25-гадовы гамяльчук памёр пасля затрымання


Акалічнасці ягонай смерці «Радыё Свабода» распавяла матуля хлопца.

Уручча, 11 жніўня.
Фота: Belsat.eu

Сёння, 12 жніўня, стала вядома пра смерць 25-гадовага Аляксандра Віхора з Гомля. Ён памёр у шпіталі праз праблемы з сэрцам. Праз недахоп месцаў у гомельскім ІЧУ і СІЗА затрыманых доўга трымалі ў машынах на сонцапёку.

Матуля Аляксандра кажа, што ён не ўдзельнічаў у акцыях, а проста ехаў на спатканне да сваёй дзяўчыны.

«Ён мне напісаў смс, што яго схапілі… І ўсё. Я яго шукала ўсе гэтыя дні. Мне не давалі пра яго інфармацыю. Сёння мне нарэшце сказалі, што Саша – у моргу», – праз слёзы кажа матуля.

Hавiны
«Гэта цуд, што я не сышоў крывёю». Менчукі распавялі пра збіццё падчас пратэстаў
2020.08.13 12:21

У Аляксандра, кажа маці, былі праблемы з сэрцам. Калі ён доўга знаходзіўся ў закрытым аўтамабілі ў чарзе ў СІЗА, яму зрабілася блага. Ён прасіў дапамогі, крычаў, аднак міліцыя падумала, што той буйны і накіравала яго ў псіхіятрычны шпіталь.

«Там Сашу ратавалі, але не ўратавалі, бо, як мне сказалі, яго ўжо прывезлі ў стане клічнай смерці», – працягвае матуля хлопца.

Ёй не далі нават пабачыць свайго сына ў моргу. Таму яна мяркуе, што маладзён быў моцна збіты.

«Я прашу людзей, якія былі разам з ім у аўтазаку, калі яны выйдуць з турмаў – хай распавядуць мне праўду! Што там здарылася з Сашам. Я проста хачу, каб людзі ведалі: гэтая мярзотная ўлада забіла майго сына», – звярнулася жанчына.

У панядзелак 10 жніўня стала вядома пра смерць у сталіцы іншага мужчыны, дэманстранта. Побач з ім узарвалася граната. Версія дзяржавы, што ён трымаў выбухоўку ў руцэ і выпадкова ўзарваў сябе.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў