Атака на палякаў будзе каштаваць дорага

Выглядае на тое, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі альбо мэтанакіравана дэстабілізуе сітуацыю ў рэгіёне, альбо робіць чарговыя фатальныя памылкі.

Партрэты старшыні СПБ Анжалікі Борыс і журналіста, сябра Рады СПБ Анджэя Пачобута на фасадзе прэзідэнцкага палацу ў Варшаве.
Фота: Stanisław Dziemianko / facebook

Ад жніўня беларуская тэма ў польскіх СМІ на пачатку сыходзіла на другі план, пазней на трэці, а да нядаўняга часу пра Беларусь амаль нічога не было чуваць. Справа не ў тым, што гэта не цікава, проста ў часы пандэміі і пануючай на свеце дэпрэсіі не шмат людзей хочуць кожны дзень чуць пра турмы, рэпрэсіі, збіццё людзей, гвалт ці, тым больш, жудасныя катаванні.

Трэба разумець, што ў Польшчы не дзяржава вызначае медыйныя трэнды, а, з большага, менавіта прыватныя СМІ. А яны як раз кіруюцца настроямі людзей – робяцца адпаведныя сацыялагічныя даследаванні, якія паказваюць, што цікавіць чытача ці гледача, а што не зусім.

Артыкулы
«Цікавіла іх усё». Як праходзілі вобшукі на сядзібе Саюзу палякаў у Беларусі і ў сябраў арганізацыі
2021.03.25 21:31

Палякаў сёння цікавіць у першую чаргу тое, як яны будуць жыць падчас пандэміі і што будзе пасля яе, эканамічны крызіс, яго наступствы.

І Польшча – не выключэнне, бо жыхары краінаў заходняй Еўропы пра Беларусь увогуле з большага даведаліся толькі пасля мінулых выбараў. Ды і цікавасць была мімалётнай – пакуль былі мнагатысячныя пратэсты, вуліца, лілася кроў. Яшчэ тыдзень таму падавалася, што калі нічога істотнага і пераломнага ў Беларусі ў бліжэйшай будучыні не адбудзецца, мнагатысячных пратэстаў ці масавых забастовак, беларуская тэма прыціхне, пра рэжым у еўрапейскіх сталіцах пачнуць забывацца, ды і пра сур’ёзныя санкцыі не будзе гаворкі. Асабліва ў варунках, калі іншыя праблемы дамінуюць у Еўропе – недахоп прышчэпак, трэцяя і вельмі балючая хваля пандэміі.

Лукашэнка відавочна пачаў перажываць недахоп увагі. Таму вырашыў пасадзіць за краты кіраўнікоў найбуйнейшай польскай арганізацыі ў краіне – Саюзу палякаў у Беларусі. Сярод іх Анджэліка Борыс і Анджэй Пачобут, людзі якія асабіста ведаюць польскага прэзідэнта, кіраўніка ўраду, многіх міністраў, рэдактараў найбуйнейшых СМІ. І час падабралі ідэальны – якраз перад самітам Еўрапейскага савету (вышэйшы палітычны орган ЕЗ), які распачаўся ў чацвер.

Артыкулы
«У іх заўсёды ўва ўсім палякі вінаватыя». Што кажуць гарадзенцы пра антыпольскую кампанію
2021.03.26 11:05

На Беларусі там не збіраліся акцэнтаваць увагу (на парадку дня былі між іншым адносіны з РФ, прышчэпкі, пандэмія), але Лукашэнка ўсё ж туды ўлез. Польскі прэмʼер-міністр Матэўш Маравецкі прыгадаў і пра затрыманых палякаў, і пра рэпрэсіі, і палітвязняў.

Актыўна пачаў дзейнічаць і польскі прэзідэнт Анджэй Дуда, правёў перамовы ўжо з кіраўніцтвам АБСЕ, ААН і Рады Еўропы. Але хутчэй за ўсё, на заявах заходніх палітыкаў і міжнародных арганізацыяў справа не скончыцца.

Пасля ператрусу ў сядзібе палякаў у Горадні. Ірэна Валюс, віцэ-старшыня Саюза палякаў, Горадня. 25 сакавіка 2021.
Фота: Белсат

Для Польшчы – гэта прыярытэт, і дзеянні Менску вельмі абурылі Варшаву. Польскае кіраўніцтва выдатна разумее, што Лукашэнка вырашыў узяць закладнікаў і, хутчэй за ўсё, будзе патрабаваць нешта ўзамен. Але гандляваць з дыктатурай (напрыклад, праз адмежаванне падтрымкі вольных медыяў ці дэмакратычнай супольнасці) – справа вельмі рызыкоўная, і цяжка нават уявіць, што нехта з польскіх палітыкаў ці чыноўнікаў адважыцца на такі крок. На дыпламатыю таксама не выпадае разлічваць, асабліва ў варунках, калі Менск выгнаў ужо большасць польскіх дыпламатаў.

Застаюцца санкцыі, балючыя. У чацвер кіраўнік польскага ўраду заявіў, што ўжо падчас саміту Еўрапейскага савету запрапануе Літве і Латвіі «абмежаванне перамяшчэння тавараў» праз мяжу. Калі Варшава дамовіцца з Вільняй і Рыгай, гэта будзе беспрэцэдэнтны крок і наймацнейшы з усіх, якія захад зрабіў ад пачатку масавага тэрору супраць беларусаў.

Hавiны
Навошта ўлады Беларусі атакуюць Саюз палякаў у Беларусі
2021.03.26 17:08

У такой сітуацыі Лукашэнку прыйдзецца дамаўляцца. Тавараабарот Польшчы з Беларуссю – 3 млрд долараў. Для Польшчы гэта – нішто, у параўнанні з амаль 100-мільярдным тавараабаротам хаця б з той жа Нямеччынай. Варшава перажыве.

Але ці перажыве Менск, калі гандлёвыя сувязі з краінамі ЕЗ цалкам заблакуюць, калі Варшава не саступіць і пойдзе на беспрэцэдэнтныя крокі? А што скажа Масква Лукашэнку, калі Менск у адказ заблакуе мяжу ў другі бок і створацца многакіламетровыя пробкі з расейскіх фураў? А выглядае на тое, што Польшча не саступіць. Тавараабарот Беларусі з ЕЗ у мінулым годзе склаў амаль 12 млрд долараў. Пытанне рытарычнае.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў