Светлагорскім «партызанам» прысудзілі 66 гадоў на траіх і новыя палітвязні. Рэпрэсіі за 27 снежня


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, за 27 снежня.

У Беларусі 18 новых палітвязняў, іх абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Гэта Алег Швайко, Мікалай Арцюхоў, Дзмітрый Буйвідовіч, Фёдар Парэцкі, Алег Давыдзенка, Наталля Акцябрская, Анастасія Чумак, Дзмітрый Бераснеў, Сяргей Чарэшка, Максім Пучынскі, Аляксандр Цыганкоў, Андрэй Жук, Марыя Жук, Дзмітрый Ляўчук, Ілля Дубень, Андрэй Бясько, Васіль Хамутоўскі, Рыгор Васількоў. Цяпер у Беларусі 1456 палітвязняў.

Трох светлагорскіх «партызанаў» за дыверсію на чацвёрты дзень вайны асудзілі на тэрміны ад 21 да 23 гадоў калоніі, суд праходзіў у закрытым рэжыме. Дзмітрыя Равіча асудзілі да 22 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Дзяніса Дзікуна – да 23 гадоў, Алега Малчанава – да 21 года. Таксама іх аштрафавалі на 150 базавых велічыняў кожнага (4800 рублёў), а ўсе каштоўныя рэчы, вынятыя падчас ператрусаў у іх дома, канфіскавалі. Іх абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ) на чыгуначнай станцыі «Жэрдзь-Астанкавічы» 28 лютага – на чацвёрты дзень паўнамаштабнай вайны ва Украіне. Таксама іх асудзілі за «здраду дзяржаве» і рэгістрацыю ў плане «Перамога» і сувязь з фондам BYPOL.

Светлагорскія «партызаны» падчас суда 27 снежня. Крыніца: viasna96/Telegram

У Менску 26 снежня распачаўся працэс над палітзняволенымі супрацоўніцамі МТБанку Інай і Валерыяй Глінскімі. Маці і дачку судзяць за перадачу ў 2020 годзе дадзеных сілавікоў у «Чорную кнігу Беларусі» па трох артыкулах КК: ч. 3 арт 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 3 арт. 203-1 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных»), арт. 352 («Неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй»).

У Лідзе лекару-тэрапеўту Андрэю Красніку прысудзілі тры з паловай гады калоніі па шэрагу пратэсных артыкулаў. 55-гадовага лекара затрымалі за каментары і лайкі, якія ён пакідаў у сацыяльных сетках яшчэ ў 2020 годзе. Аднак пазней яму выставілі абвінавачанне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу.

Ужо асуджанага юрыста і грамадзяніна ЗША Юрыя Зянковіча 27 снежня будуць судзіць зноў па новай справе аб абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). 2 верасня Зянковіча асудзілі па «справе змоўшчыкаў» да 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Палітвязня Уладзіміра Гундара будуць судзіць за «абразу» пракуроркі па «справе Аўтуховіча» паводле арт. 369 КК. «Гэта адбылося, пэўна, тады, калі Уладзіміра прынеслі на працэс распранутым. Ён нешта крычаў, але неразборліва», – пракаментавала прысутная на тым судовым паседжанні ягоная жонка Алена Гундар. Падчас мінулага суда Гундар абвесціў галадоўку, пратэстуючы супраць прымусовага распрананне перад працэсам. У выніку палітвязня судзілі ў адных майтках, прыкаваўшы за рукі да клеткі. Тады Уладзіміра асудзілі да 18 гадоў калоніі.

Палітыка і палітвязня Мікалая Статкевіча зноў змясцілі у ШІЗА, паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч. Гэта не менш, як 21-е спагнанне з ліпеня. Ён знаходзіцца за кратамі амаль 2,5 гады, агулам яму прысудзілі 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.

«Тэрмін »пакарання« мне невядомы. Дапускаю, што пастараюцца захапіць усё святы. А тое ж у адзіночцы 1 метр на 3 можа расслабіцца, святочны настрой адчуць. Так і ўяўляю шыкоўны святочны стол на 1 базавую, якую, дарэчы, яму не кожны месяц удаецца атаварыць з-за ШІЗО. (На наступны скарыстацца «сэканомленым» не дазваляюць). Агулам, гэта ўжо не менш, чым 21-е спагнанне з ліпеня», – напісала Марына Адамовіч.

ГУБАЗіК затрымаў стыліста Ігара Кароліка праз відэа ў падтрымку Украіны. «Пакаяннае» відэа з ім з’явілася на старонцы Ігара ў TikTok. На ім хлопец просіць прабачэння за тое, што «падтрымліваў фашысцкую ідэалогію» і прасіць прабачэння ў «братоў-славянаў».

Гарадзенца Руслана Красава асудзілі на тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за пост у сацсетках пра Лукашэнку. Яго судзілі паводле ч. 2 арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі і ч. 2 арт. 367 КК за паклёп у дачыненні Лукашэнкі.

Сілавікі затрымалі супрацоўніка МТЗ Яўгена Фіцава. 25-гадоваму хлопцу інкрымінуюць ч.1 арт. 342 КК – за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Папярэдне, акрамя Яўгена на МТЗ таксама затрымалі яшчэ некалькі чалавек.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў