У Беларусі пачаўся так званы рэферэндум аб змяненнях у Канстытуцыю. Датэрмінова прагаласавалі 43 % грамадзянаў. Найбольш – у Гомельскай вобласці, найменш – у Менску.
27 лютага ў Беларусі – асноўны дзень галасавання на рэферэндуме.
Участкі для галасавання адкрыліся а 8-й гадзіне раніцы і будуць працаваць да 20:00.
У бюлетэнях для галасавання адно пытанне: «Ці прымаеце вы змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?». Выбраць можна адзін з двух варыянтаў адказу – за ці супраць.
У спісы для галасавання ўключаныя 6 818 948 беларусаў. Гэта на 26 тысячаў менш, чым на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.
Цэнтрвыбаркам Беларусі ў суботу, 26 лютага, паведаміў, што датэрмінова прагаласавалі амаль 42,93 % грамадзянаў. Гэта рэкордны для Беларусі вынік датэрміновага галасавання.
У вобласцях вынікі датэрміновага галасавання, згодна з ЦВК, выглядаюць так:
– Берасцейская вобласць – 44,98 %
– Віцебская вобласць – 43,60 %
– Гомельская вобласць – 49,02 %
– Гарадзенская вобласць – 42,59 %
– Менская вобласць – 43,31 %
– Магілёўская вобласць – 44,40 %
– Менск – 34,75 %
Для правядзення галасавання і падвядзення вынікаў сфармавалі 5510 участковых камісіяў. Ніводны прадстаўнік апазіцыі ў іх склад не ўвайшоў, спісы чальцоў камісіяў засакрэцілі. На рэферэндуме не будзе таксама ніводнага назіральніка ад АБСЕ.
Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў прыйсці на рэферэндум і прагаласаваць супраць змяненняў у Канстытуцыю.
«Мы ўвесь час казалі пра нелегітымны «рэферэндум», каб ставілі два крыжыкі ў бюлетэні. Але цяпер заклікаем да іншага: прыйсці на ўчасткі а 14:00 і прагаласаваць не супраць Канстытуцыі і «рэферэндуму», а супраць вайны, гвалту і танкаў у іншай краіне. Але і ў нашай таксама», – кажа беларуская лідарка.
ГГ, belsat.eu