Варта рыхтавацца да наступных хваляў затрыманняў пад выбары і Дзень Волі – Алег Кулеша


У Беларусі 23 студзеня прайшла чарговая хваля ператрусаў і допытаў, пад пераслед сілавікоў трапілі сама меней 84 асобы, не менш як 37 асобаў затрымалі. Хваля працягнулася і 24 студзеня. Прадстаўнік асацыяцыі палітвязняў засцерагае: гэта можа быць толькі рыхтаванне да выбараў ці нечага іншага. На гэткім фоне праблема з візамі стала яшчэ вастрэйшай.

Алег Кулеша
Алег Кулеша на слуханнях Каардынацыйнай рады наконт вызвалення палітвязняў. Варшава, Польшча. 2 снежня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Спікер Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Алег Кулеша лічыць, што хваля ператрусаў і допытаў, найхутчэй, была рэпетыцыяй перад выбарамі ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы, запланаванымі на 25 лютага.

«Магчыма, гэта проста такая спецыяльная аперацыя дзеля таго, каб паспрабаваць, што можна зрабіць з насельніцтвам у час выбараў, – мяркуе ён. – Яны мусяць падрыхтавацца, неяк выпрабаваць гэтую сістэму масавых арыштаў, сістэму, калі будуць затрымліваць самых падазроных, на іхную думку, людзей».

Імаверна, сілавікі скарысталі звесткі пра дастаўку харчоў праз сэрвіс «Е-дастаўка» (якім карысталіся для падтрымання рэпрэсаваных і іхных сваякоў) і базамі грашовых пераводаў праз беларускія банкі.

Кулеша лічыць, што сілавікі скарысталі ўсе наяўныя цяпер магчымасці ў Беларусі, але сумняецца, што яны маюць доступ да звестак ініцыятываў і пераводаў за межамі краіны.

Ды чаму скарысталі цяпер, а не пад самыя выбары? У размовах між сабой, згадвае Кулеша, вызваленыя разважалі: можа, цяпер сілавікі «адсвяткавалі» дзень пачатку паўстання 1863–1864 гадоў. Суразмоўца дапускае, што могуць быць іншыя нагоды: хапун могуць рыхтаваць, напрыклад, да Дня Волі 25 сакавіка або да іншых падзеяў.

Як шукаць дапамогу цяпер?

Тым, хто хоча даваць ці атрымліваць дапамогу ў Беларусі, Кулеша раіць найперш сачыць за лічбавай бяспекай (свежыя парады «Кібепартызанаў» тут) і разумець рызыкі пляцовак, якімі можна скарыстацца.

«Самы лепшы варыянт на сённяшні дзень, я лічу, праз асабістыя стасункі», – кажа Кулеша пра шляхі дапамогі.

Як і ў часы да існавання пластыкавых картак, можна перадаваць наяўныя грошы з рук у рукі. Кулеша дадае: не ўсе шляхі дапамогі варта абмяркоўваць у медыях, цяпер у Беларусі «дапамога патрабуе цішыні».

У Беларусі звесткі пра дапамогу рэпрэсаваным распаўсюджваюцца праз «сарафаннае радыё», палітвязні па вызваленні захоўваюць кантакт, у краіне застаюцца людзі, гатовыя дапамагчы, адзначае Кулеша. Застаюцца таксама «парэшткі» ліквідаваных палітычных партыяў і грамадскіх рухаў.

Калі няма знаёмых і страшна карыстацца Telegram, на які сілавікі глядзяць у першую чаргу, можна карыстацца Facebook і Instagram (там таксама варта выдаляць паведамленні і гісторыю пошуку). Суразмоўца заклікае не баяцца шукаць дапамогі, а толькі ўважліва сачыць за бяспекай.

Галоўнае – па вызваленні не сядзець на месцы і шукаць шляхі эміграцыі, раіць Кулеша. Ён перакананы, што тым, хто адсядзеў паводле палітычных артыкулаў, у Беларусі не дадуць доўга заставацца на волі.

Агляд
Як бяспечна і небяспечна падтрымліваць пацярпелых ад рэпрэсіяў
2024.01.24 18:14

Дапамога патрэбная з грашыма і гуманітарнымі візамі

Тым, хто можа дапамагаць рэпрэсаваным з-за мяжы або бяспечна з Беларусі, варта гэта рабіць. Кулеша згадвае, як сам выходзіў на волю: адразу паўстала вялікая праблема з грашыма, аж трэсла ад разумення становішча, у якім ён быў.

На «хатняй хіміі» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову) чалавек яшчэ можа зарабіць амаль як на волі. На «хіміі» (абмежаванне волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу з прымусовай працай) яшчэ атрымліваюць нейкія грошы. Але зняволеным у калоніях і турмах – Кулеша называе іх словам «канцлагер» – не зарабіць грошай, а яны патрэбныя на перадачы, лекі, юрыдычныя паслугі.

«Чалавек, які трапіў у канцлагер, фактычна выцягвае ўсё са сваіх найбліжэйшых родзічаў, – канстатуе ён. – Адпаведна, калі вызваляецца, першая праблема, якая перад ім стаіць, гэта грашовае становішча».

Ён нагадвае, што ёсць і тыя палітвязні, якія зусім не маюць блізкіх, жывуць на самоце. Кулеша заклікае тых, хто можа, дапамагаць найперш такім самотным людзям. І не крыўдаваць, што чалавек па вызваленні будзе вельмі насцярожана ставіцца да спробаў дапамагчы.

Перад чалавекам па вызваленні паўстае і праблема дакументаў ды візаў, працягвае суразмоўца. Візы ў Еўразвяз у Беларусі менавіта цяпер вельмі праблематычна атрымаць. Ёсць і тыя, каму патрэбная тэрміновая эвакуацыя – літаральна за дзве-тры гадзіны да магчымага затрымання. Ім даводзіцца з’язджаць у менш бяспечныя краіны, у якіх атрымаць візы ў Еўразвяз таксама няпроста. З эвакуацыяй, канешне, дапамагаюць фонд «BYSOL» і іншыя ініцыятывы, але яны не адказныя за выдачу візаў.

Польшча цяпер, заўважае Кулеша, усё яшчэ не выдае гуманітарных візаў грамадзянам Беларусі, у тым ліку ў трэціх краінах. А Польшча, заўважае суразмоўца, застаецца найлепшым прытулкам для беларускіх палітычных уцекачоў, бо ў ёй ёсць шмат праграмаў падтрымання, падобная мова і падобны лад жыцця, моцная эканоміка, а палякі добра разумеюць беларусаў і прыязна ставяцца да іх, не ўзнікае пытанняў накшталт «ліцвінізму» ў Літве. Кулеша кажа, што яму цяжка пераносіць знікненне шляху для ратавання людзей, таму візавую праблему ставіць на першае месца.

Ён ведае, што Аб’яднаны пераходны кабінет і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне спрабуюць уладкаваць сітуацыю з візамі, але ў многіх беларусаў «няма часу чакаць, пакуль польскае Міністэрства замежных справаў вызначыцца, што і як трэба рабіць». Кулеша заклікае беларусаў за мяжой «грукацца ва ўсе адчыненыя і зачыненыя дзверы», звяртацца ў міністэрствы і амбасады і расказваць пра праблему беларусаў з візамі.

Разбор
Што рабіць, калі ў Беларусі заблакуюць YouTube, Facebook ці Telegram – і як паставіць VPN
2024.01.12 10:36

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў