Польскіх памежнікаў закідалі камянямі. Мігрантам могуць дапамагаць туркменскія студэнты


Памежная ахова Польшчы паведаміла пра чарговы інцыдэнт з мігрантамі, якія незаконна спрабавалі перайсці мяжу з Беларуссю. Тым часам стала вядома, што да арганізацыі нелегальных плыняў могуць быць датычныя студэнты з Туркменістану.

Польскія памежнікі на мяжы з Беларуссю
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія памежнікі на мяжы з Беларуссю. 13 жніўня 2023 года.
Фота: Straż Graniczna / X

25 верасня з Беларусі ў Польшчу спрабавалі незаконна заехаць 53 замежнікі, у тым ліку грамадзяне Іраку, Афганістану і Сірыі. Чатыры асобы, пабачыўшы патрулі, вярнуліся назад у Беларусь.

Паміж Белавежай і Нараўкай група агрэсіўных замежнікаў закідала патрулі камянямі.

Туркменскія студэнты дапамагаюць мігрантам

Тым часам выданне Turkmen.news паведаміла, што туркменскія студэнты ў Беларусі аказаліся масава ўцягнутымі ў кантрабанду людзей. У выніку ў верасні ў беларускія ВНУ нават трапіў ліст з подпісам намесніка міністра адукацыі Беларусі Аляксандра Бахановіча з патрабаваннем сачыць за навучэнцамі з Туркменістану, не дапускаць пропускаў імі заняткаў і ўзмацніць прафілактычную працу.

Паводле крыніцы turkmen.news, туркменскія студэнты на машыне давозяць групы замежнікаў да мяжы з Польшчай, пераводзяць іх на польскі бок і саджаюць у машыну суўдзельнікаў. Потым яны фатаграфуюць сваіх падапечных як доказ выкананай працы, вяртаюцца ў Менск ці Берасце і атрымліваюць 3–4 тысячы долараў. Грошы за працу ім выплачвае этнічны курд.

У артыкуле таксама называюцца імёны трох студэнтаў з Туркменістану, якіх асудзілі на тэрміны ад 3 да 4,5 гадоў пазбаўлення волі за спрыянне нелегальнай эміграцыі. Яшчэ каля трох дзясяткаў пасля затрымання на мяжы аштрафавалі і дэпартавалі з Беларусі.

Hавiны
Польскі генерал заявіў, што ў беларускіх сілавікоў узніклі праблемы з мігрантамі
2023.09.01 12:45

Раней польскі брыгадны генерал Аркад’юш Мікалайчык, камандуючы аператыўнай групай «Падляшша», заявіў, што ў беларускіх сілавікоў узніклі праблемы пасля ўзмацнення польскай прысутнасці на мяжы.

«Відаць, што яны цяпер пад вялікім ціскам, і немагчымасць пераправіць мігрантаў праз нашую мяжу азначае, што ў іх ёсць праблемы не толькі з кіраваннем гэтай аперацыяй, але і з кіраваннем людзьмі, якіх яны сабралі на сваім баку. Яны гоняць мігрантаў да самай мяжы ў прынцыпе на ўсёй яе працягласці», – заявіў Мікалайчык.

Hавiны
Польшча назвала ўмовы, пры якіх гатовая адкрыць пункты пропуску на польска-беларускай мяжы
2023.08.30 11:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў