Што ў новым пакеце санкцыяў Еўразвязу супраць рэжыму Лукашэнкі? Тлумачыць Латушка


Еўразвяз падрыхтаваў новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Канкрэтныя дэталі санкцыйнага пакету пакуль невядомыя, але тычыцца яны будуць ваенна-прамысловага комплексу і супрацы з Расеяй.

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Варшава, Польша. 8 чэрвеня 2023 года.
Фота: Белсат

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету па пытаннях транзіту ўлады, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка расказаў «Белсату», што новы пакет перадусім прадугледжвае частковую гарманізацыю санкцыяў адносна рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і Расейскай Федэрацыі – гэта і было адной з галоўных мэтаў АПК і НАУ.

«Без гарманізацыі санкцыйнай палітыкі санкцыі не будуць мець таго эфекту, на які яны разлічаныя», – тлумачыць Латушка.

Пакет санкцыяў, падкрэслівае Латушка, быў уведзены ў сувязі з саўдзелам рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны. Яны тычацца ваенна-прамысловага комплексу, авіяцыйнай сферы. Пакет прадугледжвае таксама персанальныя санкцыі – Латушка чакае, што ў ім будзе звыш 30 імёнаў асобаў, датычных да дапамогі ў Крамлю ў вайне ва Украіне і парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.

Другая мэта, працягвае ён, была ў тым, каб не дапусціць выключэння з-пад санкцыяў або змяншэння аб’ёму санкцыяў адносна паставак калійных угнаенняў з Беларусі ў трэція краіны.

Раней Латушка расказваў, што Партугалія лабіявала адмену санкцыяў на беларускія калійныя ўгнаенні дзеля паставак тых на еўрапейскі рынак, матывуючы гэта значным ростам цэнаў на ўгнаенні, што правакуе рост цэнаў на харчы. Але цэны ўпалі, значныя зніжкі нядаўна атрымалі Кітай ад Канады і Індыя ад Расеі. Франак Вячорка, старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай, пазней адзначаў, што ідзе гаворка не пра адмену санкцыяў, а пра іх змякчэнне – каб дазволіць транзіт угнаенняў праз тэрыторыю Еўрапейскага Звязу.

«Нам удалося прайсці праз гэтую перашкоду, – расказвае Латушка. – І гэта вельмі важна, што гэтае пытанне было застаўленае ў баку, санкцыйны пакет быў прыняты, заакцэптаваны 27 краінамі Еўрапейскага звязу. На гэта быў патрачаны найвелізарнейшы рэсурс, вялікая колькасць дакументаў, аналітыкі, аргументаў, сустрэчаў лістоў як прадстаўнікам Партугаліі, так і іншых краінаў Еўрапейскага звязу, у саму Еўрапейскую камісію, Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў».

Што менавіта будзе ў санкцыйным пакеце, стане вядома пасля афіцыйнай публікацыі, якую Латушка чакае бліжэйшымі днямі. Пасля гэтага можна будзе ацэньваць сумы стратаў уладаў Беларусі, заўважае ён.

Але, працягвае Латушка, калі казаць пра эмбарга на вайскова-прамысловую супрацу і афіцыйную сферу, гаворка відавочна не пра сотні тысяч, а пра мільёны долараў экспарту і імпарту Расейскай Федэрацыі, які праходзіць праз Беларусь.

Агляд
Краіны ЕЗ увялі шэсць пакетаў санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, неўзабаве будуць яшчэ два
2023.07.19 18:14

Раней прадстаўнік Літвы ў Еўразвязе Арналдас Пранцкявічус расказваў, што ў пакеце санкцыяў адносна Беларусі – абмежаванні на тэхніку падвоенага прызначэння, якая можа быць выкарыстаная на полі бою і на авіяцыйныя тавары, а таксама персанальныя санкцыі. Разам з тым Еўразвяз ухваліў працяг індывідуальных санкцыяў супраць 1800 расейскіх фізічных і юрыдычных асобаў на яшчэ паўгода, адзначыў Пранцкявічус.

Адсутнасць змякчэння санкцыяў па каліі – сапраўды пытанне на мільёны долараў. Агулам Беларусь можа за год экспартаваць звыш 10 млн тонаў калійных угнаенняў (як было ў 2019 годзе – да выбараў і санкцыяў). У грашовым вымярэнні экспарт можа перавышаць 2,5 млрд долараў на год.

Hавiны
Лукашэнка збіраецца вазіць калій мяшкамі, а дызель – бочкамі
2022.05.30 12:45

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў