Літва пастанавіла дэпартаваць у Беларусь Алега Баршчэўскага, мужа Вольгі Карач


Дэпартамент міграцыі Літвы пачаў працэс дэпартацыі ў Беларусь рэдактара сайту арганізацыі «Наш дом» Алега Баршчэўскага. Яму адмовілі ў палітычным прытулку, палічыўшы, што ў Беларусі чальцу «экстрэмісцкага фармавання» і мужу «тэрарысткі» нічога не пагражае.

Вярхоўны адміністрацыйны суд Літвы
Вярхоўны адміністрацыйны суд Літвы.
Фота: Lietuvos vyriausiasis administracinis teismas / Facebook

Алег Баршчэўскі – былы рэдактар газеты «Витебский курьер», муж кіраўніцы арганізацыі «Наш дом» Вольгі Карач, рэдактар сайту гэтай арганізацыі. У верасні 2021 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі ўнёс Вольгу Карач у спіс «датычных да тэрарызму», у студзені 2022 года матэрыялы сайтаў «Нашага дому» і газеты «Витебский курьер» суд Чыгуначнага раёну Віцебску назваў «экстрэмісцкімі», а ў траўні 2022-га Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі назвала «Наш дом» (а дакладней, групу грамадзянаў, аб’яднаных сайтам і каналамі арганізацыі) «экстрэмісцкім фармаваннем».

Удакладненне. «Экстрэмісцкім» былі названыя рэсурсы выдання «Витебский курьер News» (Vkurier.info), якое дзейнічае асобна ад выдання «Витебский курьер» (Vkurier.by), хоць выкарыстоўвае практычна такі самы лагатып. Выданне з прыстаўкай «News» узнікла ў пачатку 2020 года – пасля таго, як Карач прадала сайт Vkurier.by, а рэдакцыя выдання сышла праз нязгоду з палітыкай новага ўласніка. Гэтае выданне згадвае ў сваёй гісторыі Баршчэўскага (і наогул, адлічвае сваю гісторыю з 1906 года), але разам з тым заяўляе, што Баршчэўскі і «Наш дом» не маюць дачынення да таго «Кур’еру», які быў названы «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ў той жа дзень і ў тым жа судзе, калі «экстрэмісцкімі» назвалі матэрыялы «Нашага дому».

Баршчэўскі расказаў «Белсату», што падаваўся на палітычны прытулак і статус уцекача ў Літве з прычыны таго, што працуе на тых, хто названы «экстрэмістамі».

«Літва адмовіла мне ў тым, што мне нешта пагражае. Суд таксама застаўся на баку міграцыі [Дэпартаменту міграцыі. – Заўв. belsat.eu], таксама адмовіў, што мне нешта пагражае. І зараз міграцыя патэлефанавала і папрасіла мяне пакінуць тэрыторыю Літвы ў бок Беларусі», – расказаў Баршчэўскі. Ён таксама атрымаў пісьмовае паведамленне з патрабаваннем выехаць і пагрозаю прымусовай дэпартацыі.

Рашэнне Дэпартаменту міграцыі Літвы Баршчэўскі абскарджваў у судзе, рашэнне суда – у Вярхоўным адміністрацыйным судзе. Рашэнне апошняга канчатковае, абскардзіць яго ў Літве ўжо нельга, тлумачыць Баршчэўскі. Абскардзіць яго можна хіба ў страсбурскім Еўрапейскім судзе правоў чалавека (але справы там разглядаюць вельмі доўга). Баршчэўскі лічыць, што яшчэ магчыма абскардзіць рашэнне Міграцыйнай службы аб дэпартацыі – абяцае рабіць усё, што зможа.

Алег Баршчэўскі.
Фота: Наш Дом

Вярхоўны адміністрацыйны суд Літвы палічыў, што Баршчэўскі падаў недастаткова доказаў і спрабаваў «злоўжываць паслугамі Міграцыйнай службы».

Баршчэўскі прыслаў «Белсату» скрыншоты рашэння Вярхоўнага адміністрацыйнага суда ад 20 сакавіка. У адным з пунктаў рашэння суда згадваецца і «экстрэмісцкі» статус «Нашага дому», і «тэрарыстычны» статус Вольгі Карач, і нават тое, што Баршчэўскага і Карач затрымлівалі ў 2011 годзе нібы паводле падазрэння ў датычнасці да тэракту ў менскім метро (а ў выніку пасадзілі на 10 дзён арышту нібыта за «нецэнзурную лаянку»).

У тым жа пункце адзначана, што Дэпартамент міграцыі «не змог знайсці інфармацыі» аб тым, што Баршчэўскі «публічна выражаў падтрыманне лідарцы беларускай апазіцыі Святлане Ціханоўскай», а знойдзеная ў публічнай прасторы інфармацыя паказала, што «падтрыманне не было шчырым».

Баршчэўскі не бачыць ніякага сэнсу ў тым, каб цяпер спрабаваць пакінуць Літву не ў бок Беларусі і вылецець у бяспечную краіну. Наадварот, ён лічыць, што калі з’едзе, дык прызнае такім чынам рашэнне аб тым, што яму нічога не пагражае.

Вольга Карач атрымлівала від на жыхарства ў Літве з 2014 года, а ў 2023 годзе падала прашэнне аб наданні прытулку. Ёй адмовілі. У студзені Вярхоўны адміністрацыйны суд Літвы пастанавіў пакінуць у моцы рашэнне аб адмове, бо Карач «можа супрацоўнічаць з расейскай выведкай». Але іншы суд прызнаў, што заяўку Карач разглядалі занадта доўга, чым парушылі ейныя правы.

Беларуска расказвала, што мае часовы дазвол на жыхарства, які дзее да жніўня 2024 года і які, паводле абяцання літоўскіх уладаў, будзе падоўжаны, таму Вольга не збіраецца пакідаць Літву, а рашэнне аб адмове ў прытулку будзе абскарджваць у Еўрапейскім судзе правоў чалавека.

Hавiны
Ціханоўская пра сітуацыю з Карач: у мяне няма падставаў не давяраць літоўскім службам
2023.08.23 15:58

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў