Эстонія запэўніла Ціханоўскую, што дазволіць беларусам паступаць у эстонскія ўніверсітэты


Офіс Святланы Ціханоўскай апублікаваў ліст ад міністра замежных справаў Эстоніі Урмаса Рэйнсалу адносна адукацыі беларусаў у Эстоніі.

Універсітэт Тарту, Эстонія.
Фота: Andreas Tennus / ut.ee

Міністр Урмас Рэйнсалу запэўнівае, што беларусаў не будуць абмяжоўваць у доступе да адукацыі ў Эстоніі: асацыяцыя «Універсітэты Эстоніі» паведаміла яму, што ўстановы адукацыі не ўводзяць ніякіх абмежаванняў акрамя прынятых Эстоніяй санкцыяў.

Цяперашнія эстонскія законы дазваляюць даваць грамадзянам Беларусі доўгатэрміновыя візы і дазволы на жыхарства для атрымання адукацыі ў Эстоніі. А значыць, беларусаў могуць прымаць на вучобу эстонскія ўніверсітэты.

«Я цалкам падзяляю вашую думку аб тым, што для дэмакратычнай будучыні Беларусі спатрэбяцца вальнадумныя, адукаваныя маладыя людзі і што наш абавязак – падтрымліваць памкненні моладзі», – напісаў Урмаса Рэйнсалу.

Найлепшым універсітэтам Эстоніі лічыцца Універсітэт Тарту. У камбінаваным рэйтынгу ARTU ён займае 302 месца ў свеце – нават вышэй за польскія Ягелонскі і Варшаўскі ўніверсітэты (343 і 364 месцы адпаведна). Беларускія ўніверсітэты ў гэты аб’яднаны рэйтынг не трапілі – аказаліся ніжэй за топ-400. Але, напрыклад, у рэйтынгу «QS World University Rankings 2023» Універсітэт Тарту крыху ніжэй за Варшаўскі і Ягелонскі – і нават ніжэй на 5 пазіцыяў за Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў