкарыстоўваць для ваенных звышгукавых самалётаў.

Так, у адпаведнасці з апублікаванымі дзяржаўнымі закупкамі, OJSC «Mozyr Refnery» шукае кампанію для распрацоўвання тэхналогіі для вытворчасці авіяцыйнага паліва для газавых турбінных рухавікоў (Jet A-1 брэнду) і для маркі RT. Нафтары таксама маюць патрэбу ў тэхнічным падтрыманні вытворчасці тэхналогіяў для прамысловай вытворчасці. Паліва маркі RT універсальнае і можа быць выкарыстанае як для дагукавой, так і звышгукавой авіяцыі. Jet A-1 паліва – гэта замежны аналаг расейскай авіякампаніі для дагукавой авіяцыі і выкарыстоўваецца для запраўкі самалётаў з замежнымі рухавікамі.

Аналітыка
Перадвыбарчая раздача грошай і праца на вайну. Рэцэпт эканамічных поспехаў Беларусі
2023.12.22 08:00

Праблемы з тэхнічнымі адмыслоўцамі ёсць і ў Менскага метрапалітэну. Установа шукае 544 спецыялісты, сярод якіх электраманцёры (25), інжынеры, электрагазазваршчыкі.

Не вельмі добрыя справы і на «Менскводаканале»: там патрабуецца 180 спецыялістаў, ад інжынераў да прыбіральшчыц.

Дзе яшчэ востры недахоп электраманцёраў і электраслесараў?

«Менскэнерга» – агулам 514 вакансіяў. «Віцебскэнерга» – агулам 250 вакансіяў. «Магілёўэнерга» – 175 вакансіяў. «Берасцеэнерга» – 197 вакансіяў. «Горадняэнерга» – 167 вакансіяў. «Гомельэнерга» – 81 вакансія.

4. Медычныя сёстры

За год праблема з медсёстрамі ў краіне так і не вырашылася. У снежні 2022 года патрабавалася 3750 спецыялістаў, на сёння, снежань 2023, – 3985.

Каментар
«Умовы працы лекараў у Беларусі блізкія да рабскіх». Эксперт – пра «аптымізацыю» кадраў у медыцыне
2023.12.21 20:48

5. Трактарысты

Таксама параўнаем лічбы за год. Так, у снежні 2022 года шукалі 2534 трактарыстаў, а сёння амаль на тысячу больш – 3305.

6. Кухары

На сёння бачым вакансіі для 2927 кухараў. Шмат спецыялістаў трэба ў дзіцячыя садкі і школы. То бок, беларускім дзецям ва ўстановах адукацыі хутка не будзе каму гатаваць. Тэндэнцыя сумная: у снежні 2022 года шукалі на на адну тысячу кухараў менш – 1924.

7. Прадаўцы

Не паляпшаецца сітуацыя з дэфіцытам прадаўцоў у краіне. Так, у снежні 2022 года мы зафіксавалі 2075 вакансіяў, а на сёння – 2529.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: BelarusTractors_official / Telegram

Наогул у гандлі сітуацыя з працай выглядае не найлепшым чынам. Зірнулі ў «Еўраторг», знайшлі ажно 2522 вакансіяў, сярод якіх прадаўцы, касіры, прыёмшчыкі тавару, грузчыкі, таваразнаўцы і іншыя.

8. Швачкі

Звярнуць на іх увагу нам падказала Міністэрства працы, якое спрасціла замежнікам магчымасць уладкавацца на працу таксама і ў гэтай спецыяльнасці. І сапраўды, знаходзім у банку вакансіяў 1713 прапановаў працы. А гэта восьмы радок у нашым спісе дэфіцытных прафесіяў.

9. Газазваршчыкі

Зноўку тэхнічная спецыяльнасць. У снежні мінулага года мы фіксавалі 923 вакансіі, цяпер – 1472.

10. Будаўнікі

За гэты год адбыўся сапраўдны бум вольных вакансіяў на спецыялістаў будаўнічага профілю. У снежні 2022 года патрабаваліся 407 адмыслоўцаў, а цяпер – 1311, то бок лічба вырасла ўтрая.

Hавiны
З ідала ў дойную карову: што адбываецца з IT у Беларусі
2023.08.29 08:00

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў