Логіка пачынае працаваць: цэннік на лецішчы вакол Менску стаў больш адэкватны

Лета не за гарамі, і цікавасць да лецішчаў падрастае. Цяжка не заўважыць, што і кошты на 6 сотак з малымі дамамі ў параўнанні з мінулым годам сталі меншыя. Адбіўся нізкі попыт мінулага года (хоць цікавасць была, але ва ўгоды не вылілася), і, падобна, змяняецца партрэт прадаўца.

Яшчэ некалькі гадоў таму дачы прадавалі пераважна тыя, хто іх будаваў, і памятаў, колькі сілаў паклаў на сотках, як здабываў будматэрыялы па блаце і з разбору старых будынкаў. Прадавалі, бо ўзрост, сілаў не хапае іх утрымліваць. Цяпер асноўная маса прадаўцоў старых дачаў – спадчыннікі. Яны адэкватна ацэньваюць прадукт. Не праз адчуванні, а на падставе попыту, які дэманструе: калі дом злеплены з таго, што было, ён не варты нічога і можа быць прададзены за кошт, які дадуць за ўчастак, лакацыю, асяроддзе.

Што цяпер і за колькі?

Самыя танныя соткі – у вялікіх таварыствах «ад заводаў», дзе не кожнаму дасталося і 6 сотак. У 50-кіламетровай зоне ад Менску каркасна-засыпныя «стомленыя» будынкі з прыбіральняй на вуліцы і сезоннай вадой на ўчастку каштуюць ад 4,5 тысяч долараў.

Там жа моцныя дамы пад рэканструкцыю, на дагледжаных 5–6 сотках, прадаюцца ў дыяпазоне 7,5–9 тысяч.

Фота: ТК / Belsat.eu

Больш каштоўныя землі – бліжэй да Менску, недалёка ад другой кальцавой. Аптымальна – не менш за 6 сотак, у лесе (побач з лесам), побач з вадаёмам, не надта далёка ад хуткаснай трасы. Пакупнікі імкнуцца ў акуратныя таварыствы, ніхто не хоча бачыць вакол фавэлы. Такія дачныя масівы ёсць, і іх нямала. Яшчэ год-два таму найлепшыя дачныя дамкі ў іх спрабавалі прадаць за 15–20 тысяч, цяпер дастаткова прапановаў ад 10 тысячаў.

У «інтэлігенцкіх» таварыствах мноства дыхтоўных дамоў нават з «шыкоўнымі ўмовамі» – санвузлом не на вуліцы. Тут ужо з вызначэннем цэнніка больш складана. І ў прапановах –цэны розныя. І 15 тысяч, і 30, і нават 160 (калі дом – сядзіба і ў ім можна жыць круглы год).

У прынцыпе ўсталяванне коштаў на загарадную нерухомасць доўгія гады не мела прывязкі да логікі, нейкія сувязі пачалі ўсталёўвацца толькі за апошнія два гады. Некаторыя прадаўцы па-ранейшаму памятаюць, што калісьці сусед прадаў сваю дачу за 30 тысяч долараў, і выстаўляюць старыя дамы або недабудаваныя скрынкі, заваленыя ўжываными будматэрыяламі, за ўсё тыя ж 30. Чым дэзарыентуюць астатніх. У выніку ніхто нічога не можа прадаць. І злуюцца на рыэлтараў, якія сумленна паведамляюць: ваша жамчужына сыдзе, калі пашанцуе, за 10.

Фота: ТК / Belsat.eu

Агентам цяпер лепш відаць. Новыя пакупнікі, часцей за ўсё, не пенсіянеры. Ім каля 30–40 гадоў, яны не хочуць градкі, але і не хочуць бачыць суседзяў. Ім цікавы домік, які можна прывесці ў парадак за вясну, каб ужо ўлетку дзецям было дзе гуляць. Хай не за 30, а за 50 кіламетраў ад Менску – лішнія 20 хвілінаў у дарозе не палохаюць, цішыня і свежае паветра – прыярытэт. І электрычка побач лічыцца хутчэй мінусам, чым плюсам. І яшчэ, людзі не гатовыя марнаваць на дачу шмат сродкаў, бо не плануюць там корпацца ў старым веку. Навучыліся лічыць. Калі можна купіць ўчастак за 1,5–5 тысячаў, замовіць туды новы каркасны дом пад ключ за 15, на камунікацыі выдаткаваць 3 тысячы – навошта плаціць больш за старое і чужое?

І для іх пачаў з’яўляцца новы пласт прапановаў – навюткія (або нядаўна рэканструяваныя) дачы з ўчасткамі, на якіх захаваныя дрэвы – чытай, дамы ў лесе. Гэта прадаўцы (не старэйшыя за патэнцыйных пакупнікоў) будавалі для сябе. Можна знайсці варыянты і за 20–25 тысяч. Відаць, што прадаюць за сабекошт. Нагуляліся ў дачнікаў ці з’язджаюць за мяжу і прадаюць за тую цану, якую гатовыя даць.

Закінуты склеп на падворку пакінутага дому без гаспадароў.
Фота: Васіль Малчанаў / Белсат

Старыя капітальныя дачы ў садовых таварыствах у 25-кіламетровай зоне ад першай кальцавой, на 9–10 сотках – мабыць, адзіныя, што цяпер у «глухой абароне». Іх і раней спрабавалі прадаваць за 45–70 тысяч, і цяпер яны застаюцца з такім цэннікам. Прадаўцы мяркуюць, што зрубы і дамы з белай цэглы пад савецкім шыферам – выдатны старт для тых, хто хоча ўжо не дачу, а дом пад Менскам для сталага пражывання. Праўда, попыт гэтага пакуль не пацвярджае.

Новыя дачы, як новыя кватэры, – усё яшчэ дорага

Апошнія гады ў больш-менш новых дачных масівах (дзе ўчасткі на 9–15 сотак), людзі бралі надзелы для будаўніцтва дамоў, у якіх можна жыць круглы год. У залежнасці ад «заможнасці» дачны кааператыў праводзіў газ, ваду, вулічнае асвятленне. Цяпер тут таксама складанасці з вызначэннем цаны продажу. «Уклалі ў дом 100 тысяч, праз усё гэта вось з’язджаем, трэба было хутка прадаць, прадалі за 60», – тыповая гісторыя.

У апошні «дачны» бум землі пад новыя таварыствы вылучаліся пераважна чыноўнікам і сілавікам. Зрэшты, баяцца, што будуць такія суседзі, часцей за ўсё не прыходзіцца – сілавікі прабівалі сабе камунікацыі і прадавалі надзелы, як толькі заканчвалася часовая забарона на перапродаж. Такі вось спосаб «кармлення». У самых бліжэйшых да Менску садовых таварыствах прададзена не менш за палову участкаў. І прадаецца нямала. Хочуць за такія ўчасткі 10–15 тысяч, а за 10–15 кіламетраў ад Менску – і 30–40. Попыт, праўда, на дарагія надзелы, мяркуючы з таго, што боўтаюцца яны ў базах некалькі гадоў, невялікі. А цяпер, калі нерухомасць падае ў кошце, будзе яшчэ меншы. Праселі ў кошце і катэджы, якія з’явіліся на гэтых участках. Цяпер тыя, хто сапраўды хоча прадаць, мараць хоць бы вярнуць выдаткаванае.

Фота: Васіль Малчанаў / Белсат

Можна і пачакаць

Карацей, сезон агляду дачаў адкрыты. Але прадаўцам не варта чакаць павышанага попыту на тое, што даражэйшае за 10 тысяч ці не прыдатнае для пражывання. Паўтаруся, змяніўся партрэт пакупніка. Лецішча для большасці патэнцыйных пакупнікоў – укладанне ў адпачынак і забаву, а не ў нерухомасць або ў харчовую бяспеку. А марнаваць шмат на забавы цяпер мала хто гатовы. З такімі перспектывамі дачы працягнуць таннець.

Наталля Літоўская / АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў