Літоўскія памежнікі затрымалі яшчэ 47 чалавек на мяжы з Беларуссю


Васілій Малчанаў / Белсат

Затрыманыя за апошнія два дні назваліся грамадзянамі Іраку, Індыі, Гамбіі, Гвінеі і Марока. Дакументаў у іх не было. Іх асобы да гэтага часу не ўстаноўлены, паведамляе Дзяржаўнае бюро бяспекі Літвы.

Усяго ў Літву сёлета спрабавалі ўехаць 555 нелегальных мігрантаў з Беларусі. Гэта амаль у сем разоў вышэй, чым было ва ўсім 2020 годзе. У мінулым годзе быў затрыманы 81 такі іншаземец.

Сярод затрыманых сёлета на мяжы з Беларуссю найбольшая колькасць грамадзян Іраку альбо замежнікаў, якія прадставіліся – 361. 46 чалавек з Ірану, 45 – з Сірыі, 39 – з Беларусі, 17 – з Расеі, 11 – з Турцыі, 10 – з Шры-Ланкі, 6 – з Таджыкістана, па 4 – з Гвінеі і Індыі, 3 – з Афганістан, па 2 – з Емена, Егіпта, Марока і Гамбіі і 1 грамадзянін Самалі альбо самаабвешчаны.

Праз нядаўняе павелічэнне колькасці выпадкаў нелегальнага перасячэння мяжы Літва ўмацавала памежную бяспеку з Беларуссю. «У дадатак да розных арганізацыйных мерапрыемстваў у гэты ўчастак былі накіраваны памежнікі з іншых падраздзяленняў і выдзелены дадатковыя тэхнічныя рэсурсы. Акрамя таго, на дапамогу памежнікам прыйшлі сілы Службы грамадскай бяспекі, Саюзу стралкоў і іншых устаноў», паведамляе Бюро.

У той жа час афіцыйная Вільня заяўляе, што беларускі бок неахвотна ідзе на кантакт з літоўскімі памежнікамі, якія звяртаюцца па дапамогу ў расследаванні выпадкаў пранікнення нелегальных мігрантаў на тэрыторыю Літвы праз мяжу з Беларуссю. Пра гэта ў нядзелю ў эфіры нацыянальнага радыё LRT заявіў прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС балтыйскай рэспублікі Гедрус Мішуціс.

«Пасля кожнага затрымання, без чаго, як правіла, не абыходзіцца і дня, мы інфармуем аб тым, што здарылася беларускіх калег і прапаноўваем правесці сумеснае расследаванне, але рэакцыю ў адказ можна ахарактарызаваць як млявую», – сказаў ён.

Мігранты кажуць, што яны заплацілі неназваным асобам у сваіх краінах ад 2000 да 4000 долараў за «пуцёўку» з Багдаду да мяжы ЕС, паведамляе The Telegraph.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў