Павел Латушка: Лукашэнка можа страціць мільярд долараў праз пастаўкі калію ў Кітай


Цэны на калій падаюць, значную зніжку зрабілі важнаму гандлёваму партнёру Беларусі – Кітаю. Павел Латушка лічыць, што гэта добра: у рэжыму Лукашэнкі будзе менш грошай на вайну і рэпрэсіі. А шахцёры ўсё роўна няшмат атрымлівалі з экспарту здабытага імі калію.

Беларуськалій
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Геолаг праводзіць замеры магутнасцяў пласту. Салігорск, Беларусь. 4 красавіка 2014 года.
Фота: Віктар Піліпцоў / kali.by

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў каментары «Белсату» адзначыў, што ў свеце адбываецца глабальнае зніжэнне цэнаў на калійныя ўгнаенні. Самыя буйныя пакупнікі атрымліваюць адчувальныя зніжкі.

Днямі, расказвае ён, быў падпісаны кантракт буйной канадскай кампаніі «Canatex» на пастаўкі канадскіх калійных угнаенняў на кітайскі рынак. Кошт паставак складзе 307 долараў за тону – на 115 долараў за тону або на 27 % менш, чым чакалася на падставе мінулых кантрактаў канадцаў з Індыяй. Гэта, кажа Латушка, вельмі значная зніжка.

Расейскі «Уралкалій» яшчэ ў красавіку падпісаў пагадненне з Індыяй, у тым пагадненні зрабілі зніжку на 28 % – цану скінулі з 590 да 422 долара за тону.

Беларусь сёлета – галоўны пастаўнік калію ў Кітай. З усіх 3,529 млн тонаў хларыду калію, імпартаванага ў Кітай, 1,115 млн тонаў паходзіла з Беларусі, з Расеі было 0,869 млн тонаў, з Канады – 0,578 млн тонаў. У 2021 і 2022 гадах Беларусь пастаўляла ў Кітай 0,89 і 0,832 млн тонаў хларыду калію.

Агулам Беларусь можа за год экспартаваць звыш 10 млн тонаў калійных угнаенняў (як было ў 2019 годзе – да выбараў і санкцыяў). У грашовым вымярэнні экспарт можа перавышаць 2,5 млрд долараў на год.

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Варшава, Польша. 8 чэрвеня 2023 года.
Фота: Белсат

Зніжкі на калій будуць вельмі моцным ударам па рэжыме Аляксандра Лукашэнкі з гледзішча даходаў, якія той можа атрымліваць, лічыць Латушка.

«Рэжым Лукашэнкі можа страціць да аднаго мільярда долараў ЗША за пастаўкі калійных угнаенняў на кітайскі рынак», – заяўляе ён.

На думку Латушкі, Кітай новым кантрактам з Канадай дае моцны сігнал Лукашэнку аб тым, што не хоча мець справаў з краінай, якая дэстабілізуе сітуацыю ў свеце і хоча размясціць у сябе тактычную ядравую зброю.

І гэта добра, лічыць Латушка: рэжым Лукашэнкі можа пазбавіцца сродкаў на падтрыманне вайны ва Украіне і працяг рэпрэсіяў у Беларусі, як то пабудову новых турмаў. Паводле яго, ад экспарту калію грошы атрымлівае найперш сям’я Лукашэнкі: толькі частка грошай ідзе ў Беларусь, шмат асядае за мяжою. І тое, што даходзіць у Беларусь, дастаецца не шахцёрам.

Гэта сігнал і Захаду, працягвае Латушка: значыць, Кітай разглядае заходнія кампаніі ў якасці прыярытэтных партнёраў у гэтай галіне. Да таго ж, гэта важны аргумент для Бруселю: Партугалія, кажа ён, лабіюе адмену санкцыяў на беларускія калійныя ўгнаенні дзеля паставак тых на еўрапейскі рынак, матывуючы гэта значным ростам цэнаў на ўгнаенні, што правакуе рост цэнаў на харчы. Значныя зніжкі, зробленыя цяпер, «выбіваюць» гэты аргумент: цэны вярнуліся на даваенны ўзровень.

Hавiны
Святлана Ціханоўская правяла перамовы з міністрам замежных справаў Партугаліі
2023.05.29 11:00

«Беларуская калійная кампанія», заўважае Латушка, ужо зрабіла заяву пра тое, што яна абураная кантрактам «Canpotex» з Кітаем. Так жа БКК магла б абурыцца кантрактам «Уралкалію» з Індыяй, заўважае ён.

«Але абурацца можна колькі заўгодна, ды ў выніку трэба, калі ты хочаш захаваць прысутнасць на гэтых рынках, ты будзеш вымушаны панізіць кошты і нават пайсці на яшчэ большае паніжэнне коштаў», – падкрэслівае Латушка.

Лукашэнка, прагназуе ён, будзе шукаць іншыя выйсці: лабісты будуць усё магчымае, напрыклад, у Бразіліі. Латушка абяцае зрабіць усё, каб у лабістаў не атрымалася зладзіць кантракты на пастаўкі беларускага калію ў Бразілію. І нават калі кантракты з Бразіліяй падпішуць, цэны, а значыць і даходы Лукашэнкі, будуць значна меншыя.

Ян Лісіцкі, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў