Мяцеж у Расеі: Прыгожын наступае, Пуцін кажа пра здраду. Што вядома – у спецвыданні


У Расеі – вайсковы мяцеж. Лідар баевікоў групы Вагнэра Яўген Прыгожын, імаверна, часткова або цалкам кантралюе Растоў-на-Доне і Варонеж, адмаўляецца скласці зброю. Што вядома на 14-ю гадзіну дня – у спецвыданні «Вось Так».

Што вядома

  • Уладзімір Пуцін зранку 24 чэрвеня аддаў загад здушыць вайсковы мяцеж. Тэлезварот Пуціна пачаўся са спазненнем. Пуцін назваў бунт Прыгожына «здрадай» і «ўдарам па Расеі».
  • Лідар баевікоў ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын адмаўляецца яму падпарадкоўвацца і кажа, што Пуцін «глыбока памыліўся». Найміты, верагодна, часткова або цалкам кантралююць Растоў-на-Доне і Варонеж.
  • Пуціна падтрымоўваюць Рамзан Кадыраў, патрыярх Кірыл ды іншыя. Але саюзнікі Расеі з АДКБ дапамогі не прапаноўвалі.
  • Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абяцае «абараніць Еўропу ад распаўзання расейскага зла і хаосу».
  • Якая частка расейскай арміі падтрымоўвае Прыгожына, невядома: баі з вагнэраўцамі, імаверна, ідуць пакуль не вельмі інтэнсіўна, а найміты часта не сустракаюць супраціву.
Hавiны
Мяцеж вагнэрацаў: Прыгожын разварочвае калоны. Пуціну дапамог Лукашэнка? Онлайн
2023.06.24 09:57

Што думаюць жыхары Растова

Журналістка з Растова-на-Доне, імя якой мы не называем у мэтах бяспекі, распавядае ў эфіры «Вось так», што бачыла паведамленні аб выбуху ля будынку штабу Паўднёвай вайсковай акругі Расеі, які раней захапілі баевікі групы Вагнэра.

Вайсковая калона прыватнай групы наймітаў Вагнэра едзе па трасе М-4, якая злучае Маскву з паўднёвымі гарадамі Расеі, недалёка ад Варонежу, Расея. 24 чэрвеня 2023 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

У Растове-на-Доне вялікія заторы каля бензастанцыяў, на ўездзе і выездзе з гораду; зменшылася колькасць харчоў на паліцах крамаў, распавядае журналістка. У горад прыязджаюць нейкія вайскоўцы, але іх прыналежнасць незразумелая.

Большасць гараджанаў, падобна, вырашыла не з’язджаць з гораду, а перачакаць і паглядзець, што будзе далей, дзеліцца ўражаннямі журналістка. Мясцовыя ўлады афіцыйна не пацвердзілі захопу гораду, але і не выказвалі падтрымання Пуціну. Як мінімум да выбуху мясцовыя жыхары не баяліся баевікоў і людзей у вайсковай форме – абмяркоўвалі, добра гэта ці дрэнна.

«Мне здаецца, што людзі хутчэй іранічна на гэта рэагуюць, – распавядае журналістка. – Таксама ёсць такі настрой, што зрэшты ж цэнтру не вельмі важна, што будзе тут, а галоўныя сілы будуць збірацца ў Маскве».

Сотню гадоў таму назад было нешта падобнае

Ізраільскі вайсковы аглядальнік Давід Шарп у эфіры «Вось так» прызнае, што цяпер няма адказаў на многія пытанні, інфармацыі няшмат. Адно з галоўных пытанняў – наколькі ўлады Расеі падрыхтаваныя спыніць «марш справядлівасці» наймітаў, бо тэарэтычна гэта нескладана з вайсковага гледзішча. Вялікіх сілаў у мяцежнікаў насамрэч няма.

«Тут павінен быць класічны поспех путчыста, – тлумачыць Шарп. – Калі, няхай даруюць мне гледачы за параўнанне, Напалеон у 1815 годзе высадзіўся з тысячай жаўнераў, рэч была не ў тым, тысяча ў яго ці дзесяць тысяч жаўнераў, а ў тым, як яго сустрэлі».

Наколькі ў Расеі наспела сітуацыя, каб сілавікі масава не аказвалі супраціву ці перайшлі на бок баевікоў, невядома. Прыгожын заяўляў, што ў яго 25 тысяч чалавек і яшчэ столькі ж гатовыя падтрымаць яго ўнутры Расеі. Нават калі гэта так, адзначае аглядальнік, гэта «дробязь» у параўнанні з усімі расейскімі сіламі, а лічбы выклікаюць сумневы. Да таго ж, пакуль не відаць сілаў Прыгожына ў сталіцы – Маскве.

У 1914 годзе, згадвае Шарп, пачыналася Першая сусветная вайна, і тады жаўнераў было б складана сагітаваць накіраваць зброю супраць улады. Але прайшло пару гадоў – і склалася рэвалюцыйная сітуацыя. Пакуль аглядальнік не бачыць «разброду і элементаў рэвалюцыйнай сітуацыі» ва Узброеных сілаў Расеі і ў расейскім грамадстве. Пакуль гэта больш падобна на спробу перавароту, але не пра глыбока наспелую рэвалюцыю.

Наўрад ці ўсё камандаванне расейскім нападам на Украіну перабывала ў захопленых наймітамі гарадах: шэраг камандных пунктаў ва Украіне, камандаванне таксама адбываецца праз Маскву. Калі праблемы пачнуцца на ўзроўні ланцужка перадачы загадаў, гэта можа стварыць каласальныя праблемы для групоўкі войскаў, але казаць пра такое пакуль заўчасна, разважае Шарп. Як могуць выкарыстоўваць сітуацыю Зброеныя сілы Украіны – «пытанне на трыльён долараў».

Абноўлена
«Дзень у Растове быў цікавы». Сахашчык заклікаў беларускіх вайскоўцаў ратаваць Беларусь
2023.06.24 12:59

Будзе дапаўняцца

Алесь Наваборскі / Авер belsat.eu

Стужка навінаў