«Нямецкія чыноўнікі мусяць паверыць вам». Чаму аўтарцы «Беларускага Пачакуна» адмовілі ў прытулку?


Сям’і гамяльчанкі Аксаны Ліхадзіеўскай, якая з’ехала з Беларусі праз палітычна матываваны пераслед, адмовілі ў прытулку ў Нямеччыне. Гісторыя жанчыны выклікала сумневы ў нямецкіх чыноўнікаў. Аксана ў разгубленасці і не ведае, дзе шукаць дапамогу і колькі яшчэ краінаў ёй давядзецца змяніць, пакуль нарэшце ўдасца знайсці новы дом і бяспеку.

«Белсат» разбіраўся, чаму беларусцы маглі адмовіць у абароне, ці ёсць нейкае выйсце з сітуацыі і наколькі ўвогуле лёгка атрымаць прытулак у Нямеччыне ахвярам рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі.

Аксана Ліхадзіеўская.
Фота: асабісты архіў Аксаны Ліхадзіеўскай

«У Нямеччыне сустрэла паліцыя, тры дні мы правялі ў дэпартацыйнай турме»

Аксана Ліхадзіеўская разам з дваімі дзецьмі 7 і 15 гадоў з’ехала з Беларусі 19 снежня 2020 года. Да ад’езду жанчына была актыўнай удзельніцаю пратэсных акцыяў, сама ладзіла пікеты, хадзіла «карміць галубоў», дзе была затрыманая, потым на жаночыя пратэсныя маршы.

Разам з сяброўкаю Наталляй Аксана стварыла ляльку – «Беларускага Пачакуна», сімвал чакання скону беларускай дыктатуры. У лістападзе 2020 года Аксана і Наталля ладзілі пікеты з Пачакуном у Гомлі. За гэта сябровак затрымалі разам з лялькай і содні пратрымалі ў ІЧУ. Адпусцілі са штрафам і сканфіскавалі Пачакуна ды мабільныя тэлефоны. У Аксаны таксама забралі фотаапарат з аб’ектывамі і пагражалі сканфіскаваць аўтамабіль, але вярнулі яго пасля суда. Тэлефон і фотаапарат аддалі толькі пасля аплаты штрафу.

Пазней, у снежні, да гамяльчанкі з ператрусам прыйшлі супрацоўнікі аддзелу барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў.

Жанчыне пагражалі крымінальнаю справаю, дзяцей у школах паставілі на асаблівы кантроль, таму сям’я пастанавіла з’ехаць. Паехалі ў Польшчу, дзе адразу падалі прашэнне аб міжнароднай абароне. Аднак праз два месяцы прыйшло паведамленне, што, паколькі ў беларускі і ейных дзяцей нямецкія нацыянальныя візы, то, паводле Дублінскага рэгламенту, яны будуць дэпартаваныя ў Нямеччыну, якая і будзе разглядаць іхнае прашэнне.

«Нам прызначылі час, мы выклікалі таксі і паехалі ў аэрапорт. Там нас пасадзілі ў самалёт, – апавядае Аксана. – У Нямеччыне нас сустрэла паліцыя. Тры дні мы правялі ў дэпартацыйнай турме – пакоі ў паліцэйскім участку. Мы былі без тэлефонаў, без нічога. Нават зубныя шчоткі не дазволілі ўзяць. Тады яшчэ быў ковід, у красавіку 2021 года, у нас бралі аналізы».

Гісторыі
«На мяне хацелі павесіць усе акцыі ў раёне»: адна з аўтарак беларускага Пачакуна з’ехала за мяжу
2020.12.22 16:25

«Заяўнікі не выканалі патрабаванняў для надання статусу ўцекачоў»

Праз тры дні сям’ю адправілі ў лагер.

«Мы паўтара месяца былі на каранцінах, бо нас перакідвалі з лагеру ў лагер у розных месцах. Гэта было цяжка, бо мы былі ў адным пакоі, не маглі нават надвор выйсці. Мне ўвесь час прыгадвалася беларуская турма», – кажа нашая суразмоўца.

У лагеры Аксана з дзецьмі пражылі да 6 кастрычніка 2021 года. Потым іх перавялі ў цэнтр просьбітаў прытулку, дзе яны жывуць дасюль, але з лютага ўжо змогуць пераехаць у кватэру, бо ў Аксаны і мужа цяпер ёсць сталыя працоўныя кантракты.

У лістападзе 2023 года сям’я атрымала адмову ў міжнароднай абароне ў Нямеччыне. У абгрунтаванні адмовы зазначаецца, што «заяўнікі не выканалі патрабаванняў для надання статусу ўцекачоў».

«Замежнік лічыцца ўцекачом, калі праз абгрунтаваны страх зазнаць пераслед праз расу, рэлігію, нацыянальнасць, прыналежнасць да пэўнай сацыяльнай групы альбо праз свае палітычныя перакананні застаецца за межамі краіны свайго грамадзянства альбо дзе ён жыў як асоба без грамадзянства, і на абарону якой ён не можа разлічваць ці не хоча праз свой страх. Заяўнікі не ёсць уцекачамі ў сэнсе гэтага вызначэння», – гаворыцца ў дакуменце Федэральнага ведамства справаў міграцыі і ўцекачоў.

Пачакун.
Фота: асабісты архіў Аксаны Ліхадзіеўскай

Сумневы ў чыноўнікаў выклікала, што Аксана здолела без перашкодаў выехаць з Беларусі.

«Варта адзначыць, што заяўніцу адпускалі альбо давалі штрафы кожны раз пасля затрымання альбо допыту ў міліцыі. Нягледзячы на розныя заяўленыя ёю дзеянні ў Беларусі – удзел у дэманстрацыях, «партызанскіх акцыях» (распаўсюд улётак і газетаў), інтэрв’ю і заяву, што супрацоўнікі міліцыі ведалі пра ейнае жаданне пакінуць краіну, яна і ейныя дзеці без праблемаў прайшлі правяранне і здолелі легальна пакінуць тэрыторыю Беларусі», – гаворыцца ў адмове ў прытулку.

«Мне не паверылі. Але ж тады, у 2020 годзе, шмат хто без праблемаў выязджаў. Рэжыму было выгадна ўсіх выпхаць з краіны. Яшчэ нямецкіх чыноўнікаў здзівіла, што да мяне з ператрусам прыходзіў аддзел барацьбы з наркотыкамі, і што яны чакалі пад дзвярыма 40 хвілінаў. У Нямеччыне не зразумелі, чаму так. А як я магу гэта растлумачыць – чаму?» – адзначае жанчына.

Гісторыі
«Жывяце ў бяспечнай краіне». Сям’і беларусаў, што ўцякла ў Грузію, адмовілі ў польскай гуманітарнай візе
2023.11.11 07:00

«Чаму вы тут? У вас што, вайна?»

Паводле Федэральнага ведамства справаў міграцыі і ўцекачоў, з заявы Аксаны незразумелая логіка ейных дзеянняў, а таксама паводзіны міліцыянтаў. Сярод іншага, чыноўніку, які падпісаўся пад адмоваю, няясна, чаму «заяўніца займалася рознаю партызанскаю дзейнасцю альбо рабіла фотаздымкі з лялькай з анучаў, калі, паводле ейных заяваў, яна некалькі разоў бачыла вакол сябе супрацоўнікаў міліцыі і мела адчуванне, што за ёю сочаць».

Адмова сталася для беларускі поўнаю нечаканасцю:

«Я не разумею, чаму з намі так абышліся. Я не ведаю больш ніводнага прыкладу, каб у некага была падобная сітуацыя. Магчыма, такое стаўленне, бо ў нас няма вайны. Я чула не раз: а чаму вы тут, у вас што, вайна?»

Сям’я падала апеляцыю. Рашэння можна чакаць ад 24 да 38 месяцаў. Пакуль беларуска працягвае збіраць дакументы, даведкі ад арганізацыяў як доказы дзейнасці і пераследу на радзіме. Гэтак, фонд «BYSOL» пацвердзіў, што Аксана праходзіла верыфікацыю як пацярпелая ад палітычных рэпрэсіяў і была ёю прызнаная яшчэ ў 2020 годзе. Праваабаронца Леанід Судаленка пацвердзіў, што яшчэ ў Гомлі Аксана звярталася ў «Вясну» і пацярпела ад беспадстаўных ператрусаў. Гомельскі партал «Флагшток» напісаў пацверджанне, што жанчына брала актыўны ўдзел у пратэстах 2020 года.

Спрагназаваць вынік апеляцыі, тым не менш, немагчыма.

«Я ўвогуле не ведаю, чаму яны маглі не паверыць. Яшчэ ў лагеры іншыя беларусы казалі пра наш кейс: калі вам не дадуць прытулак, то іншым, напэўна, і тым больш не дадуць, – кажа Аксана. – Але, нягледзячы на ўсе доказы, мы атрымалі адмову. І што цяпер рабіць, я зусім не ведаю. Я цяпер кепска сплю. Нават да лекара хадзіла, ён прапісаў мне таблеткі на скрайні выпадак».

Гісторыі
«У Беларусі вы не паўстанеце перад рэальнай небяспекаю». Грузія адмовіла ў прытулку сям’і з немаўлём
2023.05.05 07:00

«Калі адматаць стужку, усё роўна пайшла б на пратэсты»

Заяву на палітычны прытулак Аксана рыхтавала не самастойна, а з дапамогай адваката, якога параіла Асацыяцыя беларусаў у Нямеччыне «Razam». Аднак вынік працы адмыслоўца не задаволіў нашую суразмоўцу:

«Мы заплацілі за адваката 1800 еўраў – увесь запас, які ў мяне быў. А потым у адмове BAMF [Федэральнае ведамства справаў міграцыі і ўцекачоў. – Заўвага рэд.] я прачытала, што ў маёй інфармацыі, і ў той, што даў адвакат, ёсць разыходжанні. Я не разумею, як такое можа быць».

Аксана Ліхадзіеўская.
Фота: асабісты архіў Аксаны Ліхадзіеўскай

Нашай суразмоўцы раілі з’ехаць у нейкую з трэціх краінаў – за межы Еўразвязу, напрыклад, у Грузію. Аднак гамяльчанка асцерагаецца, бо ведае выпадкі, калі беларусаў не ўпускалі ў краіну пасля візарану.

«Колькі ў выніку яшчэ краінаў я павінна праехаць, каб нарэшце недзе спыніцца і жыць? Я чацвёрты год у эміграцыі і дасюль гэтага не ведаю, – кажа жанчына. – Я ж не парушала закону. Я падалася на абарону ў першай жа краіне, куды прыехала, але потым уключыўся Дублінскі рэгламент. Але ж я не ведала пра яго нічога. І што цяпер нам рабіць? Колькі яшчэ краінаў аб’ехаць разам з сям’ёй?»

У той жа час, нягледзячы на ўсе складанасці, Аксана Ліхадзіеўская ні пра што не шкадуе:

«Мы ўсе разумелі, што рызыкі будуць. Толькі вось шмат хто, і я ў тым ліку, іх недаацанілі. Стужку я ўжо назад не адматаю, а нават калі б магла, у той сітуацыі, калі збілі мой народ, калі б найменшая крупіца шанцу была, я б усё роўна пайшла на гэтыя пратэсты».

Аксана папрасіла перадаць праз наш сайт падзяку наступным арганізацыям:

  • Грамадскае аб’яднанне беларусаў Нямеччыны «Freedom for Belarus»,
  • Праваабарончы цэнтр «Вясна»,
  • гомельскі медыярэсурс «Флагшток»,
  • фонд салідарнасці «BYSOL».

«Украінцы – групавыя ўцекачы, для беларусаў такой абароны няма»

У справе Аксаны разбіралася Народная амбасада Беларусі ў Нямеччыне, пра што яе папрасіў Офіс Святланы Ціханоўскай пасля таго, як жанчына звярнулася туды. Мы пагутарылі з прадстаўніком амбасады Міхаілам Рубіным.

Спадар Міхаіл апавёў, што атрымаць статус уцекача ў Нямеччыне складана, бо кожны кейс разглядаецца індывідуальна. Працэс можа цягнуцца гадамі. Спрошчаная працэдура цяпер ёсць толькі для ўкраінцаў – гэтак званы параграф 24, які працуе, пакуль ідуць баявыя дзеянні. Паводле яго, усе ўкраінцы лічацца групавымі ўцекачамі. Ім не трэба падавацца на індывідуальны разгляд. Для беларусаў такой абароны няма – ёсць толькі наданне палітычнага прытулку з усімі ільготамі, правамі ўцекача, але адначасова і абавязкамі.

Аксана Ліхадзіеўская на акцыі ў Нямеччыне.
Фота: асабісты архіў Аксаны Ліхадзіеўскай

Рашэнняў надаць прытулак беларусам, як станоўчых, гэтак і адмоўных, за апошнія гады ўвогуле няшмат, кажа прадстаўнік Народнай амбасады. Справа зварухнулася ў лепшы бок у выніку шматгадовай і скрупулёзнай працы дыяспарнага аб’яднання «Razam» і пасля візітаў Святланы Ціханоўскай у Нямеччыну.

Што да гісторыі Аксаны Ліхадзіеўскай, спадар Міхаіл адзначае: з таго, што яму вядома, адмова была законная.

«Гэты кейс быў складаным. Але нельга абвінаваціць нямецкі бок у фармальным падыходзе. З таго, што мне вядома, справа разглядалася вельмі ўважліва, і адмова была добра абгрунтаваная, да нямецкіх органаў у мяне няма прэтэнзіяў, – апавядае прадстаўнік Народнай амбасады. – Але мы спадзяёмся, што гэтую сям’ю ўсё ж не вышлюць у Беларусь, што будзе знойдзенае нейкае рашэнне».

Hавiны
Ціханоўская: Нямеччына будзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў
2023.11.08 11:45

«Для нямецкіх чыноўнікаў сітуацыі беларусаў не выглядаюць відавочнымі»

Падрабязна апавесці пра дэталі справы Аксаны Міхаіл Рубін не можа, каб не парушыць закону аб захаванні асабістых звестак, але выказвае меркаванне, што праблемы маглі ўзнікнуць праз нейкія памылкі, адсутнасць адваката на першапачатковым этапе рыхтавання заяўкі. Аксана ў сваю чаргу кажа, што яна якраз з самога пачатку звярнулася да адваката, якога параіла арганізацыя «Razam»:

«І я не ўпэўненая, што ён увогуле быў патрэбны на тым этапе. З усяго лагеру толькі ў мяне быў адвакат, і вось які вынік».

Прадстаўнік Народнай амбасады, аднак, настойвае на тым, каб звяртацца па прафесійную юрыдычную дапамогу з самога пачатку:

«Рэч у тым, што нямецкія чыноўнікі павінны паверыць вашай сітуацыі. Нават найменшыя сумневы стануцца падставаю для адмовы. Таму ўсё павінна быць добра прапрацавана і ўзгоднена. Адзін з момантаў у справе Аксаны, які выклікаў пытанні, – тое, што яна змагла выехаць з Беларусі без перашкодаў. Але гэта для беларусаў тут усё зразумела, што бесперашкодны выезд тады не азначае бяспечнага вяртання цяпер. Для нямецкіх чыноўнікаў сітуацыя не выглядае такою відавочнай. У складаных кейсах, дзе можа быць у нечым недавер, проста абавязковая юрыдычная дапамога – прафесіянал, які дапаможа падрыхтаваць дакументы, каб яны не выклікалі сумневаў, і падкажа, як паводзіць сябе на сумоўі, што казаць».

Гісторыі
«Няма поўнага разумення, што ў нас адбываецца». Чаму Швецыя адмаўляе беларусам у прытулку
2023.06.12 07:04

«Добра задумацца, перш як прасіць прытулку ў Нямеччыне»

У Нямеччыне беларусам, якія падаюцца на палітычны прытулак, дапамагае арганізацыя «Razam», а ў гэты момант яе філіял – «Razam.Help» – надаюць першасныя юрыдычныя кансультацыі і фінансавае падтрыманне. Наколькі вядома спадару Рубіну, Аксане арганізацыя дала кантакты юрыста, дапамагла знайсці перакладчыка і матэрыяльна дапамагла – дзеці беларускі атрымалі навагоднія падарункі. Аднак кейсу Аксаны ў легалізацыі ў Нямеччыне валанцёры «Razam» не вялі.

Аксана пацвярджае, што напярэдадні 2022 года ейныя дзеці сапраўды атрымалі падарункі, аднак іншай фінансавай дапамогі ад «Razam.Help» сям’я не атрымлівала. Адваката таксама аплочвалі самастойна. Акрамя таго, гамяльчанка прасіла арганізацыю даць ёй даведку, што яна брала ўдзел у арганізаванымі імі акцыях у Нямеччыне, але не атрымала ўвогуле ніякага адказу.

Аксана Ліхадзіеўская.
Фота: асабісты архіў Аксаны Ліхадзіеўскай

Міхаіл Рубін кажа, што хоць «Razam» моцна дапамагае беларусам, аднак іх магчымасці таксама абмежаваныя:

«Прафесійная юрыдычная дапамога ў Нямеччыне каштуе вельмі дорага, і грамадская арганізацыя не можа аплаціць усяго. Таму я раю тым беларусам, якія хочуць падавацца на абарону ў Нямеччыне, добра задумацца і ўсё ўзважыць, і калі ўсё ж прынялі такое рашэнне, асэнсавана падысці да рыхтавання дакументаў і звярнуцца да адваката. Бо вельмі важна, як падаецца інфармацыя на першым этапе. Другога шанцу, калі дакументы падрыхтаваныя кепска, не будзе. Так, юрыдычная дапамога – гэта дорага. Але гэта пытанне вашай свабоды і інвестыцыя ў вашую будучыню і будучыню вашых дзяцей».

«Паводле логікі адмовы, уцекачоў не існуе»

З меркаваннем Міхаіла Рубіна не згодны праваабаронца Антон Малкін, які таксама ў курсе справы Аксаны. Паводле яго, адмова гамяльчанцы ў прытулку «абсалютна фармальная, без уліку нашых рэаліяў».

«Там у тэксце – набор класічнай сафістыкі міграцыйных чыноўнікаў, – кажа спадар Антон. – Напрыклад, пішуць: калі вы выехалі з краіны, значыць, вам нічога не пагражае. Паводле гэтай логікі, уцекачоў не існуе: тыя, каму ўдалося пакінуць краіну, не ўцекачы. Але хто тады ўцякач? Той, каго пасадзілі ў турму пры спробе выезду?»

Паводле праваабаронцы, у тэксце адмовы маргіналізуецца дзейнасць Аксаны ў Беларусі, не згадваецца, што жанчына не проста брала ўдзел у акцыях і фатаграфавалася, а была адною з арганізатарак, «рухавіком» пратэсту і медыйнай асобай у сваім рэгіёне:

«Шыць лялек з анучаў і фатаграфаваць іх не забаронена заканадаўствам. Гэта, вядома, так, але нідзе не сказана, што Пачакун – не проста лялька з анучаў, а адзін з сімвалаў пратэсту. Тое самае з фармулёўкамі «ўначы прывязвала самаробныя стужачкі» ці «карміла галубоў» – яны прыводзяцца без кантэксту і з адсылкаю да звычайных правапарушэнняў – напрыклад, шмат у якіх гарадах Еўропы карміць галубоў – дробнае правапарушэнне».

«Адмову пісаў чалавек, не знаёмы з сітуацыяй у Беларусі»

З тэксту адмовы складваецца ўражанне, што яе пісаў чалавек, не знаёмы з сітуацыяй у Беларусі ў 2020 і ў наступныя гады, кажа спадар Антон:

«Задаюцца пытанні, кшталту чаму вы фатаграфавалі Пачакуна, калі бачылі навокал міліцыю. Далей паведамленне з КДБ аб адкрыцці справы, якое прымусіла сям’ю выехаць, нямецкі міграцыйны чыноўнік не лічыць пагрозаю, бо гэта не было пацверджана дзеяннем. Чыстая сафістыка: калі не пасадзілі ў турму, значыць, небяспекі няма. Больш за тое, чыноўнік адмаўляе магчымасць ужывання катаванняў у Беларусі, калі Аксана вернецца, і гэта нягледзячы на тое, што гендарна-спецыфічныя катаванні ў дачыненні яе ўжо ўжываліся. Ці такі момант: «няясна, чаму прыйшлі з аддзелу барацьбы з наркотыкамі» – намёк на тое, што Аксана і ейны муж – проста крымінальныя элементы, калі імі займаецца аддзел наркотыкаў, а не палітыкі».

Моцна збянтэжыла юрыста сцвярджэнне нямецкага чыноўніка, што калі Аксану не затрымалі на мяжы падчас выезду, то небяспекі няма:

«Але ў 2020–21 гадах выезд чалавека за мяжу разглядаўся рэпрэсіўнымі органамі як поспех. Тады яшчэ было не важна, куды чалавек знікне з грамадства – у турму ці за мяжу».

Антон Малкін думае, што Аксане цяпер варта паскардзіцца на некампетэнтнасць чыноўніка, які пастанавіў адмовіць у абароне, і папрасіць замяніць яго спецыялістам, які разбіраецца ў сітуацыі ў Беларусі. Акрамя таго, як Аксане, гэтак і іншым уцекачам праваабаронца раіць шукаць у свабодным доступе аналагічныя з іхнымі сітуацыі людзей, «якім пашчасціла менш».

«Хто з актывістаў займаўся такою дзейнасцю і як гэта было ацэнена «судамі» ў РБ, – адзначае спадар Антон. – Гэтыя гісторыі ёсць у прэсе, на сайтах «Вясны» ці «DissidentBy», ці ў маніторынгах праваабарончай арганізацыі «Наш дом» – іх робяць для дапамогі ў камунікацыі з міграцыйнымі службамі».

Што рабіць, калі вам адмовілі ў прытулку?

Аксана Ліхадзіеўская.
Фота: асабісты архіў Аксаны Ліхадзіеўскай

Антон Малкін зазначае, што ў самым факце адмовы нічога нечаканага ці незвычайнага няма, бо першы адказ на прашэнне прытулку звычайна такі і бывае. Гэта можа быць «праверкаю на трываласць», маўляў, калі чалавеку насамрэч штосьці пагражае, ён будзе падаваць апеляцыю і змагацца. Таму ў такіх выпадках праваабаронца раіць:

  • не здавацца;
  • не саромецца звяртацца па дапамогу да праваабаронцаў і іншых арганізацыяў, якія могуць скласці ўласнае меркаванне і напісаць яго ў міграцыйныя службы;
  • шукаць падобныя выпадкі, чытаць маніторынгі і паказваць: людзі, якія зрабілі тое сама, атрымалі вось такія тэрміны, адпаведна, мне пагражае штосьці аналагічнае;
  • працаваць з прэсаю, палітыкамі ў краіне перабывання, рабіць вядомымі не толькі ўласны выпадак, але і агульныя праблемы з правамі чалавека, як, напрыклад, ужыванне катаванняў;
  • ні ў якім разе не баяцца шуму («Сядзець ціха – найлепшы спосаб прайграць і атрымаць максімальны тэрмін у Беларусі. На жаль, баяцца агалоскі «як бы чаго ні выйшла» – нацыянальны звычай», – зазначае спадар Антон);
  • звяртацца да адвакатаў, якія зарэкамендавалі сябе рэальнымі выпадкамі станоўчых рашэнняў у наданні прытулку.

«У адным нядаўнім выпадку ва ўцекача пасля шматлікіх адмоваў толькі праз шэсць гадоў упершыню папрасілі пераклады дакументаў. То бок шэсць гадоў чалавеку адмаўлялі ў прытулку, нават не чытаючы, што ён падаў. І гэты чалавек выйграў, з яго і бярэм прыклад», – рэзюмуе праваабаронца.

Hавiны
Аператару Ціханоўскага, які ўцёк з Беларусі, адмовілі ў палітычным прытулку ў Швецыі
2023.12.30 14:33

Што кажа Офіс Святланы Ціханоўскай?

Пракаментаваць сітуацыю Аксаны Ліхадзіеўскай мы папрасілі таксама Офіс Святланы Ціханоўскай. На нашыя пытанні адказала юрыдычная служба і найперш запэўніла, што Офіс надае шмат увагі пытанням легалізацыі беларусаў, якія апынуліся ў складанай сітуацыі, і камунікуе з прадстаўнікамі розных краінаў у гэтых пытаннях, каб зрабіць працэдуры лягчэйшымі.

«Калі гэта ў нашых кампетэнцыях, мы кансультуем, надаём іншую дапамогу. Таксама мы раім звяртацца да нашых партнёраў у розных краінах у пытаннях легалізацыі: да дыяспарных структураў, праваабарончых арганізацыяў ды іншых беларускіх НДА», – кажуць у юрыдычнай службе.

Аксана Ліхадзіеўская і Святлана Ціханоўская.
Фота: асабісты архіў Аксаны Ліхадзіеўскай

Адносна выпадку з міжнароднай абаронаю для сям’і Ліхадзіеўскіх юрысты Офісу сцвярджаюць, што гэты зварот быў прааналізаваны, была дадзеная парада звярнуцца па дапамогу ў арганізацыю «Razam».

«Наколькі нам вядома, сям’я атрымлівала ад іх дапамогу і кансультацыі. Таксама мы ўзнімалі іхнае пытанне падчас нашых сустрэчаў з нямецкімі палітыкамі. Але рашэнне прыняла міграцыйная служба, якая ёсць самастойнай інстытуцыяй. Гэтае рашэнне можна абскардзіць, кажучы пра тое, што не былі ўлічаныя ўсе абставіны магчымага пераследу сямʼі», – кажа юрыдычная служба.

У пытаннях, звязаных з атрыманнем статусу ўцекача, Офіс Святланы Ціханоўскай раіць звяртацца па юрыдычную дапамогу да юрыстаў, якія валодаюць нацыянальным правам краіны, дзе асоба намагаецца атрымаць міжнародную абарону.

«Толькі дасведчаныя юрысты могуць адказаць, ці было парушана заканадаўства падчас разгляду заявы пра атрыманне міжнароднай абароны. Нам вядомыя кейсы, калі рашэнні аб адмове ў міжнароднай абароне ў Нямеччыне адмяняліся пасля абскарджання. Таму раім ісці паводле працэдуры, прапісанай у заканадаўстве гэтай краіны», – рэзюмуе юрыдычная служба Офісу.

Мы будзем сачыць за сітуацыяй Аксаны і апавядзём вам вынікі апеляцыі.

Аналітыка
Маладыя і адукаваныя. Беларускія бізнес-эмігранты ў Еўропе: хто яны і якія маюць планы на будучыню
2023.11.19 10:00

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў