Аляксандр Фрыдман: Галоўныя нямецкія палітыкі з Ціханоўскай не сустрэліся


24 красавіка Святлана Ціханоўская прыбыла з афіцыйным візітам у Нямеччыну, дзе сустрэлася з некаторымі прадстаўнікамі ўраду, а таксама з нямецкімі дэпутатамі. Каб ацаніць вынікі візіту, мы звярнуліся да палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана.

Суразмоўца «Белсату» адзначыў, што Святлана Ціханоўская правяла шмат сустрэчаў. Сярод іх, у прыватнасці, сустрэча з лідарам ліберальнай партыі Нямеччыны Крыст’янам Лінднэрам, што выглядае лагічна, бо запрашэнне яна атрымала менавіта ад лібералаў. Была таксама сустрэча з амерыканскім амбасадарам у Нямеччыне. «То бок, – адзначае палітычны аглядальнік, – гэта даволі добры ўзровень».

Таксама Святлана Ціханоўская дала некалькі інтэрв’ю, а значыць, яе імя з’явілася ў прэсе, звяртае ўвагу наш суразмоўца.

Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з дарадцам па замежных справах і бяспецы канцлера Нямеччыны Енсам Плетнерам у Берліне, Нямеччына. 24 красавіка 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Тым не менш, адзначае Аляксандр Фрыдман, «галоўныя актары, якія вызначаюць нямецкую знешнюю палітыку», з Ціханоўскай не сустракаліся. Так, напрыклад гэтым разам не было сустрэчы з канцлерам Оляфам Шольцам, хаця ў мінулым яны былі, не было сустрэчы міністаркай замежных справаў Аналенай Бэрбак, не сустрэўся з ёй віцэ-канцлер Робэрт Хабэк.

«Сустрэча з міністрам фінансаў – гэта добры ўзровень, але ўсё ж трэба пазначыць, што галоўныя палітыкі краіны сустрэч з Ціханоўскай не правялі», – рэзюмаваў палітычны аглядальнік.

Гаворачы пра тое, ці намаганні каманды Ціханоўскай плённыя, Аляксандр Фрыдман падкрэсліў, што калі пад гэтым мець на ўвазе тое, каб на Беларусь звярталі ўвагу, пісалі пра яе і каб Святлана Ціханоўская падкрэслівала, што ў Беларусі развітыя антываенныя настроі і што большасць беларусаў вайну не падтрымлівае, то гэта вельмі важны месэдж.

«Бо ў грамадскай думцы Нямеччыны прысутнічае ўяўленне, што беларускае грамадства ў сваім стаўленні да вайны асабліва ад расейскага не адрозніваецца. І калі выказваецца альтэрнатыўны пункт гледжання і ён выказваецца прадстаўнікамі Беларусі, гэта ўспрымаецца на іншым узроўні. І тое, што беларуская тэма ўздымаецца і пра яе гавораць, гэта, канечне, пазітыўна», – адзначыў палітычны аглядальнік.

Hавiны
Ціханоўская падчас візіту ў Нямеччыну сустрэлася з групай дэпутатаў Бундэстагу
2023.04.25 12:48

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў