У Беларусі абнавілі Закон аб мовах: што ў ім мяняецца, а што застаецца. І навошта гэта?


У Беларусі набыла моц новая рэдакцыя Закону аб мовах, што дзейнічае з 1990 года і вызначае моўную палітыку ў краіне. Дакумент з праўкамі 25 ліпеня быў апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. «Белсат» разбіраўся ў зменах. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Арфаграфічны конкурс «Беларуская дыктоўка» з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы на Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту. Варшава, Польшча. 21 лютага 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Апошні раз Закон аб мовах у Беларусі мяняўся ў студзені 2021 года. Тады з яго, як і з іншых дакументаў, актыўна прыбіралі фразу «Рэспублікі Беларусь». Таксама нязначна змяняўся артыкул 29 Закону. Цяпер жа змены ў дакумент значна большыя.

Пры гэтым, як адзначыў у каментары «Белсату» гісторык Аляксандр Пашкевіч, прыняцце Закону зусім не гарантуе таго, што ён будзе выконвацца, бо «Беларусь пры Лукашэнку ніколі не была колькі-небудзь прававой дзяржавай». Хоць, вядома, і існуюць не звязаныя з палітыкай галіны жыцця, дзе «заканадаўства сапраўды дакладна рэгулюе грамадскія адносіны, па ім рэальна жывуць, і дзе з-за гэтага кожнае слова, якое там выкарыстоўваецца, ды нават знак прыпынку могуць мець вялікую важнасць».

«Моўнае пытанне, аднак, да такіх галін ніколі ў нас не належала, гэта ў Беларусі заўсёды было і ёсць пытанне палітычнае. Таму прыгожая тэорыя, адлюстраваная ў законах, ад практыкі можа быць (і часта, а то і звычайна бывае) бясконца далёкая. Дэкларатыўна можа быць гарантавана ўсё што заўгодна, – але ў рэальным жыцці за гэта нібыта гарантаванае часта трэба доўга і ўпарта змагацца, з зусім не гарантаваным урэшце вынікам. Вырашае ж урэшце заўсёды палітычная мэтазгоднасць», – падкрэсліў гісторык.

Што мяняецца ў Законе

Абноўлены артыкул 10 Закону прадугледжвае, што пашпарты і ID-карткі выдаюцца на беларускай, расейскай і англійскай мовах. З фармулёўкі прыбралі «іншыя мовы». Паводле ж новых артыкулаў 14 і 15 вядзенне судовай вытворчасці і справаў аб адміністратыўных правапарушэннях можа ажыццяўляцца на беларускай і расейскай мовах. Раней даваўся выбар – на беларускай ці расейскай мовах.

У артыкуле 21 замацоўваецца права на атрыманне адукацыі на дзяржаўных мовах для сістэмаў навукова-арыентаванай адукацыі і дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі.

З артыкулу 22, дзе напісана пра абавязак валодаць беларускай мовай, прыбраныя кіраўнікі сістэмы адукацыі. Раней яны прапісвалася адмыслова. Цяпер гэты наказ дзейнічае толькі для педагагічных работнікаў. Праўда, у артыкуле 4 надалей ёсць абавязак кіраўнікоў, іншых работнікаў дзяржаўных органаў і іншых арганізацыяў валодаць беларускай і расейскай мовамі. Выключэння для кіраўнікоў школаў у ім няма.

«Прадмова» у Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускамоўныя кнігі на фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Варшава, Польшча. 18 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Таксама з артыкулу 22 прыбраны абзац, які рэгламентуе механізм выбару мовы навучання ў пэўнай установе адукацыі.

Змены не прынцыповыя

Гісторык Аляксандр Пашкевіч адзначыў, што апошнія змены ў Закон аб мовах у дачыненні беларускай мовы «зусім не прынцыповыя і па сутнасці на практыцы нічога для яе не мяняюць».

«У прававой дзяржаве выкарыстанне злучнікаў «і», «ці», «або» і іх камбінацый, вядома, мае вялікае значэнне, і фармулёўкі кшталту «на беларускай і рускай мовах», «на беларускай або рускай мовах» ці «на беларускай і (або) рускай мовах» могуць мяняць сітуацыю нават прынцыпова. У беларускіх жа рэаліях, на жаль, усё залежала і залежыць не так ад Закону, як ад пазіцыі ды асабістай сітуацыі канкрэтных людзей на месцах», – падкрэсліў ён.

Паводле яго, дакумент з аднаго боку прадугледжвае, што «любыя чыноўнікі павінны і ведаць беларускую мову, і выкарыстоўваць яе, але ў той жа час дае ім прастору для манеўру або ад гэтага ўхіляцца».

«Жангляванне фармулёўкамі, замена адной на іншую па сутнасці нічога не мяняе, бо ў кожным разе аўтаматычна беларускамоўным нічога не даецца, а трэба выбіваць, часта коштам вялікіх вытратаў часу і нерваў», – дадаў гісторык.

На яго думку, змяненні ў Закон «хутчэй рэдакцыйныя» і не прадугледжваюць ані пагаршэння, ані паляпшэння сітуацыі з беларускай мовай. Гэтак, Аляксандр Пашкевіч лічыць хібным меркаванне, што кіраўніцтву ў сістэме адукацыі цяпер дазволена не валодаць беларускай мовай. Бо, з аднаго боку, яны таксама педагагічныя работнікі, а з другога – кіраўнікі. І тыя, і тыя павінны валодаць беларускай мовай.

«Акурат тут, як выглядае, ніхто злых намераў не меў і бомбы пад беларускую мову не падкладаў – проста заўважылі шурпатасці і непатрэбнае дубляванне ў папярэдняй версіі Закону, і ў новай рэдакцыі іх выправілі», – заявіў гісторык.

Патрошкі адсякаць хвост

А вось Наталля Русецкая, філолаг, выкладчыца ўніверсітэту Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне, мяркуе, што «гэтая змена фармулёвак, як і ўся іншая дзейнасць нашай улады, вядзе да таго, каб знішчыць нацыянальнае, калі яно абазначае беларускае».

«Баюся, каб гэта не вяло да таго, што дзяржаўнай мовай будзе расейская, і каб потым не сталася, што і дзяржава будзе адна – Расея. Прынамсі ўсе папярэднія дзеянні на вынішчэнне ўсяго беларускага ў розных сферах – і ў адукацыі, і ў абслугоўванні – паказвалі менавіта гэты кірунак», – адзначыла яна ў размове з «Белсатам».

Пры гэтым, на ейную думку, у чыноўнікаў пагаршаецца ўзровень валодання беларускай мовай. Калі раней шмат хто паходзіў з вёскі, дзе беларуская мова жыла натуральным чынам, калі яна гучала на тэлебачанні, радыё і ў іншых медыях, то за апошнія 30 гадоў «вырасла новае пакаленне, якое не мела натуральнага доступу да мовы». Шмат якія дзяржаўныя медыі за гэты час у найлепшым выпадку сталі дзвюхмоўнымі, калі агулам не перайшлі цалкам на расейскую мову.

«Узровень валодання мовай зніжаецца. Апошнія падзеі спрыяюць таму, што тыя, каму залежыць, каб гэтая мова жыла, каб яна была, каб яна выкарыстоўвалася, каб яе ведалі, проста з’язджаюць», – адзначыла Наталля Русецкая.

Тыя ж, хто застаецца ў Беларусі, паводле яе, часам вымушаны хаваць сваё валоданне беларускай мовай, «каб не вылучацца, не паказваць хоць нечым сваю прыхільнасць да нечага беларускага, каб не быць абвінавачаным у «нацыяналізме» ці яшчэ чым горшым».

Тым не менш, заявіла выкладчыца, улада пакуль не гатовая цалкам адмовіцца ад беларускай мовы і толькі «патрошкі адсякае гэты хвост». У выніку такіх дзеянняў, калі будуць прымацца радыкальныя рашэнні адносна беларускай мовы, гэтага «ніхто і не заўважыць».

Аляксандр Пашкевіч таксама лічыць, што «дзяржава, якой кіруе Лукашэнка, насамрэч зусім не зацікаўленая ў шырокім ды паўнавартасным функцыянаванні і развіцці ў Беларусі любых моў, апрача расейскай». Аднак, на яго думку, поўнага звядзення са свету беларускай мовы, «відаць, у планах у яе няма». Беларуская мова дагэтуль прысутнічае на афіцыйных імпрэзах, накшталт Дня беларускай пісьмовасці ці фестывалю ў Маладзечне. Яе можна часта сустрэць у вонкавым аздабленні многіх афіцыёзных элементаў, уключаючы шэўроны сілавікоў. Яе ў сваіх выступах, «хоць і гады ў рады», выкарыстоўвае Лукашэнка.

«Існаванне і функцыянаванне беларускай мовы як нейкага сімвалічна-дэкаратыўнага элементу ўсіх пакуль задавальняе, за выключэннем хіба нейкіх зусім ужо прарасейскіх і антынацыянальных элементаў накшталт прапагандысткі Вольгі Бондаравай», – мяркуе гісторык.

Бязмоўнасць нацыянальных меншасцяў

Тым не менш, у Законе ўсё ж ёсць змены, якія наўпрост закранаюць цэлыя групы насельніцтва. Яны датычаць перадусім права нацыянальных меншасцяў навучацца на роднай мове. Гэтак, змененая назва артыкулу: «Права на выхаванне і атрыманне адукацыі на нацыянальнай мове» на «Права на атрыманне адукацыі на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь». Цяпер вучыцца на мовах нацыянальных мяншыняў нельга, дазваляецца толькі вывучэнне іх роднай мовы і літаратуры ў асобных групах і класах на рашэнне мясцовых органаў улады, узгодненае з Міністэрствам адукацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Агулам магчымасць навучання ў Беларусі на мовах нацыянальных мяншыняў ужо фактычна была спыненая раней. Яшчэ з 2022 года дзейнічаюць адпаведныя змяненні ў Кодэкс аб адукацыі. Раней у ім прадугледжвалася, што могуць стварацца групы, класы або нават цэлыя ўстановы дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучанне і выхаванне ажыццяўляюцца на мове нацыянальнай меншасці або вывучаецца мова нацыянальнай меншасці. Цяпер жа максімум, што можна зрабіць, – гэта стварыць групы і класы, «у якіх навучэнцы вывучаюць мову і літаратуру нацыянальнай меншасці».

Як вынік, з мінулага навучальнага года былі пераведзеныя на расейскую мову польскамоўныя школы ў Горадні і Ваўкавыску. Ад польскасці там засталіся толькі па адным уроку польскай мовы і літаратуры на тыдзень. Таксама было забаронена выкладаць па-літоўску ў школах у вёсках Пеляса (Воранаўскі раён) і Рымдзюны (Астравецкі раён). Увосень плануюць пазбавіць нацыянальныя меншасці права навучацца на сваёй мове і ў нядзельных рэлігійных школах.

Аляксандр Пашкевіч звязвае гэтыя змяненні з палітычным канфліктам рэжыму ў Менску з суседнімі краінамі, перадусім Польшчай і Літвой, і, адпаведна, змяненнем стаўлення да культурна-асветніцкага жыцця ў Беларусі прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў.

У Законе, паводле яго, «цяпер адлюстравалі гэтую новую рэальнасць», калі замест цэлых установаў на мовах меншасцяў застаюцца толькі групы і класы з урокамі мовы і літаратуры.

Аднак і цяпер у артыкуле 22 абноўленага Закону прапісана, што «ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, навучанне і выхаванне пры наяўнасці ўмоў і па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі могуць ажыццяўляцца на замежнай мове». На думку гісторыка, пры жаданні «пад гэтую фармулёўку могуць падагнаць і тыя ж польскія ды літоўскія дзіцячыя садкі і школы, калі раптам палітычны пасьянс складзецца так, што іх будзе мэтазгодна ўжо не знішчаць, а аднаўляць». Хоць «гэта надзвычай малаверагодна».

«У кожным разе, агаворка «па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі» робіць нейкую самадзейнасць і некантраляванасць у гэтым пытанні немагчымымі», – падкрэсліў гісторык.

Дапамогуць чыноўнікам у гэтым сілавікі. Як гэта зрабіў, напрыклад, ГУБАЗіК, які непасрэдна перад публікацыяй зменаў у Закон аб мовах паведаміў пра затрыманне дзвюх універсітэцкіх выкладчыц беларускай і расейскай моваў за «дэструктыўныя дзеянні».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў