«Сястрынства лазні па-чорнаму» – голыя жанчыны і праўда жыцця

Дымавая лазня – гэта традыцыя паўднёва-ўсходняй Эстоніі. Яна ўваходзіць у спіс шэдэўраў вуснай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. А фільм пад назваю «Сястрынства лазні па-чорнаму» з гэтага часу ўваходзіць у мой персанальны спіс шэдэўраў. Так, даражэнькія, цяпер гэты факт зафіксаваны на відэа і спрачацца сэнсу няма: казаць пра традыцыі магчыма без адсылання да патрыярхату.

Здымак з трэйлеру фільму «Savvusanna sõsarad». Крыніца: Nordic-Baltic Film Festival Northern Lights / YouTube

Слоўнік «Merriam-Webster» вызначае сястрынства як салідарнасць сярод жанчын, заснаваную на агульным досведзе або праблемах. Рэжысёрцы Анне Хінтс, падобна, удалося стварыць паўтарагадзінную энцыклапедыю з тэмаў, у якіх сябе пазнаюць шмат якія жанчыны – і не важна, жывуць яны ў глухой вёсцы ці ў еўрапейскім мегаполісе. Усё роўна бацькі шмат каго з нас не ведаюць, як пагаварыць пра менструацыі гэтак, каб гэтая тэма не суправаджалася сорамам. Усё роўна шмат каго з нас не вучылі, як даваць рады са смерцю блізкіх. Усё роўна шмат хто з нас сутыкаўся з досведам гвалту. Цела, прыгажосць, сексуальнасць, адзінота, нараджэнне дзяцей, нараджэнне мёртванароджаных дзяцей, кантроль бацькоў, няўдалыя спатканні – усе гэтыя гісторыі адныя гераіні могуць расказаць, а іншыя – іх паслухаць.

Гэтае актыўнае слуханне – важны элемент сястрынства, і таму ў кадры побач з чалавекам, які гаворыць, мы абавязкова бачым чалавека, які слухае. Слухае ўважліва, не ацэньвае, не сумняваецца, не спрабуе перавесці ўвагу на сябе. Гэтак мы разумеем, што апавяданне гісторыяў там адбываецца ў бяспечнай прасторы, дзе можна быць абсалютна шчырай і не чакаць чарговай атакі.

Зрэшты, не варта думаць, што ўвесь фільм – суцэльнае маўленне. У ім таксама вельмі шмат цішыні: мы атрымліваем асалоду ад яе ў клубах дыму, ад кропелек, якія сцякаюць, ад дрыготкага паветра. І ў гэтай паўзе рыхтуем сябе да новага адкрыцця. А яшчэ ў ім вельмі шмат смеху. Гэтыя жанчыны рагочуць увесь час! Ну, а як яшчэ рэагаваць, напрыклад, на спробы палюбоўніка-неафіта быць мача, які паглядзеў паўтара няякаснага парнароліка і цяпер думае, што ведае пра секс усё?

Голае жаночае цела займае, мабыць, добрую палову кадраў у гэтым кіно. Пры гэтым яно не выглядае сексуальным. Не ў тым сэнсе, што яно непрыгожае, проста яно не выконвае задання спадабацца, узбудзіць, прымусіць нешта купіць. Жанчынам у гэтай эстонскай лазні не трэба ўцягваць жывата або разгладжваць раскудлачаныя валасы. Заданне цела там – максімальна разняволіцца, адпачыць, супакоіцца. Удыхай паветра глыбей, сястра. Ты столькі ўжо перажыла – і столькі яшчэ перажывеш. Адчуй вільготнасць веніка. Ляжы на лаўцы цалкам, усім цяжарам цела – ніхто не глядзіць, ніхто не ацэньвае, мы не маем права рабіць гэтага, мы проста хочам пабыць побач. Увесь боль хай выйдзе з потам. Увесь страх хай выйдзе потам.

Вяртацца – дрэнная прыкмета. Гады мінаюць, ідэі назапашваюцца, гісторыя дзеецца, досвед рэфлексуецца. Але моцны магніт па-ранейшаму шмат каго цягне ў мінулае. Там усё вывучанае даўно, ролі выразна размеркаваныя і сюжэты распісаныя. Замест таго каб вышываць крыжыкам чарговую кветку, прапаную вышыць партрэты палітычных вязняў – вядома, у традыцыйнай тэхніцы. Замест таго каб варажыць на будучага сужэнца, давайце паварожым на дэмакратыю.

Фільм «Сястрынства лазні па-чорнаму» можна паглядзець у межах кінафестывалю «Паўночнае ззянне» 25 лістапада. Для беларусаў і беларусак прагляд фільму бясплатны.

Віка Біран / УК belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў