Сістэматычныя тэракты ў Расеі як напамін беларусам: мы недалёка ад яе адышлі пры Лукашэнку

Сумленная і сапраўдная Беларусь адзначыла чарговы Дзень Волі, 106-ыя ўгодкі абвяшчэння незалежнасці нашага слаўнага краю. Іншая Беларусь – двудушная, цынічная, нялюдская і нябоская – 106-ыя ўгодкі стварэння ўнутраных войскаў, якія, паводле версіі ОНТ, «стаяць на варце спакою беларусаў і нацыянальнай бяспекі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі выстройваюцца ў чаргу, каб ускласці кветкі да імправізаванага мемарыяла ахвярам тэракту ў ГЦ «Крокус Сіці Хол». Краснагорск, Расея. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Grigory Sysoev / Sputnik / East News

Наколькі беларусам цяпер спакойна – гэта асобная тэма. Якраз, на маю думку, значна спакайней пачуваюцца тыя, хто з’ехаў з пекла нянавісці, даносаў, катаванняў, гвалту і забойстваў. І хто не жыве ў пастаяннай трывозе, што зранку да цябе ўломяцца гарылы ў поўным узбраенні і пакладуць тварам на падлогу роднай хаты за нейкую колішнюю «падабайку».

Але як бы ні супакойваў рэжым сваіх грамадзянаў, што пад яго панаваннем беларусам нічога не пагражае, людзей гэта, вядома, не супакойвае. Вось і Масква жыла сабе, жыла, забылася ўжо на тыя жахі, што здарыліся напрыканцы 1990-х – на пачатку 2000-х. А было шмат чаго: тэракт у дагестанскім Буйнакску, два, уласна, у самой Маскве, а яшчэ ў Валгадонску Растоўскай вобласці. У кастрычніку 2002 года – захоп закладнікаў, якія ў якасці гледачоў прыйшлі ў Тэатральны цэнтр на Дуброўцы ў Маскве, каб атрымаць асалоду ад мюзіклу паводле раману Веньяміна Каверына «Два капітаны». Уявіце сабе: у самым цэнтры Масквы, на вуліцы Мельнікава, раптам з’явіліся некалькі мікрааўтобусаў з чатырма дзясяткамі ўзброеных баевікоў, якія, бесперашкодна забегшы ў будынак Тэатральнага цэнтру, амаль тры дні ўтрымлівалі пад сваёй увагай каля тысячы наведнікаў імпрэзы і працаўнікоў установы. Потым, вядома, сілавыя органы ўсё зачысцілі як маглі (не без ахвяраў з боку наведнікаў цэнтру). Спіс, вядома, можна працягваць далей.

Але як тады, гэтак і цяпер, у «Крокус Сіці Холе», ніхто з найвышэйшага кіраўніцтва сілавых органаў, а тым больш крамлёўскіх гаспадароў асабліва не пасыпаў уласнай галовы попелам. А тым больш не прызнаў вялікай паразы ў сачэнні і маніторынгу дзейнасці тэрарыстычных груповак у самой расейскай сталіцы. Хаця цяпер ужо нават школьнік без сумнення скажа, што яны ёсць, існуюць і гатовыя зноў дзеяць. Але Масква, а дакладней тыя, хто мусіць стаяць на яе варце, і далей слязам не вераць. Думалі, што расправіліся з тэрарызмам назаўсёды…

Вось у Беларусі – усё пад кантролем. Самым пільным у свеце. У вечар той жа пятніцы, калі адбыўся даволі імклівы тэракт у падмаскоўным Краснагорску, былі арганізаваныя ўзмацненне дзяжурных зменаў і рэзервовых групаў службы бяспекі метрапалітэну, патруляванне і агляд цягнікоў. А МУС павялічыў шчыльнасць нарадаў, дапоўненых байцамі АМАП. І пры гэтым супрацоўнікі былі дадаткова ўзброеныя аўтаматамі. Міністэрства культуры заявіла, што ў Менску адмянілі канцэрт «Беларусь – мая песня». Вядома, якія ўжо тут песні, калі так узвысіўся градус нявызначанасці будучыні? Вы думаеце, Масква з яе праблемамі вельмі далёка?

Мы крыху абмеркавалі гэтую тэму з палітолагам Анатолем Котавым. Паводле яго, Беларусь ідзе след у след за расейскім наратывам. То бок уласна правакуе «Ісламскую дзяржаву» на атакі ў краіне, неасцярожна і неабдумана, напрыклад, пахваліўшыся тым, што дапамагала расейцам затрымліваць меркаваных злачынцаў у мінулую суботу.

Лукашэнка ўпарта прывязвае Беларусь да «расейскага вайсковага карабля». І калі для яго гэта пакуль бяспечна, то звычайных грамадзянаў зло можа чакаць у любым месцы з вялікай ці нават невялікай колькасцю людзей.

Тэрарызм не спіць, а толькі зноў уздымае галаву. І накіраваны ён цяпер менавіта на слабыя ўрады, такія, як расейскі і беларускі, якія захопленыя барацьбой з апазіцыяй. А вонкавы вораг для іх – другасны. Тое, што яны магутныя барацьбіты з тэрарызмам, як бачым на прыкладзе Масквы, усё пыл. Ну і што, што ў Менску ўвялі павышаныя захады бяспекі? Цяпер яны павышаныя. Праз тыдзень-два – зноў усё запаволіцца. Тэрарысты на тое і ўмелыя шкоднікі, каб падлавіць у самы адпаведны для іх і нечаканы для ўладаў момант. Амерыканцы папярэджвалі расейцаў, што ў наступныя 48 гадзінаў маглі адбыцца тэракты ў месцах масавай канцэнтрацыі людзей. Не адбыліся. Ну і ладна. Усе супакоіліся. Ды яшчэ Пуцін пасмяяўся, назваўшы гэта «наўмысным шантажом, каб расхістаць абстаноўку». А тэрарысты ж не дурні. Ім спяшацца няма патрэбы. Папярэдзілі амерыканцы пра іх расейскі ўрад 7 сакавіка, а тэрарысты спакойна расстралялі людзей 22-га. Якая розніца – цягам 48 гадзінаў ці двух тыдняў рабіць сваю чорную справу? Беларусаў заспакойваюць і пераконваюць, што ўсё пад кантролем. Але ўсё больш нашых землякоў упэўніваецца, што ўсё гэта ў адзін момант (не хочацца накаркаць, не дай Бог!) можа зрабіцца вялікай прафанацыяй.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў